Творчы шлях у агранавуцы. Партрэт выкладчыка Ляхавіцкага агракаледжа упрыгожвае раённую Галерэю славы
Педагог – не толькі цікавая прафесія, яна яшчэ і шматпрофільная, рознабаковая. Для пачаткоўцаў у школе настаўнік – яшчэ і другая мама, для старшакласнікаў – сябар, дарадчык, а для навучэнцаў каледжаў, універсітэтаў – і тое, і другое. Менавіта педагогі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў бяруць на сябе эстафету бацькоў студэнтаў і не толькі нясуць адказнасць за тое, каб рабяты ў сценах
альма-матар атрымалі неабходныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, але і рыхтуюць іх да самастойнага дарослага жыцця, жывуць іх інтарэсамі і дапамагаюць вырашаць праблем.
16 гадоў філолаг Таіса Шпак выкладае рускую і беларускую мову і літаратуру будучым спецыялістам сельскай гаспадаркі ў Ляхавіцкім аграрным каледжы – навучэнцам з першага па трэці курс, а таксама вядзе курс «беларуская мова (прафесійная лексіка)» для выпускнікоў-каляджан. Дарэчы, па гэтай дысцыпліне Таіса Юльянаўна выпусціла вучэбны дапаможнік, які настолькі спадабаўся яе калегам і паказаў сваю запатрабаванасць і актуальнасць у іншых ССНУ, што яго перавыдалі.Чым не прызнанне прафесійнага майстэрства! Нездарма партрэт Таісы Шпак упрыгожвае раённую Галерэю славы.
– Ніколі, ні на хвіліну не пашкадавала, што выбрала самую шыкоўную прафесію на свеце – настаўнік. Заўжды любіла чытаць. І гэта захапленне не толькі ад таго, што з дзяцінства любіла чытаць, але і ад настаўнікаў СШ № 2 Людмілы Браніславаўны і Васілія Іванавіча Ясевічаў. Дзякуючы іх рэкамендацыям, і стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзячна і калектыву былой Куршынавіцкай школы, дзе мяне, выпускніцу БДУ, прынялі як родную, дапамагалі рабіць першыя прафесійныя крокі. Бязмежна люблю сваю работу, вучняў, ганаруся, што працую ў такім выдатным калектыве, які склаўся ў каледжы, – адзначае Таіса Шпак.
Яна бясконца можа расказваць пра работу, вучняў, іх таленты і схільнасці. Пра заняткі па інтарэсах у клубе мастацкага чытання «Стыхія», дзе юнакі і дзяўчаты спрабуюць свае сілы ў якасці дэкламатараў і крышачку артыстаў. І не проста спрабуюць, а перамагаюць у творчых іспытах. Адна з апошніх вікторый – у абласным конкурсе «Арт-вакацыя».
– Мне шчасціць на вучняў. Зараз я куратар 31-агра. Якія падабраліся цудоўныя рабяты – актыўныя, вясёлыя! Стараюся наладзіць адразу кантакт і з дзецьмі, і з іх бацькамі – важна падтрымліваць такую ўзаемасувязь, тады любыя праблемы лягчэй вырашаць, – упэўнена Таіса Юльянаўна.
– Таіса Юльянаўна – таленавіты вопытны педагог з больш чым 25-гадовым настаўніцкім стажам, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Кожны з яе заняткаў – вяршыня майстэрства. Яна прывівае юнакам і дзяўчатам любоў да вершаванага радка, валодае выдатнай інтуіцыяй і раскрывае таленты ў сваіх вучнях. Сёлета падрыхтавала пераможцаў сцэнічнага конкурсу ХІ Міжнароднага Пушкінскага фестывалю «Сябры, цудоўны наш саюз», які праходзіў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. А яшчэ Таіса Юльянаўна – клапатлівы куратар і надзвычай добразычлівая калега, – адзначае дырэктар аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Галіна КАНЬКО.