Вакцына, маскі і дыстанцыя. Па стане на 27 верасня, вакцынацыю ад COVID-19 прайшло больш як 20 працэнтаў насельніцтва Ляхавіцкага раёна

Вакцынавацца – іншага спосабу, каб, у рэшце рэшт, спыніць распаўсюджванне пандэміі каранавіруса, пакуль не прыдумана. І многія грамадзяне адразу, як толькі з’явілася такая магчымасць, зрабілі важны крок – прышчапіліся.
Па стане на 27 верасня, вакцынацыю ад COVID-19 прайшло больш як 20 працэнтаў насельніцтва раёна.

Медыкі спрабуюць дастукацца да кожнага дарослага жыхара краіны, праводзяць шырокамаштабную растлумачальную работу пра неабходнасць прышчэпачнай кампаніі: выступленні ў сродках масавай інфармацыі, рэкламныя сацыяльныя ролікі, сустрэчы ў працоўных калектывах, а таксама разнастайныя акцыі, што ладзяцца ў грамадскіх месцах.
У мінулы панядзелак у Ляхавіцкай цэнтральнай раённай аптэцы № 56 кансультацыю па пытаннях імунапрафілактыкі COVID-19 і грыпу праводзіў урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход.
– Напэўна, многія чулі, што, каб спыніць пандэмію, трэба выпрацаваць так званы калектыўны імунітэт.
А ён магчымы, калі супраць каранавіруса прышчэпіцца не менш за 60 працэнтаў насельніцтва. Атрымліваецца, што ў нашым раёне да гэтай лічбы яшчэ прышчапляцца і прышчапляцца… А між тым з кожным днём эпідсітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 усё больш ускладняецца, у тым ліку на Ляхавіччыне. З кожным днём колькасць захварэлых інфекцыяй павялічваецца. Прычым, калі зазірнуць у стацыянар райбальніцы, то лячэнне ад цяжкіх ускладненняў каранавіруснай інфекцыі праходзяць непрышчэпленыя пацыенты. Прышчэпка не абароніць на сто працэнтаў ад інфекцыі, але гарантуе лягчэйшае працяканне хваробы. Што і пацвярджаюць факты: вакцынаваныя і ў нашым раёне хварэюць з мінімальнымі сімптомамі без цяжкіх ускладненняў накшталт пнеўманіі. Сённяшнюю сітуацыю адносна COVID-19 можна ахарактарызаваць як пандэмію непрышчэпленых, –
адзначае Васілій Скараход.
Падчас кансультацыі землякоў найбольш цікавілі наступныя тэмы: якая розніца паміж расійскай і кітайскай вакцынамі, якія асноўныя сімптомы распаўсюджанага цяпер штама «дэльта», дзе можна запісацца на вакцынацыю, калі пандэмія каранавіруса закончыцца, ці сапраўды эфектыўныя  маскі.
– Зараз ніхто не возьме на сябе адказнасць даць прагноз, калі нас пакіне каранавірус. Пакуль толькі ёсць меркаванне, што ён стане такім жа сезонным, як, напрыклад, грып. Адсюль выснова – трэба вучыцца жыць з гэтым вірусам. Ад кожнага з нас залежыць, як хутка мы абясшкодзім каранавірусную інфекцыю. Асабіста я і амаль усе мае калегі, супрацоўнікі райЦГіЭ, вакцынаваліся. Далучайцеся! Гэта важна і неабходна як асобнаму чалавеку, так і ўсяму грамадству. Маскі, сродкі дэзынфекцыі, сацыяльная дыстанцыя – тры правілы, якія павінны быць аксіёмай на бліжэйшыя месяцы, а, магчыма, і гады, – зазначае Васілій Скараход.
Дарэчы, па яго інфармацыі ў наш раён паступіла расійская вакцына «Спутнік лайт» для  імунізацыі навучэнцаў аграрнага каледжа. Вакцынацыя пачнецца ў бліжэйшы час.

Сённяшнюю сітуацыю адносна COVID-19 можна ахарактарызаваць як пандэмію непрышчэпленых, адзначае Васілій Скараход.


Што датычыць масачнага рэжыму, то яго захаванне – справа кожнага, і ад медыкаў тут нічога не залежыць. Не носім маску ў грамадскіх месцах – не хочам быць сацыяльна адказнымі.
Як пераканаўся «ЛВ», у аптэках раёна, у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі, раёне газазабеспячэння, паліклініцы і многіх іншых установах з захаваннем масачнага рэжыму – строга. На жаль, не ўсюды. А гэта – тэма для асобнай размовы ў бліжэйшых нумарах.
Галіна КАНЬКО. 

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.