Час другой маладосці. Дзень пажылых людзей не нагода сумаваць, сцвярджаюць удзельнікі клуба «Залаты ўзрост» Ляхавіцкага ТЦСАН
На сцэне – удзельнікі клуба «Залаты ўзрост» аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А гэта значыць – добры настрой гледачам гарантаваны. Яны не прафесійныя спевакі і не бралі ўрокі выканальніцкага майстэрства. Гэта людзі паважанага ўзросту, якія лічаць, што пенсія – той час, калі можна рэалізаваць нерэалізаванае і ажыццявіць жаданае – тое, на што ў маладосці не хапіла часу.
Выступленне «Залатога ўзросту» – заўсёды эфектнае шоу. Кожнай песні адпавядае асобны сцэнічны вобраз, які артысты шыюць-прыдумваюць самі. Дэталёва прадумваюць танцавальныя рухі і вобразы. Песні перамяжоўваюцца вершамі і жартоўнымі мініяцюрамі. Свой сцэнічны талент нашы землякі прэзентуюць падчас шматлікіх мерапрыемстваў, у тым ліку і раённых. І заўсёды заслугоўваюць шчырыя апладысменты. Калі на Дзень народнага адзінства яны выступалі, надвор’е было не летняе, а нашы артысты быццам не адчувалі гэтага і дарылі цудоўны настрой гледачам. Тады, 17 верасня, наведвальнікі аддзялення ўдзельнічалі ў прабегу, пасля разам з іншымі ляхавічанамі засвяціліся на флэшмобе, а пад вечар прыгожа спявалі на сцэне. Маладыя пазайздросцяць такой энергіі. Сярод удзельнікаў прабегу Ніна Палівода, Людміла Фаміна, Яўгенія Бельмач, Георгій Шабан, Надзея Нячай, Валянціна Сакалоўская, Валянціна Чаранкевіч, Стэфаніда Званковіч. Горача балелі за сваіх «калег» Ганна Малевіч, Святлана Гумнікава і Валянціна Паўлоўская.
У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых рады ўсім. Загадчыца Кацярына Жукоўская і кіраўнік гуртковай дзейнасці Вольга Давідоўская нераўнадушныя і добразычлівыя, не стамляюцца прыдумваць цёплыя сустрэчы, пішуць цікавыя сцэнарыі. Усё для таго, каб іх падапечным-сябрам было радасна і не адзінока. Ды і самі наведвальнікі аддзялення – людзі надзвычай творчыя. Толькі прапануй ідэю – яны яе падхопліваюць і ўвасабляюць у жыццё. Не пералічыць, у колькіх мерапрыемствах праяўлялі сваю актыўнасць. Як саліравалі нашы землякі на абласным фестывалі выканальніцкага мастацтва «Мы – адзіныя», што прайшоў на «Гарохавай дачы» ў Русінавічах! На абласным спартыўным свяце «Крок да даўгалецця» сярод 24 каманд Брэстчыны заваявалі дыплом III ступені. Спартыўныя мерапрыемствы – асобная старонка «Залатога ўзросту». Турыстычныя злёты, спартландыі і эстафеты, удзел у прабегах і многае іншае – рэцэпт даўгалецця. Ім не трэба доўга збірацца, каб пасядзець за кубкам чаю: сустрэча аб’яўлена – і кожны імкнецца пачаставаць сяброў. Прычым яны не жывуць назіраннямі за здароўем, а шукаюць яго ў агародзе, рукадзеллі і кулінарыі, танцах і г. д. А яшчэ ездзяць на экскурсіі і адпраўляюцца ў велапаходы.
У «Залатым узросце» ўсе як адзін сапраўдныя гаспадары і гаспадыні. На зіму робяць выдатныя нарыхтоўкі. Роля ж галоўнага шэф-повара належыць Яўгеніі Бельмач. Гэта яна здзіўляе сябровак смачнымі пірагамі і пячэннем, рознымі карыснымі для здароўя далікатэсамі з гарбуза.
