Рэйкі-рэйкі, шпалы-шпалы. Сваё прафесійнае свята адзначаюць ляхавіцкія чыгуначнікі

Гэтыя рэчы для чыгункі – крытычна неабходныя, першы сімвал. Толькі ўсё ж, не самыя галоўныя. Па іх едуць, але «вязуць» не яны, а людзі, у якіх заўтра прафесійнае свята, – чыгуначнікі. Нясуць сваю адказную, кругласутачную вахту гарачым летам і падчас зімовай сцюжы. Ім характэрны ледзь ці не секундная дакладнасць і максімальная ашчаднасць следавання мноству інструкцый і рэгламентаў.

За дзень-другі да свята «ЛВ» пабываў на чыгуначнай станцыі «Рэйтанаў».

Эдуард Лагвіновіч.

– За амаль чвэрць стагоддзя на чыгунцы ўсё, што на першых  кроках выклікала, часам, здзіўленне, стала звыклым. Работай, да якой неабходна адносіцца добрасумленна, а выконваць прафесійна, – падзяліўся начальнік чыгуначнай станцыі Эдуард Лагвіновіч, чый партрэт сёння занесены на Дошку гонару Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.

Чыгуначную службу ён пачынаў пасля службы вайсковай, тут жа, на пачатку ўжо далёкага 1998-га, з пасады дзяжурнага па станцыі.

– Прыехаў з Ганцавіцкага раёна. «Пабудаваў» сям’ю, узвёў дом. Жыву ў пяці мінутах хады ад месца працы, – расказвае Эдуард Васільевіч. Робіць гэта ў моманты зацішша – калі на паўзе знаходзяцца дынамікі гучнай сувязі, калі маўчаць тэлефоны, якіх на стале дзяжурнага па станцыі цэлы шэраг. Так, на час працоўнага водпуску кагосьці са штатных дзяжурных па станцыі іх абавязкі ўскладае на сябе начальнік. 

Прызнаецца, што прымяраць на сябе час ад часу фуражку з чырвоным верхам – абавязковы элемент форменнага адзення дзяжурнага па станцыі – незвычайным не з’яўляецца. Дапамагаюць веды, працяглы «штатны» вопыт мінулых гадоў і рэгулярная цяперашняя практыка.

Чыгуначны «Рэйтанаў» адносіцца да ліку прамежкавых станцый чац-вёртага класа з грузавой работай. Апошняе азначае, што маюцца магчы-масці для перавалкі грузаў. Чым актыўна – практычна штодзень – карыстаецца па частцы брыкету ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі», рэдка і, як правіла, сезонна – перавозчыкі зерня.

І гэта апроч таго, што на станцыі «Рэйтанаў» кожныя суткі сустракаюць-праводзяць каля паўсотні цягнікоў, з якіх два дзясяткі пасажырскія. Згадзіцеся, не жартоўная нагрузка на рэйкі і, што галоўнае, работнікаў станцыі. А іх усяго та сем чалавек: начальнік, чатыры дзяжурныя па станцыі, прыёмаздатчык грузаў і багажу і станцыйны рабочы. Усіх іх «Ляхавіцкі веснік» шчыра віншуе з прафесійным святам. Для большасці з іх гэты дзень стане выхадным.

Але не для ўсіх – спецыфіка чыгуначнай службы.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.