В Ляховичском районе прошёл День охраны труда
Дасканалае веданне нормаў і правіл бяспекі, акуратнае ім следаванне ў працэсе выканання сваіх працоўных абавязкаў у камбінацыі з належнай вытворчай дысцыплінай з’яўляюцца свайго роду страхавым полісам. Гарантыяй таму, што пляцоўка, дзе зарабляюцца грошы, не стане «па сумяшчальніцтве» яшчэ і месцам дадатковага «заработку». Усім нам абсалютна нежаданага і горшага з непатрэбных — траўмы, нейкай іншай формы расстройства здароўя ці, не дай бог, крайняга з самых сумных выпадкаў.
Гісторыя пытання даўняя, як і самі працоўныя адносіны. З’яўляліся новыя распрацоўкі, трансфармаваліся падыходы і метады, аднак не знікала прыярытэтная сутнасць пытання, якая, справядліва будзе сказаць, яшчэ больш узмацнілася з прыняццем у 2008 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы». На падставе і ў працяг дакумента ў 2009 было распрацавана палажэнне аб правядзенні дзён аховы працы ў Брэсцкай вобласці, дзе, у тым ліку, «прапісваліся» і штогадовыя раённыя. У раёне чарговы адбыўся тыдзень назад. Па форме і, да слова сказаць, традыцыі гэта быў практычны семінар з наведваннем папярэдне вызначаных пляцовак. На чале з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімірам Дзяжурным і пры ўдзеле старшыні райсавета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча спецыялісты профільных раённых службаў, кіраўнікі і інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў, арганізацый рознай формы ўласнасці наведалі спачатку СВК «Жарабковічы».
Такой увагі сельгаскааператыў удастойваецца ўжо трэці год запар. Чым абумоўлена? У 2011 годзе было, у прыватнасці, адзначана і ўказана на недахопы санітарна-бытавых памяшканняў для работнікаў цэнтральнай рамонтна-механічнай майстэрні. Адкрыта кажучы — на поўную ў сучасным варыянце іх адсутнасць, як і ўмывальнікаў, душавых кабін, гардэробных, месц для абедаў. Праз год усё паўтарылася. Гучалі тлумачэнні, накшталт — было б чым абедаць, а дзе — справа непрынцыповая. Што ёсць, таго не адняць: паўнацэннымі смачнымі абедамі «Жарабковічы» забяспечваюць практычна ўсіх сваіх работнікаў. І не толькі ў перыяды актыўных сельскагаспадарчых кампаній, а, фактычна, круглы год. Аднак пытанне дзе — таксама не другаснае. Узімку асаблівы некамфорт, калі холад, калі напоўненасць майстэрні заметна павялічваецца ў параўнанні з сезонам палявых работ.
Што было, таго ўжо няма, упэўніла ўдзельнікаў раённага Дня аховы працы апошняе наведванне гаспадаркі. Прыстасаваных і ў адпаведнасці з нормамі абсталяваных абедзенных зон у рамонтна-механічнай майстэрні СВК «Жарабковічы» цяпер адразу дзве. Занавешаны і вымашчаны «летні варыянт» у якасці альтэрнатывы грунтоўнаму і свежа абсталяванаму пакою ўнутры майстэрні. У асобных пакоях — новыя ўмывальнікі, душавыя кабіны, гардэробная з шафамі. Паверхам вышэй заметна абнаўленне і ў кабінеце аховы працы. Як паведаміў намеснік старшыні сельгаскааператыва Леанід Варвашэвіч, на мэты аховы працы з пачатку года гаспадарка зрасходавала 267 мільёнаў рублёў. У тым ліку, каля 120 мільёнаў склаў кошт спецадзення, якім у «Жарабковічах» работнікі забяспечваюцца ў адпаведнасці з нормамі.
— У параўнанні з 2012 годам зрух значны. Але трэба ісці далей. Напрыклад, замяніць уваходную групу на тэрыторыю машынна-трактарнага парка, — у якасці кароткага рэзюмэ адзначыў Уладзімір Дзяжурны.
Рухацца далей «Жарабковічам» летась было прадпісана і ў плане камплектацыі службы аховы працы ў адпаведнасці з нарматывам яшчэ адным спецыялістам. Прайшоў год, а згаданае даручэнне старшыні райвыканкама не выканана. А дзеючы інжынер па АП сумяшчае свае абавязкі са службай у якасці дыспетчара.
