Як ляхавічане міфічных герояў вызвалялі

Каторы год запар да свайго прафесійнага свята –  Дня бібліятэк – супрацоўнікі нашай купалаўкі рыхтуюць запамінальнае падарожжа ў цікавы свет кнігі – «Кнігаварот». І хоць дажджлівае надвор’е  мінулай пятніцы  не дазволіла разгарнуцца  на традыцыйным месцы – пешаходным бульвары перад бібліятэкай, не менш насычанай стала праграма  ў бібліятэчных залах і пакоях.

– Заўжды вельмі адказна і крэатыўна падыходзім да падрыхтоўкі такога мерапрыемства. Падбіраем тэму, адпаведна ёй і персанажаў, якія становяцца экскурсаводамі на кожным прыпынку, а таксама заданні – конкурсы, віктарыны. Ролю кніжных герояў выконваюць работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна. Сёлетні «Кнігаварот» прысвечаны новаму дзяржаўнаму святу – Дню народнага адзінства. Мы запрасілі ўсіх землякоў – дарослых і дзяцей – у квэст-гульню па беларускай міфалогіі «У лабірынце роднага краю», – расказвае дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.
Квэст-гульня пачалася з загадкавага здарэння.  З кнігі «Героі міфаў і паданняў Беларусі» зніклі героі,  а замест маляўнічых карцінак – белыя аркушы. Як аказалася, злая чараўніца падманула герояў і сілай закрыла іх у сваім замку, каб на свой лад перапісаць міфы. І вось кожная група ўдзельнікаў адпраўляецца на пошукі міфалагічных персанажаў. Для іх вызвалення трэба дружна, аб’яднаўшы намаганні і веды, прайсці розныя выпрабаванні. Калі іспыт пройдзены, атрымліваеш пазл, напрыканцы ўсе пазлы складваюцца ў магічнае заклінанне, якое дапаможа вярнуцца героям на старонкі кнігі. Неабходна было справіцца з заданнямі на наступных прыпынках: «возера», «лес», «ніва», «казачны свет», «лазовы двор», «беларускі двор», «скарбнік».
І вось пазлы склаліся ў адну такую важкую фразу:  «Разам – мы вялікая сіла».


Дастаткова ўбачыць непадробнае захапленне ў вачах маленькіх гараджан, каб упэўніцца, – падарожжа цікавае.
– Вельмі-вельмі спадабалася. Я амаль усе загадкі адгадала. Але больш за іншых спадабаўся Вадзяны, – дзеліцца ўражаннямі выхаванка старэйшай групы ясляў-сада № 1 Маргарыта Гатоўчыц.
Прычым, не толькі дзеці даведваюцца шмат новага для сябе, але і для дарослых такія праграмы надзвычай пазнавальныя.
– Выхаванне любві да Радзімы пачынаецца з маленства. Мы стараемся нашым хлопчыкам і дзяўчынкам як мага больш расказваць пра Беларусь і беларусаў, гісторыю краіны. А тут такая выдатная магчымасць зазірнуць у мінулае праз зразумелую
дзецям мову – казкі, загадкі, міфы. Ды і сама нямала новага даведалася пра беларускую міфалогію, – адзначае выхавальнік дзіцячага сада № 2 Алена Дыдышка.
Хочацца адзначыць творчы падыход бібліятэкараў, не толькі да складання сцэнарыя, але і да стварэння касцюмаў, якія атрымаліся запамінальнымі і эксклюзіўнымі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.