Няўважлівасць, абыякавасць і недысцыплінаванасць – крыніцы бяды. На сесіі райсавета дэпутатаў адно з пытанняў тычылася рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы № 1 на Ляхавіччыне
Чалавек павінен прыйсці на работу і вярнуцца дамоў такім жа. П’янаму не месца на працы і за рулём.
Такія простыя ісціны. Але, на жаль, не ўсе іх прытрымліваюцца, па-ранейшаму маюць месца ў нашым грамадстве негатыўныя з’явы. Барацьбу з імі вядуць розныя службы і на розным узроўні. Адно відавочна і пацверджана часам – павінен быць дакладны алгарытм дзеянняў, каб супрацьстаяць вытворчаму траўматызму, гібелі людзей на пажарах і ў дарожных аварыях, распаўсюджванню п’янства і алкагалізму, розным супрацьзаконным праявам.
Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» дзейнічае больш як 17 гадоў. Тым не менш, праблемныя моманты, акрэсленыя ў ёй, і сёння надзвычай актуальныя і патрабуюць самай пільнай увагі. На вераснёўскай 29-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання адно з пытанняў тычылася рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы № 1 на Ляхавіччыне.
Іншы раз хапіла б кантролю
Адной з асноўных задач, пастаўленых перад дзяржаўнымі органамі Дырэктывай, з’яўляецца забеспячэнне бяспечных умоў працы і ўмацаванне працоўнай дысцыпліны.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначыла: работа, што праводзяць наймальнікі па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы, недастатковая. Безадказнымі яна назвала і адносіны да свайго здароўя і жыцця некаторых работнікаў.
Па словах Дзіяны Трысцень, у нашым раёне зменшылася колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці: за восем месяцаў сёлета зарэгістраваны два выпадкі (летась за аналагічны перыяд –
сем) – у ПМК-13 і СВК «Ляхавіцкі», на шчасце, з лёгкім зыходам. Прычыны траўмавання – парушэнне пацярпелым патрабаванняў інструкцыі па ахове працы і непрадказальныя паводзіны жывёлы. Як адзначыла дакладчык, віна наймальніка ў абодвух выпадках адсутнічала. Летась быў адзін няшчасны выпадак на вытворчасці, калі пацярпелы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Разам з тым, па словах Дзіяны Трысцень, у многіх арганізацыях раёна захоўваюцца негатыўная тэндэнцыя парушэння элементарных патрабаванняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, тэхналагічных нормаў вытворчасці, нізкі ўзровень працоўнай дысцыпліны. Для аказання практычнай і метадычнай дапамогі, з мэтай кантролю за студзень – жнівень 2021 года праведзена 76 рэйдаў раённай мабільнай групы (на 11 больш, чым у 2020 годзе). Падчас іх выяўлена 827 парушэнняў патрабаванняў бяспекі. Аналіз паказаў, што асноўныя парушэнні наступныя: эксплуатацыя няспраўнага абсталявання, няякаснае афармленне дакументацыі, няпоўнае абсталяванне санітарна-бытавых памяшканняў, неналежны стан тэрыторыі і іншае. Прычым, 42 працэнты зарэгістраваных парушэнняў можна ўхіліць без грашовых выдаткаў – пры навядзенні элементарнага парадку і ўзмацненні кантролю з боку адказных службовых асоб. Па выніках праверак аб’яўлена 12 заўваг, столькі ж выгавараў, 15 чалавек звольнены, 21 пазбаўлены прэмій.
Яшчэ адзін негатыўны момант – прагулы. Дзіяна Трысцень паведаміла, што за восем месяцаў гэтага года 263 работнікі ўчынілі 403 прагулы, з іх 18 службовых асоб і 21 абавязаная асоба. Найбольшая колькасць прагулаў зафіксавана ў ААТ «Жарабковічы» (111), «Ляхавіцкі льнозавод» (57), «Нача» (40), КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» (27).
