Адукацыя са знакам якасці. 16 верасня міністр адукацыі з рабочай паездкай наведаў Ляхавічы
Якасць адукацыі і падрыхтоўка педагагічных кадраў, профільнае навучанне і вялікая роля класнага кіраўніка – пра гэта і многае іншае вялася размова падчас сустрэчы міністра адукацыі
Ігара Карпенкі з педагогамі раёна.
16 верасня кіраўнік адукацыйнага ведамства з рабочай паездкай наведаў Ляхавічы, сустрэўся з кіраўніцтвам раёна і правёў у райвыканкаме прыём грамадзян.
Магчымасцю трапіць на прыём да міністра адукацыі скарысталіся чатыры чалавекі. Звароты датычылі прадастаўлення арэнднага жылля маладым спецыялістам, мэтазгоднасці змяншэння часткі
тэрыторыі агракаледжа пад забудову шматкватэрніка і перспектывы развіцця ўстановы адукацыі, будаўніцтва басейна ў райцэнтры, іншага. Ігар Карпенка ўважліва выслухаў кожнага заяўніка, па магчымасці даў грунтоўныя адказы. Некаторыя з пытанняў патрабуюць дэталёвага вывучэння і аналізу – невыканальных абяцанняў міністр не даваў.
У педагогаў Ляхавіччыны ў мінулы чацвер выдалася ўнікальная магчымасць пачуць непасрэдна ад міністра, якія задачы стаяць перад сістэмай адукацыі краіны, даведацца пра новаўвядзенні, абмеркаваць актуальныя пытанні далейшага развіцця сістэмы адукацыі і, канешне, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
Па словах Ігара Карпенкі, вельмі важна разумець агульнасць мэтаў, задач, якія педагогам трэба вырашаць, і якія падымаліся на Рэспубліканскім педагагічным савеце.
– Сапраўды, мы канцэптуальна рухаемся наперад не рэвалюцыйнымі метадамі, а метадам кропкавай адпрацоўкі існуючых праблем. На педсавеце мы гаварылі пра ключавыя пазіцыі – якасць адукацыі і падрыхтоўку педагагічных кадраў. Гэтыя пазіцыі актуальныя заўсёды: учора, сёння, заўтра, – адзначыў Ігар Карпенка.
Міністр нагадаў, што распрацаваны важныя дакументы – новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. У свабодным доступе з’явілася новая рэдакцыя правіл прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такім чынам, ідзе планамерная работа па рэалізацыі рашэнняў, прынятых на Рэспубліканскім педсавеце.
– Мы зацікаўлены ў тым, каб сістэма адукацыі рэалізоўвала ўсе патрэбы асобы, грамадства і дзяржавы і была выбудавана такім чынам, каб усе мелі роўны доступ да якаснай адукацыі незалежна ад таго, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова: у сельскай мясцовасці, абласным цэнтры, сталіцы. Выбудаваны пэўныя пазіцыі. Так, зменена методыка падліку балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Яна набліжана да мадэлі, якая існуе ў ацэньванні параметраў ведаў у агульнай сярэдняй адукацыі, – падкрэсліў Ігар Карпенка.
Гаварыў міністр адукацыі і пра важнасць развіцця мовы школьнікаў, пра ўдасканаленне сістэмы мэтавай падрыхтоўкі, выбудоўванне сістэмы адказнага стаўлення да вучобы саміх навучэнцаў, павышэнне планкі залічэння ў профільныя класы да 7–8 балаў (у аграрныя класы застаецца 6–7) і многае іншае, што датычыць сістэмы адукацыі.
Размова вялася і пра неабходнасць вакцынацыі. Кіраўнік ведамства пацікавіўся, як прышчапляюцца настаўнікі Ляхавіччыны. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская патлумачыла, што на сёння вакцыну атрымала палова работнікаў сістэмы адукацыі раёна.
Ігар Карпенка падзякаваў педагогам за стварэнне адукацыйнай платформы, якая не замяняе класна-ўрочную сістэму, а істотна дапаўняе яе і дазваляе на адлегласці наладзіць узаемадзеянне настаўніка і навучэнца. У яе фарміраванні прыняў удзел і настаўнік гісторыі Начаўскай СШ Уладзімір Погас.
Пытанні, якія прагучалі ад прысутных у зале педагогаў, датычылі магчымасці вяртання падвоенай спецыяльнасці ў выпускнікоў педвузаў – вельмі зручна для сельскіх школ, сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, магчымасці ўключэння ў штат дзіцячых садкоў медработніка і г. д.
На маршруце міністра адукацыі ў той дзень была гарадская гімназія, дзе навучаюцца 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Ігар Карпенка пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, створанымі ўмовамі для навучання і выхавання, наведаў і ацаніў аснашчанасць кабінетаў біялогіі, хіміі, што абсталяваны мульцібордамі і іншымі сучаснымі тэхнічнымі дапаможнікамі. Пабываў у спартыўнай зале, бібліятэцы і г. д. Без увагі міністра не засталіся забяспечанасць падручнікамі і наяўнасць іх электроннай версіі, укамплектаванасць спортінвентаром і іншае. Асаблівае ўражанне пакінула наведванне музейнага пакоя гімназіі, сінхранізаванага з яго інтэрактыўнай версіяй на чатырох мовах. Вельмі цікава і пазнавальна. У займальнай форме з дапамогай разнастайных тэхнічных фішак вывучэнне гісторыі роднага краю, яго традыцый становіцца захапляльным заняткам. Маецца нават відэастаронка са старажытнымі рэцэптамі.
Дырэктар гімназіі Таісія Шыбун расказала пра навучальны працэс гімназіі і яго выхаваўчыя адметнасці. Гасцям прэзентаваны шматлікія выставы: даследчых работ і праектаў навучэнцаў і педагогаў «Гэта Радзіма мая», «Родны край», вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аўтарства гімназістаў «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына». Рабяты падчас майстар-класа прадэманстравалі ўменні па салома- і льнопляценні, вышыўцы.
У гэты ж дзень міністр адукацыі наведаў Ляхавіцкі аграрны каледж.
У рабочай паездцы Ігара Карпенку суправаджалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.