Правазнаўца з 1 «Б». Юны ляхавічанін заняў 3 месца ў рэспубліканскім конкурсе відэаролікаў «Прававы лайфхак «У мяне шчаслівае дзяцінства – гэта маё права»

З 1 чэрвеня па 30 ліпеня на пляцоўцы дзіцячага прававога сайта mir.pravo.by праходзіў рэспубліканскі конкурс відэаролікаў «Прававы лайфхак «У мяне шчаслівае дзяцінства – гэта маё права». Арганізатарам конкурсу выступіў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі сумесна з Міністэрствам адукацыі, Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў, Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў і Белтэлерадыёкампаніяй.

У конкурсе прымалі ўдзел дзеці і падлеткі ад шасці да 17 гадоў. Рабяты дзяліліся лайфхакамі, як правільна, з карысцю і ў рамках закону рэалізаваць свае правы і абавязкі, а таксама як клапаціцца пра здароўе, набыць прававую граматнасць, атрымаць прававую дапамогу, эфектыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. З 293 заявак, якія паступілі з усіх рэгіёнаў Беларусі, журы выбрала 17 работ-пераможцаў у трох узроставых катэгорыях і дадаткова ў чатырох намінацыях.

Сярод пераможцаў гучала імя ляхавічаніна. Навучэнец 1 «Б» класа СШ № 2 Мацвей Ланкуць заняў трэцяе месца ва ўзроставай катэгорыі ад шасці да дзесяці гадоў у намінацыі «Маё шчаслівае дзяцінства». Свой ролік хлопчык зрабіў у выглядзе відэаблога, дзе расказаў пра свае правы, паказваючы прыклады з жыцця.

Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў Белтэлерадыёкампаніі 30 ліпеня. Ляхавічаніну падарункі ўручыў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай.

Акрамя падарункаў ад арганізатараў і партнёраў мерапрыемства, для хлопчыкаў і дзяўчынак правялі экскурсію і майстар-класы ад вядомых тэлевядучых.

– Спадабалася экскурсія, мы прайшлі па ўсіх павільёнах кампаніі, убачылі ўсе галоўныя студыі, пазнаёміліся з гісторыяй радыё і тэлебачання нашай краіны, – дзеліцца ўражаннямі Мацвей.

Старт у першакласніка выдатны, будзем чакаць яшчэ перамог юнага ляхавічаніна.

Ірына КУЗЬМІЧ.