Вынікі работы і спрэчныя пытанні. Прэзідэнт сустрэўся з членамі Канстытуцыйнай камісіі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка  28 верасня прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі.
Сустрэчу з членамі Канстытуцыйнай камісіі Прэзідэнт анансаваў тыдзень назад на нарадзе з кіраўніцтвам  Савета Міністраў. Тады
Аляксандр Лукашэнка даручыў адказным асобам сур’ёзна падрыхтавацца да гэтага мерапрыемства, асабліва ў частцы перадачы паўнамоцтваў.
Указ аб Канстытуцыйнай камісіі для рэалізацыі палажэнняў рэзалюцыі  VI Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка падпісаў у сакавіку бягучага года. Ёй было даручана распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і  забяспечыць іх усенароднае абмеркаванне.
У склад Канстытуцыйнай камісіі ўваходзяць 36 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб’яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы – заслужаныя і аўтарытэтныя людзі, якія маюць актыўную гра-
мадзянскую пазіцыю.

Кіруе работай камісіі старшыня Канстытуцыйнага суда заслужаны юрыст Беларусі Пётр Міклашэвіч. Яго намеснікі на пасадзе старшыні камісіі – старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава.
Камісію надзялілі правам пры неабходнасці задзейнічаць у рабоце кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.
Вынікам серыі праведзеных пасяджэнняў стаў унесены Прэзідэнту праект з прапановамі па змяненні шэрага палажэнняў дзеючай Канстытуцыі. Па выніках праведзенай работы прапануецца змяніць 53 артыкулы Канстытуцыі, увесці 14 новых артыкулаў і
тры артыкулы выключыць.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы папярэднія вынікі работы Канстытуцыйнай камісіі на яе пашыраным пасяджэнні, заявіў, што ёсць варыянт праекта новага Асноўнага Закона.
«Мінулі месяцы напружанай працы, вялікай работы, спрэчак, прэтэнзій адзін да аднаго. На наш заклік прыняць удзел у распрацоўцы новай рэдакцыі Асноўнага закона адгукнулася вялікая колькасць людзей, у тым ліку грамадскія аб’яднанні, – сказаў Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы пасяджэнне. – Вам давялося дэталёва вывучыць усе прапановы і ініцыятывы, прааналізаваць сусветны вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, вывучыць сучасныя тэндэнцыі развіцця канстытуцыйнага заканадаўства. Гэта, безумоўна, вялікая работа».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім членам камісіі за адказны падыход да справы, неабыякавасць, шчырасць і ўключанасць.
«Я ўважліва сачыў за працэсам, слухаў вашы выступленні ў сродках масавай інфармацыі. Словам, быў уключаны ў тое, што адбываецца. Можна канстатаваць, што ёсць варыянт праекта новага Асноўнага Закона краіны», – заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў сістэмны характар прапануемых змяненняў, якія закранаюць практычна ўсе раздзелы Канстытуцыі. Папраўкі, паводле яго слоў, накіраваны на тое, каб зрабіць Асноўны Закон краіны больш сучасным.
Асобна Кіраўнік дзяржавы вылучыў тыя палажэнні, якія яму імпануюць у прапанаваным праекце.

Каштоўнасныя арыенціры  грамадства
Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў замацаванне ў Канстытуцыі каштоўнасных арыенціраў грамадства, у тым ліку захаванне гістарычнай праўды і памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
«На мой погляд, гэта абсалютна правільна. Менавіта патрыятызм і гістарычная памяць робяць нас сапраўды адным народам, адзінай нацыяй. Калі мы ў Канстытуцыі акцэнтуем увагу на гэтым, то, давайце так, папросту кажучы, гэта нам не пашкодзіць, гэта не будзе супярэчыць нормам і прынцыпам юрыспрудэнцыі», –
падкрэсліў Прэзідэнт.

