Беражыце сябе – выконвайце правілы АП
З улікам таго, што работы ў перыяд уборачнай кампаніі ў арганізацыях АПК з’яўляюцца адказнымі і працяглымі па часе, а тэхналогіі прадугледжваюць выкарыстанне складаных механізмаў і агрэгатаў, неабходна ашчадна падыходзіць да мерапрыемстваў па забеспячэнні аховы працы. На ўсіх этапах работ абавязковае выкананне ўстаноўленых патрабаванняў аховы працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
Асаблівую ўвагу неабходна надаваць пытанням допуску да эксплуатацыі сельгастэхнікі. На жаль, даводзіцца канстатаваць факты няшчасных выпадкаў, якія адбыліся ў выніку допуску да эксплуатацыі тэхнічна няспраўных збожжаўборачных комплексаў.
Варта таксама адзначыць і грубыя парушэнні патрабаванняў інструкцый па ахове працы з боку пацярпелых работнікаў. Напрыклад, здараецца, што ачыстка ўручную вальцаў сілкуючага апарата камбайна ад раслінных рэшткаў ажыццяўляецца пры працуючым рухавіку, што недапушчальна. Адна справа, калі работнікі навучаны бяспечным метадам працы, але пры гэтым парушаюць патрабаванні інструкцый, а іншая, калі работнік парушае патрабаванні АП і не ведае пра гэта, паколькі перад допускам не быў навучаны, не прайшоў інструктаж, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы.
Варта памятаць і пра выкананне рэжыму працы і адпачынку. У загадзе аб арганізацыі работ у начны час павінна быць звернута ўвага на неабходнасць складання графікаў работ у дзённы і начны час з абавязковым захаваннем мінімальнай працягласці штодзённага адпачынку паміж зменамі і выхаднымі. А артыкул 125 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь патрабуе, каб працягласць змены складала не больш за 12 гадзін – за выключэннем устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь асобных катэгорый работнікаў. Пры гэтым мінімальная працягласць штодзённага адпачынку паміж зменамі павінна разам з перапынкам на абед складаць не менш як двайную працягласць часу работы ў папярэднюю змену.
За першае паўгоддзе 2021 года на прадпрыемствах Ляхавіцкага раёна зарэгістраваны два няшчасныя выпадкі, якія не адносяцца да ліку цяжкіх вытворчых траўмаў (СВК «Ляхавіцкі» і УБП «ПМК-13» ААТ «Пінсксаўгасбуд»). У ходзе расследавання ўстаноўлены прычыны няшчасных выпадкаў. Па СВК «Ляхавіцкі» імі сталі непрадказальныя паводзіны жывёлы ў момант перагону з выгульнай пляцоўкі ў памяшканне жывёлагадоўчай фермы. А ў адносінах ПМК-13 – парушэнне пацярпелым Інструкцыі па ахове працы для тынкоўшчыкаў (ён працаваў на рыштаваннях са зрушаным элементам драўлянага насцілу). За дапушчаныя парушэнні заканадаўства аб ахове працы да адміністрацыйнай адказнасці са штрафам прыцягнуты старшы прараб прадпрыемства, дзве адказныя асобы панеслі дысцыплінарныя пакаранні. За аналагічны перыяд 2020 года вытворчыя траўмы атрымалі шэсць працаўнікоў прадпрыемстваў Ляхавіччыны. З іх дзве – цяжкія (ФГ «Уладзімір плюс» і ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі») і чатыры, якія не адносяцца да ліку цяжкіх вытворчых траўмаў (ААТ «Жарабковічы» – два выпадкі, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», КСУП «Ліпнянка»).
Зыходзячы з аналізу прычын няшчасных выпадкаў, што адбыліся ў перыяд уборачных кампаній, у мэтах прафілактыкі вытворчага траўматызму Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы лічыць дарэчным прызначаць асоб, што займаюць пасады, адказнымі за бяспеку працы падчас уборачных работ. Мэтазгодным бачыцца прывядзенне пазапланавых інструктажаў з работнікамі – у тым ліку і часова задзейнічанымі з іншых арганізацый. Павінна дзейнічаць забарона на эксплуатацыю сельгастэхнікі, якая не адпавядае патрабаванням бяспекі, не прайшла тэхнічны агляд у Дзяржтэхнаглядзе. Да работы на збожжаўборачных камбайнах могуць быць дапушчаны трактарысты-машыністы сельгасвытворчасці, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, маюць катэгорыю D на права кіравання. З трактарыстамі-машыністамі патрэбна правесці дадатковае навучанне па бяспечным, у строгай адпаведнасці з патрабаваннямі заводаў-вытворцаў тэхнікі, выкананні аперацый. Неабходна арганізаваць правядзенне перад- і паслярэйсавых медыцынскіх аглядаў, перадзменных медабследаванняў працаўнікоў на прадмет знахо-джання ў стане алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення. Работнікі ў стане ап’янення, а таксама якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку медагляд, навучанне, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях АП, не карыстаюцца выдадзенымі сродкамі індывідуальнай аховы, не павінны дапускацца да рабо-ты. Неабходна распрацаваць маршруты руху тэхнікі з аднаго ўчастка вытворчасці на іншы, арганізаваць кантроль за тым, наколькі яны вытрымліваюцца.
Занятыя на ўборцы павінны быць забяспечаны спецыяльным адзеннем і абуткам, сродкамі індаховы ў адпаведнасці з устаноўленымі нормамі. Неабходна вызначыцца з месцамі для адпачынку, курэння, прыёму ежы, а месцы вядзення работ забяспечыць аптэчкамі першай медыцынскай дапамогі. Адпачынак работнікаў на стагах, сціртах, у зоне руху транспартных сродкаў і іншых неўстаноўленых месцах не дапускаецца.
Усё патрэбна трымаць пад кантролем: працоўную і вытворчую дасцыпліну, выкананне работнікамі патрабаванняў лакальных нарматыўных прававых актаў па ахове працы. Усё павінна адпавядаць Правілам – па ахове працы пры вытворчасці і пасляўборачнай дапрацоўцы прадукцыі раслінаводства, зацверджаным пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2008 года № 36.
Эдуард СЛІВА, галоўны дзяржінспектар Баранавіцкага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.