Затым прыняць Дзень аховы працы належала самай буйной і лепшай будаўнічай арганізацыі раёна. З дастатковага шэрагу аб’ектаў ПМК-13 пад маніторынг трапілі рэканструкцыя будынка райпаліклінікі і будаўніцтва 30-кватэрнага кааператыўнага жылога дома па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах. Заўваг ці ўказанняў на парушэнні правілаў бяспекі, нормаў санітарна-бытавога забеспячэння не прагучала. Усе ў ахоўных касках, сродкі падмошчвання ўстаноўлены ў адпаведнасці з нормамі і правіламі, бытавыя памяшканні знаходзіліся ў належным стане. Тым не менш, у бягучым годзе зафіксаваны ўжо факт прыцягнення аднаго з адказных спецыялістаў прадпрыемства да адміністрацыйнага спагнання — за дапушчаныя парушэнні ТБ.
Заводы «Металапластмас» і «Інтэрлак» — суседзі. Як мінімум, па адной з пазіцый вырабляемай прадукцыі паміж сабой канкурыруюць. «Металапластмас» — гэта накрыўкі, коркі, поліэтыленавыя ўпаковачныя капсулы. Акрамя класічных накрывак, «Інтэрлак» вырабляе так званыя накрыўкі-«твіст», бляшанкі розных памераў і аб’ёмаў. У значным аб’ёме працуюць на экспарт: Расія, Украіна, Малдова… Вытворчасць не вызначаецца асаблівай складанасцю тэхналогій, аднак прад’яўляе высокія патрабаванні да захавання нормаў і правілаў бяспекі працы, санітарна-бытавога характару. Што, мяркуючы па адсутнасці заўваг ад удзельнікаў Дня аховы працы, трымаецца ў рамках, належна выконваецца.
Да кіраўніцтва СВК «Востраў-Агра» «мяккія» заўвагі ўсё ж прагучалі. Малочнатаварная ферма «Востраў», якую наведалі, запрацавала, дзякуючы праведзенай нядаўна глыбокай мадэрнізацыі. Сёння дае прадукцыю. Для дойкі прадугледжана невялікая асобная зала. Не апошні «піск», канешне, але нейкі эскіз навізны прысутнічае.
Неабходныя санітарна-бытавыя памяшканні намінальна ёсць. Абсталяваны, аднак, дастаткова аскетычна: замест шафаў прымітыўная вешалка, у пакоі для прыёму ежы з «выгод» толькі стол. Вельмі кантрастна на гэтым фоне, ва ўсіх сэнсах сучасна выглядае сонечная ўстаноўка. Бясплатнае натуральнае святло канвертуецца такім спосабам у энергію цяпла. Па словах старшыні Уладзіміра Мароза, сельгаскааператыву яна каштавала каля 10 мільёнаў рублёў, магутнасці дастаткова для нагрэву вады ў аб’ёме, неабходным для мыцця даільнага абсталявання.
У рамонтнай майстэрні сярод іншага выгадна выдзяляецца памывачны вузел — невялікая, утульная і, трэба думаць, функцыянальная ў рабоце лазня з аддзяленнямі для пераапранання, адпачынку, душам-парыльняй. Відавочна, аформлена зусім нядаўна, не выветрыўся яшчэ пах свежаапрацаванай драўніны.
Кропку чацвёртаму раённаму Дню аховы працы паставілі тут жа, у аграгарадку. На пленарным пасяджэнні прааналізавалі ўбачанае ў ходзе практычнага рэйду, заслухалі і абмеркавалі выступленні спецыялістаў. У якасці рэзюмэ Уладзімір Дзяжурны адзначыў па тэме, што ёсць у моцных арганізацыях і ў слабейшых, падкрэсліў, што «Жарабковічы» зрабілі за год многае. Доўга гэтага чакалі, упарта дамагаліся… Прыкладна так і павінна быць. Калі па рамонтна-механічных майстэрнях у Востраве асаблівых пытанняў няма, то па ферме трэба падцягвацца… Памер заработнай платы, санітарна-бытавыя і ўмовы працы — першае, на што арыентуюцца людзі пры ўладкаванні на работу.
Убачанае падчас мерапрыемства будзе прааналізавана, зроблены высновы, пастаўлены канкрэтныя задачы, вызначаны тэрміны іх выканання.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.