Уменне слухаць і жаданне дапамагчы. У мінулую сераду Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праводзіла асабісты прыём грамадзян у Ляхавіцкім райвыканкаме

Такое спалучэнне – абавязковая ўмова для эфектыўнай работы са зваротамі грамадзян, пераканана Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава

У мінулую сераду Наталля Качанава праводзіла асабісты прыём грамадзян у Ляхавіцкім райвыканкаме.
За восем гадзін прыёму паступіла 39 зваротаў, сваімі праблемамі, пажаданнямі, прапановамі са  Старшынёй Савета Рэспублікі падзялілася амаль паўсотні  чалавек.

Магчымасцю трапіць на асабісты прыём да Наталлі Качанавай скарысталіся не толькі ляхавічане, але і жыхары Мінска, Гродна, Гомеля, Ліды, Баранавічаў і іншых рэгіёнаў. Тэматыка зваротаў у многім традыцыйная: пытанні, што датычаць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвай палітыкі, землекарыстання, пенсійнага забеспячэння і іншыя.
Заяўнікі скардзіліся на нядобрасумленных забудоўшчыкаў, няякасныя рамонты, раўнадушнасць канкрэтных службовых асоб і несправядлівыя, па іх меркаванні, рашэнні тых ці іншых службаў. Паступалі просьбы паспрыяць у вырашэнні набалелай праблемы, разабрацца ў складанай жыццёвай сітуацыі, гучалі прапановы па ўдасканаленні заканадаўства. Хтосьці прыходзіў з вельмі асабістым, што патрабуе асабліва далікатнага падыходу (напрыклад, усынаўленне дзяцей ці атрыманне адтэрміноўкі ад службы ў арміі), а іншыя ўздымалі пытанні, якія закранаюць многіх, з’яўляюцца актуальнымі для таго ці іншага населенага пункта.
Некалькі надзённых тэм узняў на прыёме старшыня Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч. Хвалюе яго лёс маленькай вёсачкі Зарэчча, дарожна ізаляванай ад «вялікага свету». Трапіць сюды можна, толькі праехаўшы пад чыгуначным мостам. Наогул, па інфармацыі чыгуначнікаў, гэта і не праезд, а месца для пропуску паводкавых і ліўневых водаў. Тым не менш, легкавушка тут праходзіць. А вось машына РАНС, калі ў вёсцы быў пажар, праціснуцца не змагла. Ды і грэйдар сюды не трапіць, як і любая іншая вялікагрузная тэхніка, напрыклад, з будаўнічымі матэрыяламі для рамонту домаўладанняў.
– Нам бы пераезд праз чыгунку. Але для гэтага патрэбны грошы на аб’язны шлях, якіх у раённым бюджэце сёння няма. А вось калі б нас уключылі ў абласную праграму развіцця транспартнай інфраструктуры, гэтае балючае пытанне было б знята,– разважае Дзмітрый Багушэвіч.
Старшыня Савета Рэспублікі пацвердзіла, што пытанні бяспекі людзей у краіне сярод прыярытэтных, таму вырашаць праблему неабходна, і далучыцца да вырашэння трэба і аблвыканкаму, і зацікаўленым ведамствам.
Яшчэ адно пытанне, агучанае старшынёй сельвыканкама, датычыла перспектыў развіцця вёскі Літвы. У населеным пункце, што літаральна мяжуе з Баранавічамі, даволі запатрабаванае жыллё, маецца чарга з жадаючых атрымаць участак пад будаўніцтва. А для фарміравання зямельных участкаў з мэтай прадастаўлення маючым патрэбу ці для продажу з аўкцыёна неабходна распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі квартала забудовы. Пытанне зноў жа ўпіраецца ў фінансаванне.
– Пытанне прадастаўлення ўчасткаў для будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці літаральна ўчора абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта. Зямлю трэба прадаставіць, –  сказала Наталля Качанава.