Суверэнітэт  і тэрытарыяльная цэласнасць
«Вы правільна прапануеце пакінуць непахіснымі канстытуцыйныя прынцыпы, накіраваныя на забеспячэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, –  згадзіўся з прапанаванымі папраўкамі  Аляксандр Лукашэнка. – З імі мы адбыліся як нацыя, як суверэнная дзяржава, аб якой наш народ марыў стагоддзямі».

Пераемнасць  сацыяльнай палітыкі
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Асноўным Законе прапануецца захаваць пераемнасць
сацыяльнай палітыкі дзяржавы і нават прыкметна павысіць узровень сацыяльнай абароненасці грамадзян. «З гэтым я згодны. Гэта адпавядае дзяржаўнаму курсу, які падтрымлівае большасць грамадзян краіны. Але тут ёсць небяспека скаціцца да льгатавання ўсяго і ўся. Вось гэтага дапусціць нельга ні ў якім разе, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Сацыяльная абароненасць – гэта не ёсць пашырэнне льгатавання».
Беларускі лідар лічыць, што новая Канстытуцыя павінна прадаставіць, калі гэта магчыма, большыя магчымасці для самарэалізацыі людзей, чым цяперашняя. «Нашы людзі вельмі прывязаны да дзяржавы і лічаць, што дзяржава павінна рабіць усё (большасць грамадзян, не ўсе) – ад рамонту агароджаў да будаўніцтва жылля», – заўважыў Прэзідэнт. У будучым, на яго думку, сітуацыя павінна паступова змяняцца.
«Упэўнены, што беларусы пазітыўна ўспрымуць прапановы камісіі аб замацаванні гарантый пенсійнага забеспячэння, падтрымкі сем’яў з дзецьмі, каштоўнасці сям’і і шлюбу, роўных магчымасцей для асоб з інваліднасцю», – заявіў беларускі лідар.

Гарманізацыя  палітычнай сістэмы  і пераразмеркаванне
паўнамоцтваў

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адна з важных прапаноў Канстытуцыйнай камісіі датычыцца палітычнай сістэмы краіны і накіравана на тое, каб зрабіць яе больш гарманічнай і збалансаванай, пераразмеркаваўшы паўнамоцтвы Прэзідэнта, Парламента і Урада, устанавіўшы канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, Цэнтрвыбаркама.
«Таксама прапанавана пашырыць гарантыі судовай абароны правоў грамадзян. Прапрацавана практычна ўсё, аб чым мы сталі гаварыць задоўга да пачатку работы Канстытуцыйнай камісіі», – сказаў беларускі лідар.

Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбудзецца не пазней за люты  2022 года, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Важна, каб уся праводзімая работа па канстытуцыйным будаўніцтве стала асновай для кансалідацыі беларускага грамадства, заклала трывалы прававы фундамент для развіцця краіны на перспектыву. Упэўнены, так і будзе, таму што канчатковае рашэнне прыме народ. Як я ўжо гаварыў, рэферэндум адбудзецца не пазней за люты будучага года», – сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў грамадстве існуюць розныя пункты гледжання, асабліва сярод людзей, якія шмат зрабілі для станаўлення дзяржавы. Ёсць, у прыватнасці, і тыя, хто лічыць, што рэферэндум не патрэбны і трэба ісці цяперашнім шляхам, не змяняючы Канстытуцыі. «Гэта не прымаецца. Мы паабяцалі правесці рэферэндум па Канстытуцыі. Ад нас патрабавалі «перамен» і не толькі. Мы самі разумелі, што сутнасць жыцця ў тым, каб пастаянна змяняцца. Толькі на карысць павінна быць. Перамены – гэта не ломка, не злом, а эвалюцыйнае развіццё», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Канстытуцыя патрэбна, таму што патрэбны нармальны рух наперад. Будзем разумець гэта як перамены. І гэта разумна, калі мы перамены ажыццяўляем ні з сяго ні з таго, а грунтуючыся на фундаментальным. І гэта ўсё павінна быць законна. Канстытуцыя якраз і закладзе асновы гэтых перамен», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БЕЛТА.