Марта – дзяўчынка жнівеньская. На Ляхавіччыне ў жніўні нарадзіліся Марта, Аліса і Васіліса

У жніўні ў аддзеле загса райвыканкама зарэгістравана 13 шлюбаў, яшчэ два ў Навасёлкаўскім сельвыканкаме. Сярэдні ўзрост жаніха – 29 гадоў, нявеста на два гады маладзейшая, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса Вольга Новік.

Самай маладой у жніўні стала пара 20-гадовага жаніха і 19-гадовай нявесты. Сям’ю стварылі і 41-гадовы жаніх і 39-гадовая нявеста.
У жніўні нарадзіліся Марта, Аліса і Васіліса. Шасці нованароджаным хлопчыкам бацькі далі таксама прыгожыя імёны: Елісей, Багдан, Артур, Дзмітрый, Мацвей і Аляксандр. Першынец зарэгістраваны ў чатырох сем’ях, другое дзіця – у адной пары. Дзве сям’і сталі мнагадзетнымі бацькамі, чацвёртае і пятае дзіця нарадзіліся ў адной сям’і.
Самай прадстаўнічай малышкай жніўня аказалася Васіліса, вага якой пры нараджэнні склала  4010 грамаў, рост – 55 сантыметраў. Самай высокай была Аліса – яе рост 56 сантыметраў, а вага 3890 грамаў. Сярэдні ўзрост жнівеньскіх мам – 26 гадоў, татаў – 30. Самая маладая мама – 19-гадовая,
тата – на чатыры гады старэйшы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.