Шаноўны ўзрост не для суму. У Ляхавіцкім раёне 7 верасня працавала Міжведамасная камісія па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў

Стварэнне ўмоў для эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян – мэта Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030»

У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.

Сёння на Ляхавіччыне пражывае каля сямі тысяч чалавек пенсійнага ўзросту. Сярод іх шмат тых, для каго выхад на пенсію стаў стартам, у прамым сэнсе, у новае жыццё. Адны адкрылі ў сабе здольнасці да творчасці, іншыя «завялі» цікавае хобі, набіраюцца энергіі ў садзе-агародзе. А ёсць і тыя, хто пасля часу «ікс» працягваюць працоўную дзейнасць і перадаюць вопыт маладому пакаленню. Іх аўтарытэт – важкі і запатрабаваны.
А як прыгожа, энергічна, з запалам нашы маладыя душой землякі выступаюць на сцэне! Іх энергія і бадзёрасць, уменне цаніць жыццё – узор для малодшых пакаленняў.

Ні адзін з пенсіянераў – ні тыя, каму 90, ні 70-гадовыя – не пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. Кожны з пажылых людзей так ці інакш ахоплены дзяржаўным клопатам: атрымлівае пенсію, хтосьці дапамогу, маюць сацыяльныя льготы, карыстаюцца паслугамі сацработнікаў і г. д. І не мае значэння, ці ёсць у састарэлага чалавека дзеці-ўнукі, ці ён адзін на белым свеце, – уважлівая ўвага да кожнага. Сацыяльная служба раёна робіць нямала, каб жыццё пажылых людзей і інвалідаў не было азмрочана цёмнымі колерамі.
Медабслугоўванне пажылых людзей і іх сацыяльная падтрымка, арганізацыя культурнай, фізкультурнай і спартыўнай работы з грамадзянамі шаноўнага ўзросту, уключэнне іх у актыўнае грамадскае жыццё і забеспячэнне бяспекі – гэтыя і многія іншыя пытанні цікавілі членаў Міжведамаснай камісіі па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, што дзейнічае пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. У складзе рабочай групы, якая працавала ў раёне  7 верасня, – намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава – кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра Людміла Жылевіч, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Мазалеўскі, выканаўчы
прадзюсар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 3» Дзмітрый Карась.
У цэнтры ўвагі рабочай групы – арганізацыя падтрымкі ў раёне адзінокіх непрацаздольных грамадзян, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад  наступстваў войнаў. У рабоце з пажылымі людзьмі дробязяў няма, падкрэсліла кіраўнік групы Людміла Жылевіч. Яна нагадала, што сацыяльная абарона згаданых катэгорый насельніцтва – адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Створана дзейсная сістэма аказання дапамогі пажылым людзям, а пытанні іх жыццезабеспячэння знаходзяцца на пастаянным кантролі.
На маршруце рабочай групы было некалькі прыпынкаў. У Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду Людмілу Жылевіч цікавілі ўмовы пражывання пацыентаў і якасць  медабслугоўвання. Пры наведванні адзінока пражываючай ляхавічанкі размова вялася пра стан здароўя і паслугі, якія жанчына атрымлівае ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У райбальніцы госці пазнаёміліся з медабслугоўваннем пажылых грамадзян раёна, работай па прафілактыцы дэменцыі і работай з пацыентамі, якія маюць пасткавідны сімптом, дзейнасцю ўрача-герантолага і іншымі аспектамі.
Пра наладжаную работу па выяўленні адзінокіх пажылых людзей, якім патрабуецца дапамога, сістэму ўзаемадзеяння паміж ведамствамі, арганізацыю прафілактычнай работы па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў у дачыненні да пажылых грамадзян і дзеючым алгарытме па забеспячэнні іх бяспекі расказалі ў РАУС і РАНС.
Цудоўныя ўмовы, створаныя для занятасці і вольнага часу пенсіянераў, госці ацанілі падчас наведвання аддзялення для пажылых грамадзян ТЦСАН. На пазітыўную сустрэчу ў аддзяленні настройвае нават шыльда на ўваходных дзвярах – «Мы рады вам!». Наведвальнікі тут займаюцца спортам, спяваюць і вышываюць, вяжуць, збіраюцца за салодкім сталом. Тут гасцінна сустракаюць кожнага пенсіянера. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень расказала пра дзейнасць ТЦСАН, нагадала, што ў раёне маецца дом сумеснага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў у Ганчарах, «Гарохавая дача» ў Русінавічах, рознага тыпу сем’і для ўладкавання адзінока пражываючых землякоў.
Планамі па адкрыцці яшчэ аднаго аб’екта для жыццеўладкавання адзінокіх састарэлых землякоў падзяліўся старшыня райвыканкама
Мікалай Мароз. Ён расказаў, што ў Тальмінавічах з’явіцца
аддзяленне кругласутачнага знаходжання, дзе змогуць размясціцца 30 пенсіянераў.
Падчас размовы ўзнімаліся розныя пытанні і праблемы жыццезабеспячэння пажылых людзей. Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса засяродзіў увагу на адказнасці дарослых дзяцей за догляд сваіх бацькоў. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што ў раёне пра ветэранаў не забываюць працоўныя калектывы, адкуль яны пайшлі на пенсію, на многіх раённых мерапрыемствах ушаноўваюць паважаны вопыт і аўтарытэт землякоў. Нават наяўнасць бібліёбуса і аўтаклуба, якія выязджаюць у маланаселеныя кропкі  раёна, падкрэсліваюць шчырую ўвагу да жыцця пенсіянераў.
Па выніках сустрэчы кіраўнік рабочай групы Людміла Жылевіч папярэдне дала высокую ацэнку арганізацыі падтрымкі ў раёне пажылых людзей, акцэнтавала ўвагу на стварэнні для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб даступнага асяроддзя, надала вялікую ўвагу тэрапеўтычнай ролі элементаў афармлення памяшканняў. Кіраўнік рабочай групы адзначыла, што падчас наведвання райбальніцы намечаны шляхі па падборы спецыялістаў у вобласці геранталогіі.
Гаварылі і пра «сярэбранае валанцёрства», далучэнне моладзі да валанцёрскага руху, узаемадзеянне ў меддапамозе дзяржаўных службаў, пошук «рэцэптаў» ад адзіноцтва і выкарыстанне патэнцыялу ветэранаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.