Даводзіцца канстатаваць, што з году ў год маюць месца факты, калі работнік выконвае свае працоўныя абавязкі ў нецвярозым стане. Сёлета спецыялісты арганізацый устанавілі 140 такіх фактаў. З’явіцца на рабочым месцы п’янымі сабе «дазволілі» дзве службовыя асобы, 117 рабочых і сем абавязаных асоб. Лідары тыя ж – «Жарабковічы», ільнозавод, камунгас. Ёсць і станоўчыя прыклады: не ўстаноўлена фактаў прагулаў і з’яўлення на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення ў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», ДРБУ-200, ЗАТ «Белпрампрыбор».
Сярод умоў, што павінны паспрыяць умацаванню працоўнай дысцыпліны, Дзіяна Трысцень назвала высокую арганізацыю працы і вытворчасці, дакладнае вызначэнне службовых функцый кожнага работніка, прадуманую сістэму матывацыі працы.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран падкрэсліў, што кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый усіх формаў уласнасці неабходна звярнуць увагу на эфектыўнасць работы інспектараў па ахове працы. Акрамя таго, на кожным суб’екце павінна быць распрацавана сістэма работ у гэтым жа напрамку.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч акцэнтаваў увагу на наступным аспекце: важна, каб чалавек прыходзіў на работу здаровым. Менавіта з гэтай мэтай і арганізаваны медагляды, пасля праходжання якіх чалавек атрымлівае допуск да работы. На жаль, не ва ўсіх арганізацыях гэтай акалічнасці надаецца належная ўвага – людзі працуюць без праходжання медкамісіі.
Таксама чарговы раз узгадвалася неабходнасць і важнасць прышчэпачнай кампаніі супраць каранавіруса.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса зазначыў, што кіраўнікам арганізацый неабходна ўзмацніць як уласную адказнасць за рэалізацыю патрабаванняў Дырэктывы № 1, так і кантроль за выкананнем працоўнай дысцыпліны кожным працаўніком.
Пра культуру бяспекі жыццядзейнасці
Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч паведаміў, што за восем месяцаў у раёне зарэгістравана 20 пажараў, і гэта на пяць менш, чым у папярэднім годзе. Загінулі на пажарах трое жыхароў Ляхавіччыны (летась – пяцёра) – у Крывошынскім, Ганчароўскім, Альхоўскім сельсаветах. Важным складнікам работы па папярэджанні пажараў, фарміраванні ў насельніцтва культуры бяспекі жыцця-
дзейнасці Юрый Буйкевіч назваў актыўную прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. У прыватнасці, добра зарэкамендавалі сябе сустрэчы з працоўнымі калектывамі, выступленні ў навучальных установах, а таксама сельскія сходы, гутаркі з насельніцтвам па месцы жыхарства і іншае. Супрацоўнікі РАНС удзельнічалі ў 158 маніторынгах стану пажарнай бяспекі суб’ектаў гаспадарання, па выніках якіх да ўхілення прапанавана 447 супрацьпажарных мерапрыемстваў.
За дапушчэнне парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі на падпарадкаваных аб’ектах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 12 кіраўнікоў аб’ектаў, 20 службовых асоб. Яшчэ тры кіраўнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з-за невыканання прапанаваных па выніках праверак мерапрыемстваў.
У Ляхавіцкім раёне назіраецца тэндэнцыя па зніжэнні агульнай колькасці ўчыненых злачынстваў: са 134 летась да 124 сёлета. Гэтыя лічбы агучыў перад удзельнікамі сесіі начальнік штаба РАУС Аляксандр Машэй. Аднак, хоць узровень злачыннасці на дзесяць тысяч насельніцтва і знізіўся (з 49,8 да 38,8), але ўсё ж перавышае сярэднеабласны паказчык – 36,1.
Начальнік штаба ўдакладніў, што па лініі крымінальнага вышуку найбольш злачынстваў адбылося на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета – 11, Начаўскага – восем, у Ганчароўскім і Альхоўскім сельсаветах – па тры ў кожным. Аляксандр Машэй сярод станоўчых тэндэнцый нагадаў зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых грамадзянамі ў алкагольным ап’яненні, асобамі, якія мелі судзімасць, а таксама групавых злачынстваў. Сёлета, дзякуючы мерам прафілактыкі, не зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, злачынстваў з удзелам замежных грамадзян, па напрамку наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі.
