Майстар- клас па прыгажосці. У Ляхавічах падвялі вынікі конкурсу санітарнага стану тэрыторый арганізацый і прыватных домаўладанняў

Тэрыторыя лясгаса.

Наш райцэнтр прыгожы, утульны, славіцца руплівымі, дбайнымі гаспадарамі. Прычым, мяжы ўдасканаленню, творчасці, крэатыўным задумкам няма. Што і пацвердзіў сёлетні конкурс санітарнага стану тэрыторый арганізацый  і прыватных домаўладанняў.

Гімназічнае добраўпарадкаванне.


У склад журы, якое ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей  Галяк, увайшлі супрацоўнікі аддзелаў архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, «ЛВ».
Пераможцаў вызначалі ў трох намінацыях з улікам шэрага крытэрыяў. Давялося няпроста: аб’ехалі ўсе мікрараёны горада, каб на ўласныя вочы ўбачыць зробленае землякамі ў плане навядзення парадку. У фінал выйшлі сапраўды лепшыя з лепшых.
У намінацыі «прадпрыемствы і арганізацыі рознай формы ўласнасці» прэтэндавалі на перамогу раён газазабеспячэння, лясгас, касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса; «бюджэтныя арганізацыі» – ГДК, гімназія, райбальніца, дзіцячыя садкі № 3 і № 4; «прыватныя сядзібы» – Рэгіна Лукашэвіч (вуліца Савецкая, 77), Юлія Белая (завулак Арлоўскага, 4), Іван Бурак (вуліца Дзесюкевіча, 14). Кожны з прэтэндэнтаў дастойны перамогі. Колькі сіл, натхнення, творчасці спатрэбілася, каб стварыць такую прыгажосць, утульнасць і надаць звычайнай тэрыторыі такі прывабны выгляд:
рознакаляровыя дываны з кветак, малыя архітэктурныя формы, стылізаваныя кампазіцыі…
А цяпер, калі ласка, знаёмімся з пераможцамі. Віват, лясгас, гімназія, Рэгіна Лукашэвіч!
Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі на святкаванні дня нараджэння горада.

Галіна КАНЬКО. 

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У двары Рэгіны Лукашэвіч.