Вершы Леаніда Шведа друкуюцца не толькі ў раёнцы, але і ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Сваім натхненнем Леанід Мікалаевіч шчодра дзеліцца з іншымі і атрымлівае на аўтарскую паэзію захапляльныя водзывы. А яшчэ спявае і майстарскі іграе на гармоніку – суправаджае творчыя нумары артыстак.
Душой і сэрцам піша вершы Ганна Малевіч, выразна дэкламуе гумарэскі Ніна Палівода.
Карэспандэнтам «ЛВ» пашчасціла ўбачыць у аддзяленні выставы шыкоўных вырабаў – творчыя работы прадстаўлялі Ліліяна Швед і Валянціна Паўлоўская.
Карціны Ліліяны Швед быццам выпраменьваюць святло – выглядаюць урачыста і прыгожа. Сюжэты ёй дорыць жыццё – тое, што чапляе і настройвае на добры лад. Бісерынка да бісерынкі – і нараджаюцца на палатне кветкі, жывёлы, казачныя пейзажы і г. д. Кожны элемент дэталёва вымалёўвае (яе карціны фарбамі дастойны асобнай выставы), прадумвае і даводзіць да дасканаласці. Першай аўтарскай работай Ліліяны Уладзіміраўны стала ікона. Адна з іх упрыгожвае царкву ў Баранавічах. Бывае, што невялікі фрагмент можа заняць нават 12 гадзін.
Ад таго, колькі сіл, любві і цярпення ўкладзена ў кожную работу, для майстра яны бясцэнныя. У творчай біяграфіі Ліліяны Швед і афармленне капліцы на Святым Полі, куды штогод адпраўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга». Менавіта пасля гэтага творчага праекта ёй было прысвоена званне народнага майстра рэспубліканскай дырэкцыі нацыянальных мастацкіх праграм. Удзельнічаў ва ўзвядзенні мемарыяльнага знака тады і Леанід Швед, які працаваў галоўным інжынерам «Баранавічыбудбыт».
Хобі Валянціны Паўлоўскай – вышыванне крыжыкам. Захапілася ім, калі некалькі гадоў назад адпачывала ў санаторыі. Тады набыла набор для рукадзелля, і справа пайшла. На канве з’яўляюцца пейзажы, расцвітаюць кветкі, лётаюць матылькі і прапісваюцца жыццёвыя сюжэты. Шыўкі акуратныя і вывераныя. Хобі маці падтрымліваюць і дзеці – купляюць усё новыя камплекты для творчасці. А Валянціна Аляксееўна вышывае карціны і дорыць іх сябрам і знаёмым.
– Калі вышываю – адпачываю. Хоць і займае занятак нямала часу, але шчаслівая ад таго, што камусьці дастаўлю радасць. А атрымліваецца добра – любуюся, – дзеліцца Валянціна Паўлоўская.
Нягледзячы на тое, што прафесія была звязана з лічбамі (таваразнаўца па адукацыі, на пенсію пайшла з Белаграпрамбанка), натура ў Паўлоўскай рамантычная. Даспадобы ёй вершы Асадава і Яўтушэнкі. Тыя, якія западаюць у сэрца, запісвае і вучыць на памяць, а пасля пранікнёна расказвае перад гледачамі. Любімымі вершамі спісаны чатыры сшыткі.
Валянціна Аляксееўна адзначае, што пенсія – гэта не фініш, а старт да заняткаў любімай справай. Аддзяленне дзённага знаходжання – аддушына, гасціннае месца сустрэч, дзе дзеляцца навінамі, падзеямі, вучацца адзін у аднаго і падтрымліваюць, займаюцца ў разнастайных гуртках.
Наведвальнікі аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту – людзі розных прафесій і характараў, інтарэсаў і поглядаў на жыццё, і яны шчыра радуюцца яму, ведаюць яго цану і ўсяляк даказваюць, што пенсія – гэта другая маладосць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і аўтара.