Яна расказала, што на нараду, якую Кіраўнік дзяржавы правёў з кіраўніцтвам Саўміна, быў вынесены шэраг пытанняў сацыяльнай накіраванасці, у тым ліку абмеркаванне праекта ўказа, што прадугледжвае дадатковае стымуляванне будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці. У дакуменце, акрамя іншага, плануецца абмежаваць магчымасць прадастаўлення дзяржпадтрымкі грамадзянам, якія паляпшаюць жыллёвыя ўмовы не па месцы пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу. Такія грамадзяне змогуць пабудаваць жыллё з дзяржпадтрымкай толькі ў меншых населеных пунктах. Гэта значыць, гараджане змогуць будавацца ў вёсцы, а вяскоўцы ў горадзе – не. Такая мера абмяжуе адток сельскага насельніцтва з месцаў пражывання і не дапусціць масавага зрушэння ў гарадскія межы.
Шэраг пытанняў, што хвалююць асабіста яго і датычаць іншых фермераў, падняў у сваім звароце кіраўнік адной з фермерскіх гаспадарак раёна. Акрамя іншага, гаварыў пра тое, што складана трапіць на баранавіцкі рынак, атрымаць «люднае» месца для гандлю ўласнай прадукцыяй. Абурае фермера, які вырошчвае агародніну і ягады, і патрабаванне мець у штаце асобу, адказную за электрычнасць. Першае пытанне цалкам у кампетэнцыі мясцовай улады, і яго трэба вырашыць, адзначыла Наталя Качанава. З другім разбяруцца ў профільным ведамстве.
Атрыманне зямельных участкаў для пашырэння вытворчасці ў Мінскім раёне, выдаленне дрэваў на вясковых могілках на Гомельшчыне, скасаванне дагавора долевага будаўніцтва кватэры ў Мінску і вяртанне сродкаў дольшчыкам – гэтыя і ўсе іншыя пытанні, што паступілі падчас прыёму, будуць дэталёва прапрацаваны.
Наталля Качанава падзялілася назіраннямі пра асаблівасці прыёмаў грамадзян у Брэсцкай вобласці:
– Тут жывуць людзі, якія прывыклі працаваць шмат. Займаюцца фермерствам, уласнай вытворчасцю, працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Прыходзяць з просьбамі аб выдзяленні зямлі, дапамозе ў набыцці тэхнікі. Інакш кажучы, людзі хочуць працаваць. І не чакаюць кагосьці, а робяць усё самі. Але ў нечым мясцовыя ўлады павінны дапамагаць.
Як стала вядома, 22 верасня падчас адзінага дня прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці да членаў Савета Рэспублікі звярнуліся каля 150 чалавек.
– Такую форму першы раз апрабавалі на Мінскім раёне. Працуем два дні. У першы праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, у другі – падводзім вынікі на выязным Прэзідыуме Савета Рэспублікі з запрашэннем мясцовых органаў улады. Гэта эфектыўна. Такую форму работы пераймаюць іншыя дзяржаўныя органы, – адзначыла Наталля Качанава. – Папрацаваўшы сёння ў вобласці, заўтра зможам абмяняцца думкамі, дзе і якія ёсць найбольш вострыя пытанні. Не ўсе з іх можна вырашаць на мясцовым узроўні. Ёсць і тыя, за якія трэба ўзяцца нам, людзям, якія працуюць з законапраектамі.
Работа са зваротамі грамадзян была і застаецца актуальнай для любых органаў улады – гэта паказчык іх эфектыўнасці, падкрэсліла Наталля Качанава, адкрываючы 23 верасня ў Бярозе выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі:
– Учора, у час адзінага прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці, я чарговы раз у гэтым пераканалася, – адзначыла спікер верхняй палаты Парламента. – Людзі звярталіся з жыццёвымі пытаннямі. Часам трэба проста падумаць, як іх вырашыць. Ёсць закон, які пераступаць нельга, але ёсць яшчэ і чалавечыя адносіны. З людзьмі трэба размаўляць, а самае галоўнае – умець іх чуць. Гэта палавіна поспеху кіраўніка. Наша задача – працаваць з людзьмі адказна, дакладна, зладжана.

Святлана СТЫКУЦЬ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.