Стандарт для мыйных сродкаў
Па выніках праверак КДК 15 найменняў імпартных мыйных сродкаў прызнаны не адпаведнымі патрабаванням дзяржаўных стандартаў па якасці.
Камітэт дзяржкантролю вывучыў сітуацыю з якасцю і бяспекай рэалізуемых у Брэсцкай вобласці імпартных мыйных сродкаў (пральных парашкоў і геляў). Па выніках праверкі і праведзеных выпрабоўванняў 15 найменняў гэтай прадукцыі прызнаны не адпаведнымі патрабаванням ДАСТ «Сродкі для прання. Агульныя тэхнічныя ўмовы».
Усе рэалізуемыя на тэрыторыі Беларусі пральныя парашкі, гелі, пасты, таблеткі павінны праходзіць працэдуру адпаведнасці патрабаванням дзяржаўных стандартаў па паказчыках пенаўтваральнай і мыйнай здольнасці. Для парашкоў значэнне мыйнай здольнасці павінна складаць не менш за 85 працэнтаў, для геляў – 60 працэнтаў.
Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці ў дзвюх гандлёвых сетках канфіскаваў для экспертызы 16 найменняў імпартных мыйных сродкаў. Вынікі праведзеных выпрабоўванняў паказалі, што 15 найменняў не адпавядаюць патрабаванням па якасці.
Напрыклад, мыйная здольнасць нямецкіх геляў (HERR KLEE C.G. COLOR, HERR KLEE C.G. UNIVERSAL) аказалася ў два разы ніжэйшай за норму, таксама не адпавядаў патрабаванням паказчык бяспекі (пенаўтваральная здольнасць).
Мыйная здольнасць шасці найменняў чэшскіх, нямецкіх і польскіх парашкоў (ZICO universal, ZOCO color, PUROX COLOR, ROBETA «Горная кветка», WASCHEMEISTER UNIVERSAL, Alpix Color) склала ад 51,2 працэнта да 80,5 працэнта.
Мыйная здольнасць польскіх парашкоў Gaska UNIWERSALNY і Gaska DO COLORU склала ўсяго пяць і восем працэнтаў.
Па выніках праведзенай Камітэтам дзяржкантролю работы адменены выдадзеныя дакументы аб адпаведнасці патрабаванням па якасці і бяспецы на імпартныя мыйныя сродкі, вынікі выпрабоўвання якіх не адпавядаюць патрабаванням ДАСТ «Сродкі для прання. Агульныя тэхнічныя ўмовы».
Таксама ўведзена забарона на іх увоз і рэалізацыю ў Рэспубліку Беларусь.
КДК Брэсцкай вобласці.