Гарадскія імяніны. Сімвалічным для Ляхавічаў і ляхавічан стала сёлетняе святкаванне дня нараджэння роднага горада

Сімвалічным для Ляхавічаў і ляхавічан стала сёлетняе святкаванне дня нараджэння роднага горада. Яно супала
з прэм’ерай – новым для краіны дзяржаўным святам – Днём народнага адзінства, якое, пачынаючы з 2021 года, будзе адзначацца штогод 17 верасня. Разнастайныя мерапрыемствы, што пачаліся з мінулай пятніцы, праходзілі  ў адзіным парыве патрыятызму, натхнення, дружалюбнасці, з цудоўным настроем і радасцю.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Святочны адрас –  сімвалічны
Першай ластаўкай у вялікай святочнай чарадзе стаў лёгкаатлетычны прабег «Мы адзіныя», які пралягаў ад стадыёна «Колас» да плошчы Леніна, дзе прайшоў спартыўны флэшмоб «Перамагаць за Беларусь!». У прабегу ўдзельнічалі выхаванцы і педагогі  СДЮШАР, працоўныя калектывы, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.
– Мне заўжды асаблівае задавальненне дастаўляе актыўны адпачынак, і многія мае знаёмыя падтрымліваюць здаровы лад жыцця. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць, згуртоўваюць, надаюць сіл і паказваюць: калі мы разам – мы сіла! Дзякуй арганізатарам, усё выдатна, – гаворыць адна з удзельніц стартаў ляхавічанка Яўгенія Бельмач.
Па вуліцы з гістарычнай назвай 17 Верасня прайшло ўрачыстае шэсце з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. А пачалося яно з плошчы Перамогі. Нашчадкі тых, хто набліжаў перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям.
Сквер каля фантана чарговы раз стаў запатрабаванай канцэртнай пляцоўкай пад адкрытым небам: сваёй творчасцю з землякамі і гасцямі горада шчыра дзяліліся аматарскія калектывы Ляхавіччыны. А па-сапраўднаму святочны настрой стваралі заўжды маладыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.


Брава, супрацоўнікі купалаўкі! Вы падарылі незабыўныя эмоцыі, асабліва юным гараджанам, арганізаваўшы падарожжа ў мінулае – цікавую пазнавальную квэст-гульню па беларускай міфалогіі «У лабірынце роднага краю».
І ў звычайныя дні не пустуе футбольнае поле ў мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай, а ў мінулую пятніцу тут і ўвогуле не было дзе мячу ўпасці – прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе.

