Уважлівыя вадзіцелі і правільныя пешаходы. Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «У цэнтры ўвагі – дзеці!» фінішавала 5 верасня

Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «У цэнтры ўвагі – дзеці!» фінішавала 5 верасня. На працягу дзесяці дзён супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС з прафілактычнымі гутаркамі выступалі на школьных лінейках і ў працоўных калектывах, дзяжурылі каля ўстаноў адукацыі, тлумачылі дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, гаварылі пра важнасць асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарозе.

Завяршальны этап акцыі супрацоўнікі АДАІ правялі ў мінулую пятніцу сумесна з райкамам БРСМ. Падчас акцыі рабятам уручаны навучальныя памяткі, вадзіцелям нагадалі пра аўтабяспеку.
У цэнтры ўвагі – правільны пераход праезнай часткі. І правільнасць не толькі ў перасячэнні дарогі па зебры і толькі на зялёны колер святлафора, а і ў тым, каб пры пераходзе пешаход не выбягаў на дарогу раптоўна і абавязкова спыніў размову. Пры перамяшчэнні па нерэгулюемым пераходзе неабходна ўважліва сачыць за пачаткам руху транспарту, а не паўтараць дзеянні людзей побач.
– Рабяты памылкова лічаць, што, чым хутчэй перасячэш дарогу, тым хутчэй будзеш у бяспецы. Няправільнае меркаванне. А яшчэ варта не падстройвацца пад рух пешаходаў, а быць самому пільным, –
навучае школьнікаў першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава.


На маршруце акцыі – аўтобус са школьнікамі. Усе рабяты прышпілены рамянямі бяспекі. Вадзіцель СШ № 1  Валерый Максімчык адзначае, што кіраваць школьным аўтобусам – вялікая адказнасць. Ён перакананы, што правілы дарожнага руху – дакумент жыццёва важны, і выконваць іх неабходна бездакорна. Пра тое, што падчас дзеяння акцыі трэба днём уключаць блізкае святло фар, памятае – чытаў у раёнцы, слухаў па радыё.


Уважлівасць, дысцыплінаванасць і хуткасць рэакцыі лічыць галоўнымі якасцямі для тых, хто за рулём, ляха-вічанін Юрый Камко. Падкрэслівае: вадзіцель нясе адказнасць не толькі за бяспеку пасажыраў, але і за іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Аляксандр Анікевіч адзначае, што ў раёне з пачатку года ДТЗ з удзелам дзяцей не зарэгістравана. Сёлета з выяўленага міліцыяй 2791 парушэння правілаў дарожнага руху 41 – на рахунку вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у нецвярозым стане, 131 чалавек сеў за руль без правоў,  57 не былі прышпілены рамянямі бяспекі, 93 перавозілі пасажыраў-дзяцей без спецыяльнага крэсла. Штраф за гэта парушэнне – дзве БВ, пры паўторным выяўленні – ад дзвюх да пяці БВ.
З 25 жніўня па 5 верасня міліцыя спыніла 15 вадзіцеляў, якія рухаліся
днём без уключанага блізкага святла фар.
З пачатку года 580 парушэнняў ПДР на рахунку пешаходаў, 133 з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, 136 не мелі ў вячэрні час святлоадбівальных элементаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.