І фотаздымак на доўгую памяць. Свята людзей элегантнага ўзросту ў Ляхавічах атрымалася цёплым і сардэчным
У гарадскім Доме культуры 1 кастрычніка было ўрачыста – адзначалі Дзень пажылых людзей. Хоць эпідсітуацыя і ўнесла карэктывы ў сцэнарый падзеі, але супрацоўнікі ГДК і ТЦСАН пастараліся, каб свята атрымалася цёплым і сардэчным.
Выступалі самадзейныя артысты, народны клуб ветэранаў «Сівізна», удзельнікі клуба «Залаты ўзрост» ТЦСАН.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч адрасавала землякам элегантнага ўзросту шчырыя віншаванні са святам, дзякавала ім за вопыт, мудрасць і стойкасць у жыццёвым кругазвароце. Падкрэсліла асаблівы клопат дзяржавы пра людзей старэйшага пакалення, да якіх у Беларусі адносяцца з павагай і пашанай: створана сістэма сацыяльнай абароны, якая ўключае прадастаўленне разнастайных ільгот і гарантый, павышэнне пенсій, сацыяльнае абслугоўванне і дапамогу на даму і многае іншае.
«Актыўнае доўгажыхарства-2030» – так называецца Нацыянальная стратэгія, якая рэалізуецца ў краіне з мэтай максімальнай уключанасці пенсіянераў у грамадскае жыццё. Дзякуючы такому нераўнадушнаму стаўленню, шмат пажылых вядзе актыўны лад жыцця і не лічыць пенсію фінішам. Напрыклад, як нашы землякі ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.
У верасні супрацоўнікі ТЦСАН сумесна з «ЛВ» аб’явілі сэлфі-конкурс «Мае бабуля і дзядуля». Менавіта 1 кастрычніка былі ўзнагароджаны яго пераможцы.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень падкрэсліла, што спецыяльна арганізавалі такі творчы конкурс, каб дзеці-ўнукі каторы раз праведалі сваіх бабуль-дзядуляў і зрабілі з імі сумесны фотаздымак.
Дзіяна Трысцень уручыла падарункі і дыпломы пераможцаў сем’ям Дуброўскіх, Міклашэвічаў, Бельмачаў, Князевых, Піліногаў. Дыпломамі ўдзельнікаў адзначаны сем’і Шклянікаў, Камінскіх, Ланкуцёў, Білімавых і Гуліцкіх.
Канешне, на памяць, акрамя феерверка эмоцый, засталіся і цудоўныя фотаздымкі.