Там, дзе сушаць хлеб. «ЛВ» пацікавіўся, як зернесушыльныя комплексы Ляхавіцкага раёна падрыхтаваны да збожжаўборачнай кампаніі-2021

Жніўны ланцужок «поле – дарога – элеватар» менавіта на ЗСК мае сваё лагічнае завяршэнне. «ЛВ» пацікавіўся, як зернесушыльныя комплексы раёна падрыхтаваны да збожжаўборачнай кампаніі-2021.

– Пачну з таго, што першачарговая ўвага і спецыялістаў, і работнікаў ЗСК звяртаецца на бяспеку. Усе праінструктаваны і працуюць з допускам. У сельгаспрадпрыемствах раёна 21 стацыянарны ЗСК і шэсць мабільных перасоўных. Сілкуюцца яны газам, дызпалівам і дровамі. Самы багаты арсенал у ААТ «Жарабковічы» – шэсць сушылак, СВК «Ляхавіцкі» – пяць. Кожная тэхнічна аснашчана і поўнасцю ўкамплектавана кадрамі, большасць з якіх далёка не першы год задзейнічана на жніве, – расказвае галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Сяргей Шушпаннікаў.

Чысцінёй і парадкам сустракае тэрыторыя зернятоку СВК «Ляхавіцкі», дзе размясціліся ўсе тутэйшыя ЗСК. Ад’язджае аўтамабіль, напоўнены алейным насеннем рапсу.

– У перапрацоўцы рапсу пастаўлена ўжо кропка. Сёлетняя ўраджайнасць гэтай культуры, канешне, крыху не задаволіла – 27 цэнтнераў з гектара. Летась збіралі 36 цэнтнераў на круг. Год на
год не прыпадае… Рапс – культура запатрабаваная, пойдзе на продаж, – адзначае старшыня гаспадаркі Іван Вітко.

Анатолій Герасімовіч уважліва сочыць за звыклым працэсам – як сушыцца зерне. Сёлетні сезон у якасці аператара ЗСК для інжынера па працаёмкіх працэсах 32-і па ліку. За гэты перыяд Анатолій Герасімовіч неаднаразова станавіўся адным з лепшых як у раённым, так і абласным спаборніцтве сярод аператараў зернесушыльных комплексаў.

– М-819, на якім зараз працую з напарнікамі, лічы, равеснік майго стажу ў якасці аператара. Нягледзячы на ўзрост, комплекс дае належную аддачу. Важна клапаціцца пра абсталяванне. Тэхніку, дзе трэба, – падрамантаваць, дзе адрэгуляваць, дзе пафарбаваць. Стараемся. Цяпер за змену перапрацоўваем каля 80 тон зерня, – адзначае Анатолій Іванавіч.

Больш за 25 сезонаў у адной камандзе з ім шчыруе Леанід Юнік. Стараюцца, адказна выконваюць свае абавязкі і Вячаслаў Радзівон, Іван Рабцэвіч. Гэта чацвёрка працуе і на мабільных комплексах.
На комплексе СЗШ-16 гаспадараць Аляксандр Ходар і Міхаіл Бурбіцкі, а на ЗАВ-40 Дзмітрый Чаранкевіч і Іван Пляшко. Устаноўкі дзейнічаюць па дзве змены, кожная працягласцю па 12 гадзін, такі ж распарадак і ў аператараў. Прыняць свежанамалочаны ўраджай, размеркаваць яго, уключыць неабходную магутнасць, час ад часу вільгацеметрам правяраць гатоўнасць і даводзіць да кандыцыі –
са сваімі асноўнымі задачамі аператары ЗСК спраўляюцца на выдатна.

– Сёлета пакуль маем нязвыкла нізкую для нашай гаспадаркі ўраджайнасць. Тым больш з улікам гэтага стараемся максімальна ашчадна – да апошняга зярнятка – сабраць хлеб і перапрацаваць. І для выканання дзяржзаказу, і для ўласных патрэб збожжа павінна быць добрай якасці. Таму на аператараў ЗСК ускладзена надзвычай адказная місія, – гаворыць кіраўнік «Ляхавіцкага».

За бесперапынным на працягу сутак працэсам пільна сочыць загадчык зернятоку Аксана Ламанос. Яна адна з самых маладых удзельнікаў збожжаўборачнай кампаніі і новы твар у фотааб’ектыве «ЛВ». Сёлетняе жніво трэцяе ў яе прафесійнай біяграфіі. Выпускніца Ляхавіцкага ЛДАКа працуе ў СВК аграномам-насенняводам.

– Нават крыху крыўдна. І насенне добрых гатункаў, і ўсе агратэхнічныя патрабаванні выканалі – не забыліся пра падкормку, удабрэнні, апрацавалі ад шкоднікаў. Калі б не такая гарачыня, напэўна, ураджайнасць была б лепшая, а агульны намалот больш важкім. Зараз асаблівай дасушкі і не трэба, зернеі так сухое. У сярэднім за дзень на зерняток прыязджае больш за 20 рэйсаў з палёў, – расказвае Аксана Ламанос.

На раённай жніўнай дошцы гонару лідарамі пакуль з’яўляюцца зернесушыльшчыкі з ААТ «Жарабковічы», ЗТАА «БелДан». Але не выключана, што яе ўпрыгожаць новыя прозвішчы. Жніво ў разгары.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.