Актыўны сацыяльны дыялог

Нядаўна Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам. Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, і стварэнне прафсаюзных пярвічак у прыватным сектары. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што гэта тэма ўздымалася неаднойчы.

Міхаіл Орда лічыць станоўчым працэс стварэння прафсаюзных пярвічак у прыватных структурах. За мінулы год іх колькасць вырасла на 2,9 тысячы.
Для забеспячэння эфектыўнага сацыяльнага дыялогу важна, каб ва ўсіх сферах эканомікі былі створаны прафсаюзныя арганізацыі. Старшыня ФПБ адзначыў, што прафсаюзы валодаюць дастатковымі рэсурсамі і кампетэнцыямі, каб адстаяць, абараніць інтарэсы работнікаў, у тым ліку і перад наймальнікамі. Па яго словах, у мінулым годзе прававая інспекцыя больш за
400 разоў прадстаўляла інтарэсы работнікаў у судах. Каля 80 незаконна звольненых адноўлены на працоўных месцах. Вернута 4,8 мільёна рублёў незаконна ўтрыманых ці нявыплачаных сродкаў. Усе гэтыя прыклады – пацвярджэнне таго, наколькі рэальную сілу ў падтрымцы інтарэсаў працоўных мае самая масавая грамадская арганізацыя краіны – прафсаюзы.
Як у Ляхавіцкім раёне вырашаюцца прафсаюзныя пытанні, расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк:
– У любым калектыве, незалежна ад формы ўласнасці прадпрыемства ці арганізацыі, неабходна стварэнне прафсаюзных пярвічак, каб прадстаўляць інтарэсы працаўніка. Зараз у Ляхавіцкім раёне 89 прафсаюзных пярвічак, у якія аб’яднаны звыш 7300 ча-
лавек. Самая масавая пярвічка – УАЗ «Ля-
хавіцкая ЦРБ», а самая невялікая –
у ТАА «Ібіра», дзе тры работнікі.
Летась і сёлета на Ляхавіччыне створана 14 новых пярвічак, прычым 12 з іх на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці. Прафсаюзы цяпер ёсць у ТАА «Ібіра», «ТМТ», «Фермент», «Бляшаначны завод «Інтэрлак», завод «Металапластмас», «Мясакамбінат Ляхавічы», «ЛяхавічыДрэўЭкспарт», ПВГУП «Белгранітсэрвіс», «Шумілаў», ПГУП «Влата-аўто», «Цвірко і К», «Гандлёвы дом «Уладзімір». Прычым, напрыклад, прафсаюзныя пярвічкі мясакамбіната, «Інтэрлака» актыўна ўключыліся ў грамадскую дзейнасць.
Яшчэ адзін бясспрэчны плюс стварэння прафсаюзных пярвічак – заключэнне калектыўнага дагавора паміж наймальнікам і прафсаюзам, які і прадстаўляе інтарэсы работнікаў. У трох арганізацыях, дзе нядаўна з’явіліся прафсаюзныя пярвічкі, заключаны калектыўныя дагаворы: у «Ібіры», на мясакамбінаце, у Крывошынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Працуем над тым, каб такія ж дакументы былі прыняты і ў іншых арганізацыях.
Ёсць і такія прыватныя арганізацыі, дзе кіраўніцтва катэгарычна адмаўляецца ад стварэння прафсаюзных пярвічак. У чым прычыны? Магчыма, у тым, каб схаваць пэўныя парушэнні. Але, тым не менш, будзем прыкладаць намаганні, каб як мага паўней ахапіць прафсаюзным рухам калектывы раёна.
Яшчэ адна ўзнятая падчас рабочай сустрэчы Кіраўніка дзяржавы і лідара прафсаюзаў Беларусі важная тэма тычылася рэакцыі ФПБ на санкцыйную палітыку Захаду ў адносінах да нашай краіны. Прэзідэнт падзякаваў прафсаюзам за актыўную работу ў плане супрацьдзеяння санкцыям, адзначыў, што быў пачуты голас не толькі прафсаюзных лідараў, але і непасрэдна працаўнікоў, калектываў. Па меркаванні
Аляксандра Лукашэнкі, такая маштабная рэакцыя беларусаў, бясспрэчна, прынясе свае станоўчыя вынікі.
Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Высокую актыўнасць праявілі і жыхары Ляхавіччыны. Дзясяткі відэаролікаў былі зняты на розных прадпрыемствах, у арганізацыях, установах, дзе ёсць прафсаюзныя пярвічкі. Сваё меркаванне супраць санкцый Захаду выказалі сотні нашых землякоў. І гэта чарговае пацвярджэнне, што людзям неабыякавы лёс сваёй краіны і тое, якім будзе заўтрашні дзень іх дзяцей, унукаў і ўсёй Беларусі. Найбольшую актыўнасць праявілі сельгаспрадпрыемствы нашага раёна, некаторыя з якіх знялі па некалькі відэазваротаў. Асабліва адметныя відэаролікі падрыхтавалі работнікі ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», Ляхавіцкага лясгаса.
Галіна КАНЬКО.