Захавальнікі скарбаў. На Рэйтанаўскім вытворчым участку ААТ «Баранавічхлебапрадукт» пачаўся перыяд масавай прыёмкі зерня новага ўраджаю.

Гэта адасобленая на прычыгуначным ускрайку Русінавіч тэрыторыя ўяўляецца дастаткова ціхім і спакойным месцам. Пра тое, што тут «схавана» вытворчасць, выпадковаму чалавеку могуць нагадаць высокія і бачныя на адлегласці, яўна прамысловага прызначэння збудаванні. Ды, магчыма, не частыя на працягу большасці месяцаў года аўтамабілі ў напрамку туды-адтуль.

Усё мяняецца, пачынаючы, прыкладна, з сярэдзіны лета. Куды больш інтэнсіўным становіцца аўтамабільны трафік, колькасць работнікаў павялічваецца ў паўтара раза, людзі пераходзяць на рэжым працы «амаль без выхадных». Гэта азначае адно: на Рэйтанаўскім вытворчым участку ААТ «Ба-ранавічхлебапрадукт» пачаўся перыяд масавай прыёмкі зерня новага ўраджаю.
Але спачатку пра ўраджай «стары» –2020 года.
– Толькі што завяршылі загрузку чыгуначнага вагона. Чарговыя каля 70 тысяч тон жыта ўраджаю мінулага года адпраўлены ў Мінск. Летась зерне было прынята, дапрацавана, працяглы час захоўвалася. І вось прадаём. Участак мае ўласныя, у тым ліку і тэхнічныя, магчымасці для ажыццяўлення вагонапагрузачных работ, – растлумачыла кладаўшчык Кацярына Снацкая.
Рэйтанаўскі «хлебны» ўчастак запраграмаваны на прыёмку зерня, яго, у выпадку неабходнасці, дасушку і захоўванне. Апошняя задача вырашаецца не проста, у шматлікіх клопатах, але заўсёды надзейна. Чаму садзейнічае «сетка» складскіх памяшканняў агульнай масай да 40 тысяч тон зерня. Большасць з іх стаіць на службе захаванасці ўраджаю палёў не адно дзесяцігоддзе. А тры магутныя металічныя ёмістасці-цыліндры ўзведзены ўжо ў навейшым часе. Усе разам могуць прыняць на захоўванне 15 тысяч тон зерня.
– Пакуль часткова запоўнены толькі адзін з трох адасобленых аб’ёмаў. ТАА «Аграпрадукт» захоўвае ў нас рапс. Прадпрыемства з’яўляецца буйным і вядомым у краіне перапрацоўшчыкам насення алейных культур, –гаворыць Кацярына Снацкая.
Перш чым трапіць на склад, зерню каласавых культур, аўсу, насенню таго ж рапсу патрэбна прайсці пэўны шлях па Рэйтанаўскім вытворчым участку. Са збожжам, што толькі паступіла з палетка ці зернятоку гаспадарак, першымі знаёмяцца пробаадборшчыкі. Пасада сезонная, і, як правіла, на яе прыходзіць нехта з ліку мясцовай студэнцкай моладзі. Здабытыя з глыбінь аўтамабільнага кузава пробы дастаўляюцца ў лабараторыю прадпрыемства, даследуюцца па шэрагу характарыстык на якасць, з пункту погляду засмечанасці, вільготнасці. Апошні момант з’яўляецца крытычна важным, паколькі ўраджай з павышаным утрыманнем вільгаці ніяк не можа быць складзіраваны.
– Працэнт складской вільготнасці зерня не павінен быць большым за 12-13 пунк-таў. У дачыненні алейнага насення рапсу патрабаванні яшчэ больш жорсткія – усяго 6-7 працэнтаў. Таму ў пераважнай колькасці выпадкаў, як правіла, паступаючы ўраджай даводзіцца дасушваць-дапрацоўваць на месцы. Такой магчымасцю прадпрыемства валодае ў поўнай меры – у нас працуе дастаткова сучасны і параўнальна новы зернесушыльны ачышчальны комплекс «ЗСК-30», – здаецца, кладаўшчык ведае пра сваё прадпрыемства ўсё.
У наш і шэраг папярэдніх прыезду дзён галоўнымі партнёрамі Рэйтанаўскага вытворчага ўчастка ААТ «Баранавічхлебапрадукт» выступалі структуры беларуска-дацкага прадпрыемства. ЗТАА «БелДан» і размешчанае ў Баранавіцкім раёне ТАА «Белдан-агра» дастаўлялі на ўчастак зерне аўса на дапрацоўку і захоўванне.
– У гэтым годзе прыёмка праходзіць адносна спакойна. Машыны прыбываюць больш-менш роўным патокам, у сярэднім – каля 20 за дзень. Пры гэтым удакладню, што працоўны дзень у нас пачынаецца ў 8, а завяршаецца ў 24 гадзіны – высокі сезон, – завяршае Кацярына Снацкая.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.