На шляху да завяршэння. «ЛВ» пабываў у навасёлкаўскіх хлебаўборшчыкаў

Жніва ў раёне застаецца на дзень-два ўдарнай працы. Пры ўмове, што надвор’е пасадзейнічае – нябёсы ўстрымаюцца ад дажджоў. Ну колькі можна? Па стане на пазаўчора, у раёне нязжатай заставалася адносна невялікая палоска збажыны. Усяго гектараў 200, размешчаных ва ўгоддзях ААТ «Шлях новы». Усе астатнія нашы аграрыі маюць права святкаваць дажынкі.

А пад завяршэнне мінулага тыдня «ЛВ» пабываў у навасёлкаўскіх хлебаўборшчыкаў. Мелі магчымасць глядзець, слухаць, рабіць некаторыя высновы. Напрыклад, была ўпэўненасць, што з абмалотам 100-гектарнага пад вёскай Сакуны пшанічнага поля атрымаецца справіцца тым жа днём.

– Спадзяёмся ўбраць – вырашальнае слова за надвор’ем. Як бачыце, сённяшні выхад камбайнаў адбываецца некалькі пазней звычайнага. Гэта прамыя вынікі «работы» ўчарашняга дажджу: каласы павінны, як належыць, падсохнуць, абветрыцца. А сонца ўжо не тое, што было на першых тыднях уборкі. Ды і працягласць дзён сёння адрозніваецца ад той, што была ўчора – уборачная раніца ў камбайнаў пачынаецца пазней, а вечар заканчваецца ці не на гадзіну раней. «Стамілася» тэхніка, стаміліся людзі – хочацца завяршэння, – без радасці ў голасе гаворыць начальнік вытворчага ўчастка № 2 ААТ «Шлях новы» Людвіка Піліпчык.

А бліз уборачнага палетка назіраюцца сапраўдныя манеўры – рух, як у тым мурашніку ў цёплы і сонечны дзень. Адзін за адным камбайны прыбываюць на стартавую пляцоўку. Хутка і дакладна, здаецца, што працуюць на аўтамаце, камбайнеры пачынаюць пераводзіць машыны з транспартнага становішча ў палявое. Некалькі хвілін на дадатковую праверку рабочых рэжымаў – і старт у чарговы працоўны дзень, за новымі цэнтнерамі хлеба.

Апошні тыдзень «Шлях новы» быў не адзін у сваёй уборцы. Пасля завяршэння работ на ўласных збожжавых палетках на жніве Навасёлкам дапамагаюць фермер і адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Ф/Г «Вялікае Падлессе-Агра» камандзіравала на дапамогу адзін збожжаўборачны камбайн з экіпажам, КСУП «Ліпнянка» – чатыры. Так і працуюць – паасобку, аднак на агульны раённы каравай. Як аказалася, працуе на яго і «Гомсельмаш». І не толькі ў значэнні, што ўся занятая на жніве збожжаўборачная тэхніка выраблена на гэтым даўно і добра знаёмым кожнаму аграрыю заводзе. Палеткі ААТ «Шлях новы» сталі выпрабавальным палігонам.

Паміж сельгаспрадпрыемствам і камбайна-будаўнікамі з Гомеля існуе дамоўленасць аб выпрабаванні на землях гаспадаркі іх новага патэнцыяльна перспектыўнага вырабу. Прыехалі ў дваццатых чыслах ліпеня, працуюць як і ўсе і сталі ўжо амаль сваімі, – гаворыць начальнік участка.

Вадзіцель-выпрабавальнік ААТ «Гомсельмаш» Яўгеній Ігнатаў на палях «Шляху новага» ў якасці камбайнера. Што ўяўляе сабой перспектыўны выраб завода, у чым яго адрозненні ад папярэдніх КЗСаў, як камбайн паказвае сябе на рэальных палетках ва ўмовах рэальнага жніва – у расказе Яўгенія:

– У ваш раён камбайн прыбыў уласным ходам – больш за чатыры сотні кіламетраў.

У полі з 23 ліпеня. Некаторыя дробязі «вылазілі», а сур’ёзных вузлавых адмоў не здаралася ні разу. Шырыня жняяркі складае 7,5 метра, камбайн здольны перапрацаваць 19 кілаграмаў жніўнай масы за секунду. Прадугледжана аўтаматычнае капіраванне глебы, усе рэгуліроўкі ажыццяўляюцца з кабіны. У тым ліку і што тычыцца перанастроек, неабходных пры пераходзе на работу на іншыя культуры. Бункер для зерня павялічыўся. У нас ён здольны ўмясціць 9 з паловай кубаметраў зерня. Оптыка святлодыёдная, умовы для работы камбайнера – у адпаведнасці з самымі сучаснымі патрабаваннямі. Гэта машына пад нумарам два. Першы экзэмпляр машыны пасля серыі выпрабаванняў быў разабраны, дапрацаваны і сабраны нанова з улікам выяўленых недахопаў, – з веданнем справы расказаў Яўгеній.

Сямейны экіпаж Юрый і Ягор Бубены.
Вадзіцелі Уладзімір Пабягайла, Мікалай Царык, Віталій Косач, Мікалай Камінскі.
Эксперыментальны камбайн «КЗС-19».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.