Тут правіць бал. У Ляхавіцкім аграрным каледжы ўступная кампанія стартавала 20 ліпеня

У кожнага летнія клопаты свае: хтосьці праводзіць дні за плённай працай у садах-агародах, для кагосьці гэта час адпачынку актыўнага ці ціхамірнага. А вось для выпускнікоў лета – пара адказная. І хоць за плячыма школьныя экзамены, выпускны баль, здача ЦТ і атрыманне сертыфікатаў, наперадзе – не менш хвалюючая фінішная прамая – паступленне ў выбраную навучальную ўстанову.

У Ляхавіцкім аграрным каледжы ўступная кампанія стартавала 20 ліпеня. Сёлета на агранамічнае (у тым ліку, спецыяльнасць «плодаагародніцтва»), заатэхнічнае, ветэрынарнае аддзяленні плануецца набраць 156 навучэнцаў.

Геаграфія будучых каляджан шырокая: дакументы падалі рабяты з Баранавічаў і Ляхавічаў, Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Столінскага раёнаў.

Самы высокі сярэдні бал – 9,2 – сёлета ў ляхавічанкі, якая паступае на ветэрынарнае аддзяленне. Дарэчы, спецыяльнасць «ветэрынарная медыцына» карыстаецца попытам у абітурыентаў. Па стане на 29 ліпеня, на 29 месцаў для тых, хто паступае пасля базавай адукацыі, прэтэндуе 34 чалавекі.

Прыём дакументаў на аснове базавай адукацыі завершыцца 3 жніўня, для тых, хто паступае пасля атрымання агульнай сярэдняй ці прафесійна-тэхнічнай адукацыі, апошні дзень падачы дакументаў – 12 жніўня.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.