Ацэнка гатоўнасці да ліквідацыі НС. У Ляхавіцкім раёне прайшлі вучэнні
25 і 26 жніўня на тэрыторыі раёна прайшло комплекснае вучэнне з удзелам органаў кіравання і сіл Ляхавіцкага раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Тэма комплекснага вучэння, якое ўзначаліў намеснік кіраўніка абласнога ўпраўлення МНС Руслан Любечка, – работа органаў кіравання і сіл Ляхавіцкага раённага звяна ў выпадку надзвычайных сітуацый, звязаных з метэаралагічнымі небяспечнымі з’явамі, якія ўзнікаюць у асенне-зімовы перыяд, арганізацыя выканання мерапрыемстваў грамадзянскай абароны і правядзенне аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ.
Вучэнне адбывалася ў два этапы. 25 жніўня, згодна з уводнай, прайшло пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме, дзе былі выпрацаваны кіраўніцкія рашэнні па ліквідацыі адключэнняў электразабеспячэння на тэрыторыі раёна і падтрыманні бесперабойнай работы мясцовых аб’ектаў жыццезабеспячэння. Для практычнай адпрацоўкі дзеянняў задзейнічаны сілы і сродкі ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Нача», СВК «Ляхавіцкі», вытворчага ўчастка «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», камунгаса, райбальніцы і райпо. Праводзіліся практычнае прымяненне стацыянарных і перасоўных электрагенератараў.
Далей вучэнні перамясціліся ў Ганчары ў дом сумеснага пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў, дзе па легендзе з-за моцнага ветру пашкоджаны дах. Тут былі адпрацаваны дзеянні па эвакуацыі насельнікаў дома.
Асноўная ўвага пры разгортванні ў СДЮШАР пункта для часовага размяшчэння людзей нададзена пытанням транспартавання, уліку, арганізацыі харчавання і аказання меддапамогі.
Намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіл Куляшоў расказаў пра стварэнне грамадзянскага фарміравання грамадзянскай абароны – «медыцынскага атрада» – і яго дзейнасць у мірны час.
Падчас другога этапу вучэнняў гатоўнасць прадэманстравала звяно па абслугоўванні збудаванняў двайнога прызначэння Ляхавіцкай ЖКГ.
Кульмінацыяй комплекснага вучэння стала практычная адпрацоўка сіл і сродкаў службаў грамадзянскай абароны раёна пры ліквідацыі наступстваў дыверсіі на газавай кацельні ў Задвор’і. У выратавальнай аперацыі прынялі ўдзел два аддзяленні ПАВП № 1 РАНС, інжынерная тэхніка камунгаса, аварыйна-аднаўленчае звяно па газавых сетках раёна газазабеспячэння, брыгада хуткай дапамогі і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы Ляхавіччыны.
Намеснік старшыні райвыканкама старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме Аляксей Галяк падвёў вынікі вучэнняў. Падчас папярэдняга падвядзення вынікаў прагучала, што прадпрыемствы і арганізацыі раёна гатовы супрацьстаяць надзвычайным сітуацыям.
Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.