Да спраў на карысць Радзімы – гатовы! Урачысты піянерскі збор «Салют піянерскаму папаўненню!» прайшоў у Ляхавічах

«Піянеры! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзьце гатовы!» –  на піянерскі заклік 11 верасня дружнае «Заўсёды гатовы!» адказалі і 175 пяцікласнікаў Ляхавіччыны. Урачысты піянерскі збор «Салют піянерскаму папаўненню!» прайшоў на плошчы Перамогі ў райцэнтры. У мінулую суботу тут з раніцы гучалі песні, з розных бакоў збіраліся школьнікі – усхваляваныя і радасныя, з кветкамі ў руках, яны акуратна трымалі новенькія зялёна-чырвоныя гальштукі. Побач з рабятамі – настаўнікі і бацькі.

Месца ўрачыстасці – каля помніка абаронцам, загінулым у баях пры вызваленні нашага райцэнтра, – знакавае, свяшчэннае для ляхавічан і гасцей горада. Кветкі ад піянераў –  даніна памяці героям.
«Заўсёды гатовы!» – гэты лозунг перадаецца з пакалення ў пакаленне як кодавае слова ўдзельнікаў арганізацыі, якія гатовы да добрых спраў. І разносіцца звонкае шматгалоссе юных –  урачыстае абяцанне любіць сваю Радзіму, быць добрымі і сумленнымі…
Права павязаць гальштукі прадастаўлена гасцям свята і лідарам раённай піянерскай арганізацыі. Першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава шчыра павіншавала рабят з набыццём ганаровага
звання – піянер.

Пасля шматлікіх пажаданняў і віншаванняў збор перамясціўся ў парк па вуліцы Дзесюкевіча. Тут разгарнулася квэст-гульня «Піянерская сцежка», дзе рабятам неабходна было прайсці выпрабаванні на сямі станцыях: «Васільковая», «Мая бяспека», «Музычная», «Масцярылка», «Мая Радзіма», «Крэатыўная» і «Сонечная». Вынік апошняй – газета пра піянерыю раёна. Рабяты паспяхова пераадолелі ўсе іспыты. Лепшымі названы дружыны Начаўскай СШ і Дараўскага ВПК, якія набралі найбольшую колькасць балаў у квэст-гульні. Пераможцам уручаны падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама БРСМ.

Ксенія СВАТКО,  навучэнка Падлескага ВПК:
– Да ўступлення ў піянеры рыхтавалася, як да свята. На піянерскі збор мяне праводзіла мама і пажадала быць самай лепшай! Вельмі рада, што буду насіць піянерскі гальштук. Ведаю, што піянеры павінны быць адказнымі і добрасумленнымі, а яшчэ добра вучыцца.

Вераніка ХРОМАВА,  навучэнка Конькаўскага ВПК:
– Піянер заўсёды наперадзе. Ён умее трымаць слова і пацвярджае яго значнымі справамі. А яшчэ ён надзейны сябар. Буду старацца выдатна вучыцца і дапамагаць старэйшым.

Ляхавічане Сяргей і Алена АСЕЦКІЯ:
– Сённяшні дзень для нашай сям’і запомніцца важнай падзеяй – сына Данііла прымаюць у піянеры. Гэта своеасаблівая прыступка да даросласці. Напярэдадні дома ўзгадвалі, як самі былі піянерамі, старанна прасавалі перад заняткамі гальштук, як спявалі піянерскія песні, хадзілі ў паходы і рыхтаваліся атрадам да збору. Канешне, расказалі сыну, якім павінен быць піянер.

Васілій ЛЕМЯШЭЎСКІ,  класны кіраўнік 5 «А» класа СШ № 1:
– Рады за сваіх рабят! Упэўнены, што гэты дзень застанецца ў іх памяці яркім імгненнем.Адметна, што піянерамі яны сталі ў Год народнага адзінства, калі шмат гаворыцца і робіцца для згуртаванасці народа, шанавання дзяржаўных сімвалаў і культурных традыцый. Важна, каб яны любілі свой родны край і былі сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны. У гэтым, акрамя іншых задач, бачу сваю ролю настаўніка і класнага кіраўніка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.