Каронны прыём супраць кароны. У Ляхавіцкім раёне прадаўжаецца вакцынацыя супраць COVID-19
Кожны дзень Міністэрства аховы здароўя дзеліцца статыстыкай па каранавірусе. Апошнія месяцы разам з данымі па колькасці захварэлых і тых, хто вылечыўся, сталі з’яўляцца звесткі і пра колькасць грамадзян, якія вакцынаваліся супраць COVID-19. Чаму гэтыя лічбы важныя? Адказ просты, медыкі ў сваім меркаванні адназначныя: пакуль больш дзейснага спосабу супрацьстаяць каранавірусу не прыдумана.
У многіх краінах свету прышчэпачная кампанія набірае абароты. Прычым часам людзі гатовы плаціць немалыя грошы, каб атрымаць неабходную дозу вакцыны. У Беларусі вакцынацыя супраць каранавіруса бясплатная. На даны момант медустановы краіны прапануюць расійскі і кітайскі прэпараты.
Сёлета ў сакавіку ў Беларусі на РУП «Белмедпрэпараты» ў прамысловых маштабах стартаваў выпуск распрацаванай у Расіі вакцыны супраць COVID-19. Паралельна вядзецца распрацоўка беларускага прэпарата. Дарэчы, на пачатку верасня ў Беларусь паступіць чарговая партыя закупленай у Кітаі вакцыны, акрамя таго, яшчэ 500 тысяч доз вакцыны паступіць у якасці гуманітарнай дапамогі. Па стане на 2 верасня больш за 1,66 мільёна беларусаў атрымалі першую дозу вакцыны, з іх амаль
1,38 мільёна завяршылі поўны курс вакцынацыі. Што тычыцца абласцей, то найбольш вакцынаваных у Мінску – 305 тысяч, Гомельскай вобласці – 237 тысяч, Брэстчына на трэцім месцы –
167 тысяч.
Як ідзе прышчэпачная кампанія ў Ляхавіцкім раё-не? Пра гэта – у размове з загадчыкам паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Анатоліем ПАНЬКО.
– Анатолій Лявонцьевіч, наколькі актыўна жыхары раёна вакцынуюцца супраць COVID-19?
– Адзначу, што сярод тых, хто найбольш адказна ставіцца да такой важнай справы як вакцынацыя, – медработнікі, прадстаўнікі сацыяльнай службы. Большай актыўнасці хацелася б
ад педагогаў – яны ж працуюць у калектывах, з дзецьмі. Вяскоўцы больш актыўныя за гараджан.
Па стане на 1 верасня вацынаваліся 4400 землякоў, прычым 4100 з іх атрымалі абедзве дозы прэпарата.
Прышчэпкі супраць ка-віда робяць у паліклініцы, сельскіх медустановах, на прадпрыемствы і ў арга-нізацыі па папярэдняй дамоўленасці выязджаюць спецыялізаваныя групы медыкаў.
Нагадаю, супрацьпаказаннем для вакцынацыі з’яўляюцца абвастрэнне хранічных захворванняў, нядаўна перанесеныя інфекцыі. Пры знікненні сімптомаў і нармалізацыі тэмпературы цела, пры наступленні рэмісіі пры хранічных захворваннях ці праз 2–4 тыдні пасля выздараўлення ад кавіда (пры цяжкіх формах да васьмі тыдняў) можна прышчапляцца.
Пакуль вакцынацыя для жыхароў краіны бясплатная, аднак, магчыма, з часам за такую працэдуру давядзецца плаціць. Між іншым, у Беларусь за платнай вакцынай сёння прыязджаюць замежныя грамадзяне.
– Ці змяніўся алгарытм атрымання прышчэпкі?
– Як і раней, кожны жадаючы можа звярнуцца ў паліклініку, сельскія ўстановы аховы здароўя. Можна запісацца папярэдне. Медыкі правядуць неабходны агляд, дадуць рэкамендацыі, як паводзіць сябе пасля вакцынацыі. Памятайце, што першую і другую дозу прэпарата неабходна атрымліваць у адным і тым жа месцы. Так што плануйце свой час.
– Даводзіцца чуць, што вакцына адмоўна ўплывае на здароўе, а таксама, што прышчэпленыя могуць заразіцца ад вакцыны і пасля заражаць іншых?
– Непасрэдна ад вакцыны ні ў якім разе нельга заразіцца. Ад таго, што чалавек атрымаў прышчэпку, ён не становіцца заразным. Ну калі толькі пазней не падхапіў кара-навірус. Вось чаму важна і вакцынаваным людзям па-ранейшаму насіць маскі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю, мыць рукі.
І мне даводзілася неаднойчы чуць: прышчэпка небяспечная, дзякуючы ёй у арганізм трапляе вірус. Паспрабую разбурыць такія міфы. Амаль ніхто не скардзіўся на пабочныя эфекты ад увядзення кітайскай вакцыны. Яна зроблена па так званай «старой» тэхналогіі, і яе аснова – загінулы каранавірус. Расійская вакцына «Спутнік» вектарная, у яе аснове адэнавірус, гэта генна-інжынерны прэпарат, заснаваны на жывым вірусе (што не адносіцца да каранавіруса), які пры траплянні ў арганізм гіне, але пры гэтым выпрацоўваецца двайны імунітэт, здольны супрацьстаяць каранавірусу. Абодва прэпараты неабходна ўводзіць двойчы з інтэрвалам у 21 дзень.
Аднолькавыя і рэкамендацыі ў пасляпрышчэпачны перыяд: нельга мачыць месца ўколу пяць дзён, тыдзень не пажадана ўжываць алкаголь, два тыдні не варта хадзіць у лазню.
Неабходна вакцынавацца і тым, хто ўжо перахварэў кавідам. Няма ніякай патрэбы здаваць тэст на антыцелы, бо імунітэт, што выпрацоўваецца ад вакцынацыі, куды больш істотны, чым у таго, хто перанёс гэту інфекцыю незалежна ад цяжкасці цячэння хваробы.
У прышчэпленага чалавека імунная сістэма можа запомніць «ворага», і калі з часам антыцелы знікнуць, то імунітэт можа сам справіцца з вірусам. Хвароба ў вакцынаванага будзе працякаць у больш лёгкай форме без ускладненняў. Аналіз пацвярджае такую выснову.
Пры фарміраванні двайнога імунітэту выпрацоўваюцца антыцелы супраць віруса. Трэніруюцца клеткі імуннай сістэмы – лейкацыты, і гэта ўжо клетачны імунітэт.
Імунітэт да COVID-19 развіваецца праз два-тры тыдні пасля зробленай прышчэпкі і захоўваецца на дастатковым узроўні каля дзевяці месяцаў. Так што, як і з грыпам, прышчапляцца супраць каранавіруса неабходна будзе штогод.
– Як землякам атрымаць сертыфікат аб вакцынацыі?
– Такую даведку можа атрымаць кожны, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі. Неабходна асабіста звярнуцца ў кабінет № 20 паліклінікі, з сабой абавязкова мець пашпарт. Сертыфікат выдаецца на платнай аснове і каштуе пяць рублёў. Ён дзейнічае на працягу года і патрэбны, у першую чаргу, для тых, хто збіраецца выехаць за межы нашай краіны. У дакумент уносіцца інфарма-цыя пра правядзенне прафілактычных прышчэпак супраць каранавіруса.
У любым выпадку даныя пра вакцынацыю ўносяцца ў меддакументы пацыента.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.