З віншавальнай місіяй. У Ляхавіцкім раёне з Днём пажылых людзей віншавалі 100-гадовых зямлячак
Пражыць стагоддзе – не поле перайсці. У кожнага з нашых землякоў, хто адзначыў векавы юбілей, свая гісторыя жыцця і рэцэпт даўгалецця.
А вось у супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва склалася цудоўная клапатлівая місія –
віншаваць доўгажыхароў напярэдадні Дня пажылых людзей са святам. 28 верасня прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», ТЦСАН і РАНС завіталі да ляхавічанкі Аляксандры Шпак і жыхаркі вёскі Вадзяціна Надзеі Дрозд (на здымку). Ад «Белай Русі» паважаным зямлячкам уручаны падарункі.
Выратавальнікі, у сваю чаргу, праверылі спраўнасць пячнога ацяплення і электрычнай праводкі, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а таксама нагадалі пра бяспеку жыццядзейнасці, уручылі памяткі па выкананні мер пажарнай бяспекі з падрабязным апісаннем дзеянняў у выпадку ўзнікнення здарэння.
Дзяржава прымае розныя меры для таго, каб у людзей старэйшага ўзросту была дастойная старасць, асабліва клапоціцца пра тых, хто не можа паклапаціцца пра сябе сам. ТЦСАН прапануе паслугі сацыяльных работнікаў. Сярод інструментаў дапамогі і аказанне сацыяльна-бытавых паслуг, кваліфікаванага догляду ў надомных умовах. Таксама маецца магчымасць уладкавання ў Ганчароўскі дом сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў. Стаць яго жыльцом можа і чалавек, які пражывае адзін, і той, у каго маюцца сваякі. Галоўнае – бяспека адзінока пражываючых пажылых людзей.
А дарослым дзецям варта часцей праведваць сваіх бацькоў і абавязкова ўстанавіць ім аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.