Ушанаванне  па-ляхавіцку
Святочная праграма планавалася, што відавочна было па анонсе, даволі насычанай і разнапланавай. Аднак надвор’е бязлітасна перапісала сцэнарый. Эпіцэнтрам урачыстасцей у мінулую суботу стаў ГДК, дзе і прайшоў гала-канцэрт «Мой горад – мой гонар».
Раздзяліць радасць падзеі з ляхавічанамі прыехалі нашы суседзі – прадстаўнікі кіраўніцтва Баранавічаў, а таксама Баранавіцкага, Нясвіжскага, Ганцавіцкага раёнаў. Сярод запрошаных гасцей і былыя кіраўнікі Ляхавіцкага раёна.
З прывітальным словам да землякоў і гасцей звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, які павіншаваў усіх з Днём народнага адзінства і 529-годдзем Ляхавічаў, пажадаў згоды і адзінства ў душах, дамах і сем’ях, калектывах. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў узнагароды райсавета дэпутатаў прадстаўнікам розных сфер, а таксама Падзякі калектывам за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства і Дня горада.
Неаднойчы сярод узнагароджаных падымаўся на сцэну і кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс» Валерый Радзюк.
– Амаль чатыры дзесяцігоддзі назад, дарэчы, таксама ў верасні, прыехаў сюды, працаваць у сельгаспрадпрыемстве «Нача». І з таго часу Ляхавіччына стала маёй другой радзімай, якую па-сапраўднаму люблю. Як можна не любіць тое месца, дзе сустрэў сваю другую на ўсё жыццё палавінку – жонку Людмілу. Тут нарадзіліся нашы дзеці, тут мы знайшлі справу па душы, якая прыносіць не толькі дабрабыт, але і задавальненне, – адзначае Валерый Радзюк.
Рэпетыцыяй перад 530-гадовым юбілеем назваў сённяшні дзень нараджэння горада старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна гаварыў пра значнасць Дня народнага адзінства, падкрэсліў важнасць адзінства ўсіх для дасягнення агульнай мэты – будаўніцтва квітнеючай Беларусі, павіншаваў са святамі.
На святочную сцэну падымаліся землякі, хто сваёй добрасумленнай працай, творчымі здабыткамі славіць Ляхавіччыну. Дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Скакун за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджаны Граматай Брэсцкага аблвыканкама.
– Я ляхавічанін і гэтым ганаруся. Усё маё жыццё звязана з родным горадам. Вучыўся ў СШ № 1, маладым спецыялістам прыйшоў працаваць у льнонасенстанцыю,  з 1997 года працую на льнозаводзе. Сёлета наша прадпрыемства адзначыць 50-гадовы юбілей. Віншую горад і ўсіх землякоў з  днём нараджэння! – гаворыць Дзмітрый Скакун.
Узнагароды прымалі і калектывы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, што вызначыліся ў розных конкурсах. Так, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч уручыла ўзнагароды ўдзельнікам конкурсу «Крэатыўная лаўка», а намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк – за лепшае добраўпарадкаванне. Апладысментамі сустракалі Вераніку і Івана Навумікаў – бацькоў самага маленькага ляхавічаніна. Мацвей Навумік нарадзіўся
30 ліпеня 2021 года. Як і паўстагоддзя назад, прымалі шматлікія віншаванні Клаўдзія і Мікалай Біза, праўда, цяпер ужо з 50-гадовым стажам сумеснага жыцця. Юбілейныя пасведчанні ўручыла начальнік аддзела загса Вольга Новік.
Не маглі не настройваць на мажор выступленні лепшых мастацкіх калектываў і мясцовых выканаўцаў, творчая выстава работ землякоў-мастакоў і ўдзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі  Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон».
Нават далёкага ад тэхнікі сучасніка, напэўна, уразіць, захопіць падарожжа ў аўтамінулае. Трапіць у яго можна было ў аўтацэнтры «Вікторыя», дзе прадаўжае папаўняцца цікавымі і самабытнымі экспанатамі музей рэтратэхнікі.
Высока і прыгожа гучалі як землякі-артысты, так і госці – народны клуб «Весніца» Лунінецкага раёна, знайшлі   сваіх прыхільнікаў тэатр жывых скульптур «Куфэрачак» з Брэста, цырк, па-зорнаму запаліў артыст беларускай эстрады  Герман.

З-за моцнага дажджу аматарам спорту і здаровага ладу жыцця не ўдалося пафеерыць на стадыёне «Колас». Але ж спартыўна-забаўляльная праграма, якая перамясцілася ў СДЮШАР, аказалася даволі насычанай. Прайшлі чэмпіянат раёна па мас-рэстлінгу, а таксама раённыя спаборніцтвы па розных відах спорту. Можна было паспрабаваць сілы і на скаладроме, паглядзець паказальныя выступленні рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» МНС. Народ драйваваў на квадрашоу. Весялілася моладзь на праграме «Пакаленне NEXT». Яскравым завяршальным акордам суботы сталі лазернае шоу і танцавальная праграма. І вось вераснёўскае неба над мірным горадам расквеціў салют у гонар горада-імянінніка і яго жыхароў.
Прадоўжылася свята і ў нядзелю.
Так горад, гараджане і нашы госці адзначылі 529-годдзе нараджэння Ляхавічаў. Да сустрэчы на юбілеі праз год –  у верасні 2022-га.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.