Экскурсія па 17 Верасня. Адна з вуліц нашага райцэнтра атрымала назву ў гонар вызначальнай для Беларусі падзеі

Адна з вуліц нашага райцэнтра атрымала назву ў гонар вызначальнай для Беларусі падзеі, што адбылася 17 верасня 1939 года

Працяглыя, як Леніна, Кастрычніцкая ці Першамайская, і зусім невялікія накшталт Замкавай ці Піянерскай… Названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай Дзесюкевіча, Арлоўскага, Южакова, Астапава, пісьменнікаў і паэтаў Купалы, Пушкіна, Горкага, дзеячаў мастацтва Цітовіча, Пташука, Равінскага… Ёсць і звязаныя з пэўнымі падзеямі – Юбілейная, Інтэрнацыянальная… Усе яны такія родныя, любімыя, знаёмыя і незнаёмыя вуліцы роднага горада. У кожнай свая гісторыя, свае адрасы, запамінальныя падзеі і галоўныя дзеючыя персанажы – не толькі людзі, але і ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы. Сёння адправімся ў падарожжа па вуліцы, якая сваю назву – 17 Верасня – атрымала ў гонар вызначальнай для нашай краіны падзеі, што адбылася 17 верасня 1939 года, –
уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Дарэчы, да пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя яна мела назву Пінская.

Гэту вуліцу працягласцю 362 метры   можна назваць турыстычнай. Тут размешчаны аб’екты, што валодаюць істотным турыстычным патэнцыялам: рэстаран і гасцініца.
Ветліва, гасцінна сустракае кожнага наведвальніка гасцініца «Эдэльвейс» КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», што размясцілася ў будынку з нумарам 13. Пераступіўшы парог часовага месца пражывання, прыезджы чалавек – а гэта не толькі жыхары Беларусі, але і замежныя госці – трапляе ў атмасферу ўтульнасці, парадку і камфорту. Сапраўдны дом далёка ад дому. Госці горада ў адрас работнікаў гасцініцы гавораць словы ўдзячнасці за створаныя камфортныя ўмовы і ўвагу да кліентаў. Напэўна, выдатным дапаўненнем да сэрвісу стала адкрыццё міні-кафэ ў будынку гасцініцы, прычым, у цёплую пару года частка яго стыльна дапаўняе гарадскі пейзаж.


Нямала наведвальнікаў прымае і яшчэ адзін тутэйшы доўгажыхар (вул. 17 Верасня, 25) – ЦБП № 135 ААТ «Белаграпрамбанк» (будынак уведзены ў эксплуатацыю напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя). Тут аказваецца шырокі спектр банкаўскіх паслуг: ад прыёму камунальных плацяжоў і валютна-абменных аперацый да выдачы крэдытаў і правядзення страхавых аперацый, устаноўлены і банкамат.
17 Верасня, дом 6 – гэта адна з самых старых пабудоў у нашым райцэнтры, узведзена яшчэ ў дарэвалюцыйны час (датуецца па архівах 1880 годам), але эксплуатуецца эфектыўна і ў ХХІ стагоддзі. Цяпер у памяшканнях раскватараваўся аддзел дэпартамента аховы МУС. Будынак па суседстве належыць райпо. Калісьці ў 80-я гады мінулага стагоддзя тут знаходзіўся магазін «Дзіцячы свет», які ў далейшым пераехаў на вуліцу Леніна, потым шмат гадоў – магазін «Ветэран», ён перадаў эстафету дыскаўнтару «Родны кут»… Цяпер тут ідуць рамонтныя работы і чакаецца наваселле. Яшчэ нядаўна па адрасе 17 Верасня, 7 знаходзіўся райаддзел міліцыі, пасля капітальнай мадэрнізацыі – гандлёвы цэнтр «Маякъ».
Ад вуліцы Раганава да пачатку Камсамольскай увесь бок аддадзены прадпрыемствам грамадскага харчавання і гандлю. Пачнём з рэстарана «Ластаўка» – першага будынка па гэтай вуліцы, які мае
нумар 1, а «нарадзіўся» ён у 1968 годзе. Колькі вяселляў, юбілеяў, банкетаў тут прайшло за больш як паўстагоддзя! А яшчэ тут можна проста смачна паабедаць. У тым жа будынку калісьці была кулінарыя, а цяпер пераехаў дыскаўнтар «Родны кут».
Наступны аб’ект – колішні хлебны магазін, цяпер райпоўскі, праўда, з іншай спецыялізацыяй. Ёсць яшчэ тыя, хто памятае, як даводзілася стаяць у доўгіх чэргах, каб купіць некалькі боханаў хлеба, іншы раз і ўвогуле прадавалі па адным на рукі – каб усім хапіла. І гэта было не так даўно – у канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Яшчэ адзін стары будынак размешчаны па адрасе 17 Верасня, 17. З 1939 года тут знаходзілася аддзяленне Брэсцкай абласной канторы Дзяржбанка СССР, якое займалася крэдытаваннем усіх галін народнай гаспадаркі. Аддзяленне ашчадбанка тут працавала доўгія дзесяцігоддзі. Цяпер будынак – прыватная ўласнасць, плошчы арандуе дыскаўнтар «Востраў чысціні».
Напэўна, старажылы памятаюць вельмі папулярнае месца сярод дзяцей і дарослых – колішнюю кнігарню, дзе заўжды было шматлюдна. Побач яшчэ адна тагачасная вядомасць, каля якой сёння, напэўна, праводзілі б фотасесіі, – скульптурная кампазіцыя: жанчына, якая адной рукой трымае дзіця, а другой – голуба. Зараз усяго гэтага няма, але жыццё тут віруе, б’е крыніцай, прычым у прамым сэнсе: у 1992 годзе да 500-годдзя Ляхавічаў па гэтым баку вуліцы заклалі сквер з фантанам і ўстанавілі памятны знак у гонар знакамітай гарадской фартэцыі. Днём, з вясны да восені на зялёнай зоне тут адпачываюць дзеці і дарослыя, часта прыходзяць сем’ямі, можна пасядзець на лавачцы, пакатацца на веласіпедах – прыгожа, утульна, камфортна. А вечарам прыходзіць патусавацца моладзь. Днямі тут з’явіліся сімвалічныя абноўкі да Дня народнага адзінства і Дня горада – устаноўлены арыгінальныя лавачкі аўтарства землякоў, якія ўдзельнічалі ў раённым конкурсе «Крэатыўная лаўка». Свае работы прадставілі арганізацыі і ўстановы ўсіх формаў уласнасці.
Многае змянілася на вуліцы падчас падрыхтоўкі горада да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013», з’явіліся шматлікія
клумбы, якія пастаянна папаўняюць і даглядаюць камунальнікі. Усталяваны аўтастаянкі, пастаянна падфарбоўваюцца пешаходныя пераходы.
Яшчэ адна асаблівасць вуліцы – аднабаковы рух аўтамабіляў.
Зацікавіла? Знайдзіце час і прагуляйцеся па ляхавіцкіх вуліцах. І па 17 Верасня,  і па іншых. У Ляхавічах, наогул, шмат цікавага.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.