Сямейна-школьныя дуэты. У Востраўскай СШ Ляхавіцкага раёна настаўнічаюць сем’ямі
На Ляхавіччыне нямала сем’яў, у якіх сыны ці дочкі пайшлі па прафесійных слядах бацькоў і выбралі сваім прызваннем вучыць дзяцей. А бывае і так, што ў адной школе настаўнічаюць муж і жонка. Напрыклад, як у Востраўскай СШ сем’і Вашчулаў і Сахонаў (на здымку).
На дваіх у Сцяпана і Ліліі Вашчулаў 83 працоўныя адукацыйныя гады. Сцяпан Ціханавіч не адразу прыйшоў у настаўніцтва. Выпускнік Мінскага політэхнічнага тэхнікума пасля размеркавання працаваў на Тухавіцкім торфабрыкетным заводзе, дзе быў і начальнікам участка, і начальнікам дэпо. Жонка так расхвальвала адукацыю, што вырашыў авалодаць і педагагічнай прафесіяй. Паступіў. І з завода перайшоў у мясцовую школу настаўнікам тэхнічнай працы і чарчэння. Жонка тут жа вяла біялогію. Сямейна-школьны дуэт быў вельмі плённым і выніковым. Ліліі Іванаўне гаспадарлівы муж дапамагаў і ў цяпліцы навучальнай установы, і на ўчастку, і з высадкай расады. Яна ж, тады ўжо аўтарытэтны настаўнік з вышэйшай катэгорыяй, давала маладому спецыялісту вельмі кампетэнтныя парады. А калі рыхтаваліся да адкрытых урокаў, то кватэра нагадвала дыскусійную пляцоўку: спрачаліся, але заўсёды прыходзілі да агульнага рашэння. У Ліліі Іванаўны навучэнцы заваёўвалі пераможныя месцы на алімпіядах па біялогіі на абласным узроўні. Не адставаў ад жонкі і Сцяпан Ціханавіч – на ўсе рукі майстар, ён пастаянна прыўносіў у свае ўрокі цікавае і карыснае. Прыдумаў, напрыклад, дыстанцыйнае кіраванне станкамі – дзеля забеспячэння бяспекі школьнікаў на ўроках працы.
Сёння яны абодва на пенсіі, але без працы не ўяўляюць жыцця. І з радасцю едуць з Тухавічаў у Востраўскую школу, адносна якой у іх багата планаў. Сцяпан Ціханавіч разважае, як лепш абсталяваць майстэрню. Не толькі дзеля дакладнага выканання навучальнай праграмы, а каб рабяты набылі практычныя ўменні і не разгубіліся, калі давядзецца павесіць карціну ці адрамантаваць кран. Лілія Іванаўна вядзе грамадска-карысную працу і адказвае за афармленне клумбаў. Амаль уся расада была ўласна вырашчана і даведзена да квітнеючых раслін. Так што сямейнасць у педагогіцы толькі на карысць. А ў кастрычніку пара педагогаў адзначыць залатое вяселле, і, канешне, сярод віншаванняў будуць і сардэчныя пажаданні ад калег.
– У школе мы калегі, а муж і жонка – дома, – адзначае Аляксандр Сахон пра сямейныя адносіны на рабоце.
У Востраўскай СШ з жонкай Людмілай Аляксандраўнай настаўнічаюць з 1988 года – з моманту пераезду ў населены пункт. І ні разу не пашкадавалі, што маюць агульнае месца працы. Адзначаюць, што гэта спрашчала многія жыццёвыя сітуацыі. У адукацыі Аляксандр Антонавіч 42 гады. Настаўніка фізічнай культуры і здароўя любяць дзеці і паважаюць калегі. Зараз урокі ён вядзе ў 3–11 класах і, без перабольшання, у многіх рабят гэта любімы прадмет. А заняткі па беларускай мове і літаратуры ў выкладанні Людмілы Аляксандраўны, па словах школьнікаў, пралятаюць на адным дыханні – так даступна і цікава яна падае вучэбны матэрыял. У прафесіі Людміла Сахон 35 гадоў і заслужыла славу педагога, які дасканала ведае сваю справу, прычым не адмаўляецца ад новых адукацыйных тэндэнцый і сучасных тэхналогій. У яе працоўным «банку» маюцца і дыпламанты алімпіяд абласнога ўзроўню, удзельнікі рэспубліканскіх этапаў. У Аляксандра Антонавіча таксама хапае дасягненняў і перамог яго выхаванцаў-спартсменаў.
Сахоны шчыра хвалююцца за справы адзін аднаго, падтрымліваюць і дапамагаюць. Прайшоў адкрыты ўрок ці важнае мерапрыемства, адразу адзінае пытанне і ў мужа, і ў жонкі: «Як там?».
У снежні сямейная пара адзначыць 35-годдзе сумеснага жыцця, і ў іх наперадзе шмат ідэй і планаў.
– Калектыў Востраўскай СШ зладжаны і высокакваліфікаваны. І вельмі прыемна быць яго часткай. Цудоўна, што школа для многіх маіх калег стала не толькі месцам любімай работы, а месцам агульных інтарэсаў, якое аб’ядноўвае нават сем’і, – адзначае дырэктар школы Віктар Буцько.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.