Камплект для добрых адзнак. «Збяром дзяцей у школу», «Першы раз – у першы клас» – гэтыя і многія іншыя акцыі ў Ляхавіцкім раёне дапамагаюць падрыхтаваць хлопчыкаў і дзяўчынак да навучальнага года
«Збяром дзяцей у школу», «Першы раз – у першы клас» – гэтыя і многія іншыя дабрачынныя акцыі дапамагаюць падрыхтаваць хлопчыкаў і дзяўчынак да навучальнага года. Традыцыйна грамадскія арганізацыі, прафсаюзы і нераўнадушныя грамадзяне напярэдадні 1 верасня талакой збіраюць школьны партфель для мнагадзетных, малазабяспечаных і няпоўных сем’яў. Калектыўная дапамога стала сапраўдным марафонам дабрыні і разумення. Да заняткаў ва ўстановах адукацыі патрабуюцца не толькі канцтавары, але і шмат яшчэ якіх рэчаў.
А калі ў сям’і не адзін школьнік, то сяброўская ўвага вельмі дарэчы.
23 жніўня аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН чарговы раз стала пляцоўкай для прыемных падзей: супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і аддзялення па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь уручылі пяці сем’ям «камплекты для добрых адзнак».
– Пачатак навучальнага года – заўсёды свята. І каб яно стала яшчэ больш яркім, пяці сем’ям уручаны камплекты канцтавараў. На гэты раз у спіс уключаны сем’і, дзе даход на чалавека не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму. Падарункі ўпакаваны ў сумкі-шоперы з лагатыпам ТЦСАН і аддзялення па ахове. Іх, дарэчы, пашылі наведвальнікі цэнтра, – падкрэслівае дырэктар ТЦСАН
Таццяна Равінская.
Для калектыву аддзялення па ахове аб’ектаў гэта не першы ўдзел у дабрачынных акцыях, і яны заўсёды гатовы да добрых спраў.
– Як бы ні змяняўся час, уменне разумець праблемы іншых і імкненне дапамагаць не страчваюць актуальнасці. Удвая больш прыемна дапамагаць дзецям. Калектыў аховы робіць гэта шчыра і ад душы, – адзначае начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы
Аляксандр Хітрык.
У той дзень шопер з канцтаварамі атрымалі для сваіх школьнікаў Уладзімір і Наталля Паповы, якія выхоўваюць шасцярых дзяцей. Сям’я адзначае, што былі вельмі ўсхваляваны, калі ім патэлефанавалі і паведамілі пра падарунак.
– Да заняткаў дзеці амаль гатовы. Ужо набылі ручкі, сшыткі і іншыя рэчы. Рабяты вельмі любяць абноўкі. Прыемна адчуваць клопат зусім незнаёмых нам людзей. Вельмі ўдзячны ўсім за ўвагу, – не хаваюць радасці Паповы.
Дар’я, Уладзіслаў і Ульяна Юруці вельмі любяць свайго бацьку, які выхоўвае іх адзін. Званок з ТЦСАН з запрашэннем на сустрэчу стаў для іх нечаканым, але вельмі прыемным.
– Многае да школы паспелі набыць. Напрыклад, форму Уладзіку і Ульяне. Вельмі абрадаваліся, калі даведаліся, што нам падораць канцтавары – яны заўсёды патрэбны. А яшчэ спадабаўся шопер – з ім можна хадзіць на заняткі, – па-даросламу разважае Дар’я, якая вучыцца на другім курсе Брэсцкага дзяржаўнага каледжа чыгуначнага транспарту.
Прафсаюзы Ляхавіччыны таксама не застаюцца ў баку ад жніўных клопатаў бацькоў і па традыцыі падключыліся да дабрачыннай акцыі. На падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года накіравана ўжо больш за
15 тысяч рублёў. Матэрыяльная дапамога аказана больш як 400 работнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія выхоўваюць школьнікаў.
– Па ўсёй краіне прайшоў маніторынг цэн на асартымент школьных тавараў. Прафсаюзныя спецыялісты зрабілі аналіз кожнай групы тавараў у разрэзе патрэбнасцяў хлопчыкаў і дзяўчынак малодшых і старэйшых класаў. Цэны сёлета трохі падраслі. І не ўсім бацькам па сілах забяспечыць сваіх школьнікаў усім неабходным. У кожнай прафсаюзнай арганізацыі створаны і працуюць так званыя касы ўзаемадапамогі. Падтрымка аказваецца тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, – дзеліцца старшыня Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў ФПБ Тамара Пракап’юк.
Па стане на 20 жніўня, Ляхавіцкая раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі выдаткавала матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку да школы
222 дзецям членаў галіновага прафсаюза (122 дзіцяці
з мнагадзетных сем’яў і 100 – з няпоўных).
За кошт сродкаў абкама, райкама, пярвічак прафсаюза работнікаў АПК і наймальнікаў для набыцця «школьнага камплекта» 266 дзецям выдзелена дапамога на суму амаль 10000 рублёў. Акцыя «Прафсаюзы – дзецям» працягваецца.
Раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын землякі таксама ведаюць па яе добрых справах. Вось і на гэты раз разам з БРСМ арганізавалі дабрачынную акцыю «У школу з добрым сэрцам».
У магазінах «Дзіцячы свет «Аліса» і «Канцтавары» былі размешчаны скрыні для збору канцтавараў, школьных і спартыўных рэчаў. Адпаведныя паведамленні разаслалі ў мэсэнджарах.
– Нашы землякі актыўна падтрымліваюць дабрачынныя ініцыятывы і робяць гэта шчыра, – адзначае старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак, якая на гэтым тыдні з першым сакратаром райкама БРСМ Дар’яй Марозавай завітала ў шэсць мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.