Аргументы прафілактыкі
У кожнага свая формула сямейнага шчасця, але галоўнае – павага і ўзаемаразуменне. Калі ж у якасці аргументаў выступаюць кулакі ці хатнія рэчы – такія адносіны псіхолагі фармулююць як дамашняе насілле. У падобных выпадках нельга моўчкі цярпець ні жанчынам, ні мужчынам, трэба звярнуцца за дапамогай у адпаведныя службы. На варце інтарэсаў ахвяры сямейнага насілля – міліцыя, сельвыканкамы, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, медыкі, педагогі.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць дзевяць саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку: адзін у Ляхавічах, астатнія пры сельвыканкамах. На іх пасяджэннях разглядаюцца разнастайныя пытанні, што датычаць правапарадку і бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва,у тым ліку пытанні работы з асобамі, якія злоўжываюць алкаголем, прафілактыка злачыннасці, гібелі людзей на пажарах і г. д.
ТЦСАН аказвае псіхалагічную дапамогу пацярпеламу ад насілля і яго родным, пракансультуе, як аформіць і атрымаць усе віды льгот і гарантый, прадугледжаных заканадаўствам. Тыя, хто трапіў у цяжкую сітуацыю, могуць часова скарыстацца паслугамі «крызіснага» пакою.
У панядзелак у райвыканкаме прайшоў вучэбна-метадычны семінар па рэалізацыі мер індывідуальнай прафілактыкі ў адносінах грамадзян, схільных да ўчынення правапарушэнняў.
Пра тое, як вядзецца гэта работа супрацоўнікамі міліцыі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі, падрабязна расказалі прадстаўнікі РАУС. Сёння на прафілактычным уліку ў райаддзеле ўнутраных спраў 36 сямейных дэбашыраў.
Саветы грамадскіх пунктаў з’яўляюцца арганізацыйнай формай аб’яднання намаганняў добраахвотных дружын, арганізацый і грамадзян па ахове правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў. З пачатку года на пасяджэннях грамадскіх пунктаў аховы правапарадку рагледжана больш за дзве сотні грамадзян, якія
трапілі ў зводкі РАУС, а таксама па паведамленні камісій па справах непаўналетніх райвыканкама, райаддзела Следчага камітэта і іншых структур.
Пра ранняе выяўленне сямейнай неўладкаванасці і насілля ў сям’і, парадак аказання дапамогі ахвярам дамашняга насілля, у тым ліку і пажылым людзям, міжведамаснае ўзаемадзеянне гаварылі супрацоўнікі райбальніцы, ТЦСАН, аддзела па адукацыі райвыканкама. Таксама разгледжаны алгарытм дзеянняў у такіх сітуацыях медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, педагогаў.
Святлана ЮРЛЕВІЧ,
намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага міжведамаснага савета па аказанні дапамогі
ахвярам сямейнага насілля.
Калі вам неабходна дапамога і падтрымка, тэлефануйце па нумары гарачай лініі ТЦСАН 2-17-93, кругласутачны кантакт – 4-22-38.
Тэлефон даверу сацыяльна-педагагічнага цэнтра – 2-11-81.
У Брэсцкай абласной паліклініцы №1 працуе цэнтр сяброўскіх адносін да падлеткаў «Разам» (тэлефон 8-0162-57-40-88). У Мінску дзіцячы псіхолаг цэнтра сяброўскіх адносін да падлеткаў «Давер» пракансультуе па тэлефоне 8-017- 277-22-42.
Нумар Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі 8-017-300-10-06.
Кругласутачна працуе Рэспубліканская дзіцячая тэлефонная лінія 8-801-100-16-11.