Пяты раз у першы клас сёлета пойдзе настаўніца СШ № 1 г. Ляхавічы
Верасень зноў Днём ведаў пачынае школьную старонку. Кветкі, урачыстыя лінейкі, цёплыя сустрэчы з аднакласнікамі і педагогамі і мноства віншаванняў – гэта ўсё 1 верасня.
На Ляхавіччыне пералівісты званок пакліча на ўрок 2587 хлопчыкаў і дзяўчынак, сярод іх 251 першакласнік. Усе яны па добрай традыцыі атрымаюць падарунак ад Прэзідэнта – кнігу «Беларусь – наша Радзіма». Першы школьны ўрок сёлета прысвечаны Году народнага адзінства і пройдзе па тэме «У адзінстве беларускага адзінства – аснова незалежнай краіны».
У добры шлях, школьнікі!
Сёння пяты раз у першы клас ідзе ляхавічанка Людміла Граблюк, чатыры з іх – у якасці педагога. Людміла Аляксандраўна –
настаўніца пачатковых класаў СШ №1. Для яе прафесія вучыць дзяцей – самая важная, творчая і любімая. А як інакш, калі для пачаткоўцаў педагог адчыняе дзверы ў свет новых ведаў і ўражанняў. Адпаведна гучыць яе педагагічнае крэда: «Неталенавітых дзяцей няма. Важна, што ты можаш зрабіць, каб гэтыя таленты расквеціліся колерамі вясёлкі».
З таго часу, як Людміла Граблюк атрымала дыплом БарДУ, мінула амаль два дзесяцігоддзі. У СШ № 1 у 2003 годзе пачынала выхавальнікам групы падоўжанага дня. За час працы любоў да дзяцей, школы і прафесіі толькі ўмацавалася.
– Гэта шчасце – працаваць сярод дзяцей, бачыць, як яны растуць, вучацца, адкрываюць новыя гарызонты. Адчуваеш вялікае задавальненне, калі з няўрымслівага першакласніка «нараджаецца» яркая асоба. Лічу, быць настаўнікам – справа адказная. Ты павінен стаць прыкладам для хлопчыкаў і дзяўчынак і ўмець разумець іх, заўважаць праменьчыкі здоль-насцяў і магчымасцяў і, канешне, садзейнічаць іх развіццю, – разважае Людміла Граблюк.
«Добрай раніцы, дзеці!», «Прывітанне!» – у клас Людміла Аляксандраўна ўваходзіць заўсёды з усмешкай і добрым настроем. І гэта адзін з важных педагагічных «рэцэптаў», каб дзеці ішлі ў школу з жаданнем. У творчай скарбонцы таленавітага настаўніка такіх сакрэтаў шмат. Педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй разумее, што менавіта ў пачатковых класах закладваюцца інтарэс вучыцца і патрэба ў ведах. Вучэбны працэс будуе з улікам здароўезберагальных тэхналогій і індывідуальных псіхалагічных асаблівасцей навучэнцаў.
Настаўнік пачатковых класаў – у адной асобе і матэматык, і мовазнаўца, і музыкант з мастаком, і г. д. На сваіх уроках Людміла Граблюк выкарыстоўвае разнастайныя эфектыўныя формы, прыёмы і метады навучання, мноства яркай і цікавай нагляднасці, метадычна-дыдактычны матэрыял. Большасць дапаможнікаў робіць сама.
У дадатак да асноўнай прафесіі мае спыцыяльнасці «настаўнік выяўленчага мастацтва» і «сацыяльны педагог». І гэта ўсё важкі плюс у рабоце з дзецьмі.
Навучанне з захапленнем – гэта пра ўрокі Людмілы Граблюк. Для кожнага класа ў яе асобныя напрацоўкі, а для першаклашак – асаблівыя. Знаёмяцца з літарай і малююць яе ў паветры, пасля пальчыкам выводзяць контур па наждачнай паперы, робяць літарны «масаж». Практыкаванні пераходзяць у сшытак і замацоўваюцца на ўроку чытання. Для развіцця дробнай маторыкі рук літару і яе элементы абводзяць праз кальку.
Людміла Граблюк дзеля сваіх чамучак у заўсёдным творчым пошуку. Любіць сачыняць вершы і рабят вучыць сябраваць з рыфмамі. На чытанні, напрыклад, пачынае вершаваную фразу, а вучні працягваюць. Ад такога экспромта плюсы відавочныя: развіццё ўяўлення, увагі, кемлівасці, хуткасці мыслення і г. д. Па словах настаўніцы, яе вучні – вялікія фантазёры і прыдумваюць цікавыя вершы. Праз гульню вучацца лічыць, пісаць і чытаць. Пачаткоўцы Людмілы Аляксандраўны не раз станавіліся лепшымі ў разнастайных конкурсах, сярод іх і рэспубліканскія. З асаблівым натхненнем робяць адмысловыя вырабы, складаюць акравершы і г. д.
А яшчэ даследуюць розныя з’явы. «Як навучыцца сачыняць вершы?», «Уплыў почырка на выбар прафесіі», «Мнематэхнічныя прыёмы як эфектыўны сродак засваення арфаэпічных нормаў рускай мовы» – так называюцца работы, якія настаўнік са сваімі вучнямі прадстаўлялі на конкурсы.
Настаўнікі-пачаткоўцы ў СШ №1 кожны ўрок, факультатыўныя і стымулюючыя заняткі напаўняюць практычнай змястоўнасцю, праводзяць адкрытыя ўрокі і шчыра дзеляцца напрацоўкамі адзін з адным.
Пра сваіх будучых першакласнікаў Людміла Аляксандраўна расказвае з уласцівай ёй шчырасцю – у 1 «Б» будзе 13 дзяўчынак і 10 хлопчыкаў. Сярод іх і яе сын Арсеній. Так супала, што яна была першай настаўніцай і для старэйшай дачкі Ксеніі. І, як паказала жыццё, педагог вельмі справядлівы і аб’ектыўны – усе вучні ў яе знаходзяцца ў роўных умовах.
– Граматная, кампетэнтная і патрабавальная, але спагадлівая, адказная і творчая. Для дзяцей Людміла Аляксандраўна быццам другая мама, – адзначае дырэктар школы Наталля Кулак.
Дарэчы, у СШ № 1 сёлета тры першыя класы, у якіх будзе навучацца 61 дзіця. Усяго ў статусе пачаткоўцаў тут 238 школьнікаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.