Кузня перадавікоў. На раённай Дошцы гонару нямала хлебаробаў з «БелДана»

Павел Канцэлярчык і Андрэй Калясінскі.

Цішыню бяскрайняй прасторы жніўнага поля павольна напаўняе гул магутнага «Нью холанда». За штурвалам 28-гадовы механізатар ЗТАА «БелДан» Павел Канцэлярчык. Для яго жніво-2021 у хлебаробскай кар’еры – дзявятае, а непасрэдна ў «БелДане» – трэцяе (раней працаваў механізатарам у «Востраве-Агра»). Павел сціпла прымае віншаванне з першай маладзёжнай намалочанай тысячай:

– Працую, як умею, стараюся, сваю работу люблю, інакш не займаўся б гэтай справай. Канешне ж, рады. Хаця шкада, што спёка «падпаліла» зерне, думалі будзе большая ўраджайнасць. Падабаецца тэхніка, на якой працую, – камфортная, магутная. У параўнанні з той, на якой працаваў раней, гэта асілак. Таму і вынік адпаведны.

Яшчэ адзін са стымулаў для рэкордаў – канкурэнцыя, прычым з сямейным ухілам. У пагоні за братам Канцэлярчык-малодшы –26-гадовы Пётр, які на сваім КЗС-1218 намалаціў 284 тоны і займае трэцяе месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых камбайнераў. 

Павел Канцэлярчык першым сярод маладых камбайнераў на Ляхавіччыне намалаціў тысячу тон збожжа. Дарэчы, не згубіўся ён і ў «дарослым» спаборніцтве – ідзе на трэцім месцы ў раёне.І ён не адзіны перадавік з белданаўскім адрасам. Першая сёлетняя перавезеная маладзёжная тысяча тон збожжа таксама тутэйшая. Аўтар – вадзіцель Андрэй Калясінскі. Андрэй таксама не навічок жніўнай кампаніі, прайшоў механізатарскую загартоўку зноў жа ў колішнім СВК «Востраў-Агра».

– На ўборцы мой працоўны дзень звычайна пачынаеццаў шэсць гадзін раніцы, а то і раней.Спачатку раблю ўсе механізатарскія справы на ферме – асноўнае месца працы, потым, у 10-11 гадзін, як толькі поле дазваляе, адпраўляюся на МТЗ-3022 па жніўным маршруце, – расказвае Андрэй Калясінскі.

Цёпла і сардэчна павіншаваў маладых тысячнікаў Паўла Канцэлярчыка і Андрэя Калясінскага і ўручыў падарункі і вымпелы перадавікоў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык. Ён выказаў спадзяванне, што новыя перамогі не прымусяць сябе чакаць. А ў наступным годзе агранамічная служба сельгаспрадпрыемства папрацуе над тутэйшай ураджайнасцю. Словы шанавання і падзякі – ад старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Чура. Ад імя райкама ГА БРСМ павітала маладых камбайнера і вадзіцеля першы сакратар Дар’я Марозава. Гучалі шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас усіх работнікаў «БелДана», якія ўдзельнічаюць у жніве, ад супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Песенна-музычны падарунак ад народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Крыніца» ГДК – на радасць усім.

Сёлетні збожжавы клін сельгаспрадпрыемства – пшаніца, авёс, ячмень, трыцікале – раскінуўся на 2025 гектарах. На ўборцы задзейнічаны пяць камбайнаў і тры адзінкі тэхнікі для адвозкі ўраджаю, які даводзіць да патрэбных кандыцый адзін зернесушыльны комплекс. Нягледзячы на тое, што зямля, замацаваная за ЗТАА «БелДан», не надта ўрадлівая, тутэйшыя рупліўцы хлебнай нівы ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару на жніве.

За дзень прыкладна 5-6 рэйсаў па маршруце «поле – элеватар» праязджае Аляксандр Азарчык.

– Для мяне гэта дзявятая ўборка. Кожная мае свае асаблівасці, ёсць і агульнае – трэба працаваць,не лічыцца з часам, а выкарыстоўваць любую хвіліну спрыяльнага надвор’я. Для работнікаў створаны добрыя ўмовы. Двойчы на дзень атрымліваем смачнае бясплатнае харчаванне, упэўнены і ў добрай зарплаце, – адзначае Аляксандр Азарчык.

Самаму вопытнаму ўдзельніку сёлетняга жніва на «БелДане» – яшчэ аднаму Аляксандру Азарчыку (бацьку і цёзку вадзіцеля-перадавіка) – 61 год, ён у адказе за пажарную бяспеку. А самы малады ўдзельнік уборачнай – студэнт-практыкант Горацкай сельгасакадэміі, будучы інжынер сельскай гаспадаркі Ілья Трафімаў – камбайнер.

– Канешне, у нашай вадзіцельскай справе хуткасць – неабходны складнік, але важная і акуратнасць у перавозцы зерня, асабліва ў такі не вельмі ўраджайны год, – з веданнем справы гаворыць Аляксандр Азарчык, чый механізатарскі стаж –больш за чатыры дзесяцігоддзі.

Зернесушыльны комплекс «БелДана» NECO D1680 адзін, але дзесяці варты. Добра ведаюць і выдатна выконваюць сваю сушыльную справу аператары Уладзімір Галенка, Андрэй Вайцешык і Дзмітрый Азарчык,якія агульнымі намаганнямі перапрацавалі 3235 тон збожжа. І пакуль гэта першы радок раённай жніўнай Дошкі гонару.

З году ў год працаўнікі ЗТАА «БелДан» паказваюць унушальныя вынікі на хлебнай уборцы – яны любяць сваю справу і робяць яе па-майстэрску.

Андрэй Вайцешык.
Пётр Канцэлярчык.
Аляксандр Азарчык.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.