Здаровыя перамены. З 1921 года па верасень 1939 года ў Ляхавіцкім раёне адсутнічалі дзяржаўныя бальніцы

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу,  і пачалася Другая сусветная вайна. Фашысцкія войскі захапілі амаль усю тэрыторыю Польшчы і падступілі да межаў Заходняй Беларусі.
Каб абараніць інтарэсы беларускага насельніцтва, 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Большасць насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці, чырвонаармейцаў віталі, як сваіх вызваліцеляў. Пра гэта нямала ўспамінаў сведкаў.
Увогуле, усё, што адбывалася ў той час, істотна памяняла далейшы ход гісторыі для Беларусі і яе жыхароў. У віхуры пераўтварэнняў закружыла і тэрыторыю сённяшняга Ляхавіцкага раёна.
Сёлета 17 верасня ўпершыню наша краіна адзначыць новае для сябе свята – Дзень народнага адзінства. І цікава будзе перагарнуць старонкі, зазірнуць ў мінулае, параўнаць колішнюю рэальнасць з днём сённяшнім.

Здаровыя перамены

Гістарычны факт: з 1921 года (калі гэта частка Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы) па верасень 1939 года ў нашым раёне адсутнічалі дзяржаўныя бальніцы.

Спытаеце, хто аказваў медыцынскую дапамогу? За вялікія грошы –лекары-прыватнікі, якія прыходзілі далёка не да кожнага хворага. Але ў асноўным людзі звярталіся да знахараў, лячыліся самі па рэцэптах сваіх продкаў.
Усё істотна змянілася пасля таго, як Заходняя Беларусь, у тым ліку і Ляхавіцкі раён, увайшла ў склад БССР. У кастрычніку 1939-га ў Ляхавічах адкрылася амбулаторыя. «Часовае кіраванне клапацілася і аб медыцынскім забеспячэнні насельніцтва: у кастрычніку 1939-га ў Ляхавічах пачала працаваць  раённая амбулаторыя, дзе жыхары мястэчка Ляхавічы і сельскія працаўнікі маглі атрымаць бясплатную медыцынскую дапамогу» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).

1948 год


Па 25 ложкаў у Ляхавічах і Крывошыне, 15 – у Востраве, урачэбныя амбулаторыі ў Мядзведзічах, Дараве, фельчарска-акушэрскія пункты ў Новых Будах і Сваятычах, дзевяць урачоў, пяць фельчараў, чатыры акушэркі і тры медсястры – менавіта такой была ахова здароўя Ляхавіччыны напачатку 1940 года. Вось так амаль 82 гады
назад пачалася гісторыя мясцовай медыцыны. З кожным годам сфера аховы здароўя абнаўлялася, пашыралася, адкрываліся новыя ўстановы: бальніцы, амбулаторыі, фельчарска-акушэрскія пункты. Істотна ўзмацняўся і кадравы складнік, павышалася кваліфікацыя ўрачоў, сярэдняга медыцынскага персаналу. Адно засталося нязменным – і 82 гады назад, як толькі адбылося гістарычнае ўз’яднанне, і цяпер, калі мы жывём у свабоднай незалежнай краіне, – медыцына была і застаецца бясплатнай і даступнай для розных слаёў насельніцтва.
А гэта ўжо статыстыка на верасень 2021 года. На Ляхавіччыне пра здароўе землякоў клапоцяцца і аказваюць медыцынскія паслугі насельніцтву райбальніца на  184 ложка-месцы і паліклініка на 420 наведванняў у змену, бальніца сястрынскага догляду на 20 ложка-месцаў у вёсцы Альхоўцы, восем амбулаторый урача агульнай практыкі, 16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Ва ўстановах аховы здароўя раёна працуюць 640 медыкаў, у тым ліку 90 урачоў і 298 сярэдніх медработнікаў. І гэта толькі цэнтральная раённая бальніца. Акрамя таго, на Ляхавіччыне дзейнічаюць раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Крывошын», заснаваная ў верасні 1944 года.

Галіна КАНЬКО.