Больш выяўлена злачынстваў па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і карупцыяй. Рост і па лініі кіберзлачыннасці: за восем месяцаў 2021 года іх 15 – на пяць больш, чым у 2020 годзе. Прычым, толькі па адным устаноўлены злодзей, які ўкраў грошы праз банкамат. У астатніх выпадках пацярпелыя самі перадавалі звесткі пра рэквізіты сваіх банкаўскіх картак у сацыяльных сетках, падчас размоў па тэлефоне ці праз гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі.
Аляксандр Машэй паведаміў, што ў раёне рэгіструецца больш крадзяжоў. Адна з прычын – нядбайнасць грамадзян у адносінах да ўласнай маёмасці. Злодзеі часта бяруць тое, што дрэнна ляжыць. Жыхар Вострава пакінуў сумку з грашыма каля магазіна, ляхавічанін – кашалёк у кафэ, другі – аўтамабільныя дыскі ў пад’ездзе дома і г. д.
Начальнік штаба РАУС спыніўся і на парушэннях антыалкагольнага заканадаўства. За сем месяцаў 2021 года выяўлена 30 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства (летась – 14) адабрана 504 літры спіртаўтрымліваючай вадкасці, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі адпраўлены 22 чалавекі, якія злоўжываюць алкаголем.
Напружанай застаецца сітуацыя на дарогах. У раёне сёлета адбылося сем ДТЗ, і гэта на чатыры больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года. Усяго за сем месяцаў зафіксавана 2452 парушэнні правілаў дарожнага руху (летась – 704).
Прыярытэты расстаўлены
З мэтай далейшага ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны, стварэння ўмоў для бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва раёна райсавет дэпутатаў даручыў аддзелу арганіза-
цыйна-кадравай работы райвыканкама
сумесна з пастаяннай камісіяй райсавета па пытаннях мясцовага кіравання, самакіравання, законнасці і правапарадку распрацаваць план мерапрыемстваў на 2022 год па азначаных тэмах. Прычым прыярытэтнымі напрамкамі лічыць: грамадскую бяспеку, прафілактыку п’янства і алкагалізму, суіцыдальных паводзін, дарожную бяспеку, папярэджанне надзвычайных сітуацый. У сувязі з чым, як падкрэсліў Леанід Калбаса, РАНС
сумесна з сельвыканкамамі патрабуецца ўзмацненне пажарна-прафілактычнай работы сярод насельніцтва па папя-
рэджанні правапарушэнняў, што садзейнічаюць гібелі людзей ад знешніх прычын. Мабільнай групе райвыканкама трэба правесці пазапланавыя маніторынгі арганізацый, дзе ў 2021 годзе зарэгістраваны няшчасныя выпадкі на вытворчасці.
Частка рашэнняў, прынятых сесіяй, тычыцца кіраўнікоў устаноў і арганізацый.
У першую чаргу, гэта забеспячэнне поўнага захавання падначаленымі патрабаванняў Дырэктывы № 1. Таксама ўвага на арганізацыю работы па выяўленні грамадзян, якія ў рабочы час на працоўным месцы знаходзяцца ў нецвярозым стане, і інфармаванні РАУС пра такія факты. Асаблівая ўвага павінна быць звернута на мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне аховы грамадскага парадку, супрацьпажарнай бяспекі, бяспекі дарожнага руху і папярэджанне крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей падчас палявых работ, іншае.
Перад сельвыканкамамі пастаўлена задача сумесна з зацікаўленымі службамі актывізаваць работы па выдаленні небяспечных аварыйных дрэваў на падведамасных тэрыторыях. Пад пільным кантролем выкананне плана па зносе старога жылля. Неабходна ўдасканаліць і зрабіць больш мэтанакіраванай індывідуальную прафілактычную работу з сацыяльна неабароненымі катэгорыямі насельніцтва.
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намеснікаў старшыні райвыканкама па напрамках дзейнасці, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, РАНС, РАУС.
Галіна КАНЬКО.