Сябе паказалі, на другіх паглядзелі. На штогадовым абласным фестывалі-злёце маладых сем’яў «Вера. Надзея. Любоў» Ляхавіччыну прадстаўляла сям’я з Жарабковічаў

Пра працавітых дружных братоў Васілевічаў з аграгарадка Жарабковічы раёнка пісала неаднойчы – яны перадавікі ў працы, а яшчэ абодва прайшлі выдатную мужчынскую загартоўку падчас тэрміновай службы ў арміі, і не абыдзе, а ў самай эліце – дэсантных войсках. Чарговая нагода ўзгадаць прозвішча Васілевічаў – сямейная. Старэйшы брат Ігар разам з жонкай Таццянай напрыканцы верасня прадстаўлялі Ляхавіччыну на традыцыйным – XV юбілейным па ліку – штогадовым абласным фестывалі-злёце маладых сем’яў «Вера. Надзея. Любоў», які сёлета праходзіў у Камянецкім раёне. Мерапрыемства ініцыявалі абкам БРСМ пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласное аб’яднанне прафсаюзаў і абласное аддзяленне Беларускага фонда міру.

– Васілевічы – маладая, дружная, працавітая сям’я. Таццяна – намеснік начальніка комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы. Вельмі адказная, выдатна спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, камунікабельная. Нягледзячы на малады ўзрост, яе паважаюць у калектыве, прыслухоўваюцца да яе парад і заўваг. Ігар – механізатар, майстар сваёй справы, сам рыхтуе тэхніку, увогуле ў яго руках любая работа кіпіць, – расказвае намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.
Злёт праходзіў два дні і быў цікавым і запамінальным, багатым на падзеі і прыемныя сюрпрызы. Колькі ўражанняў пакінулі экскурсіі ў храм Пакрова Божай Маці, дзе прайшоў малебен пра шчаслівую сям’ю, а таксама ў археалагічны музей пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы і Камянецкую вежу. І сярод маладых мужчын, і сярод прадстаўніц прыгожай паловы было нямала жадаючых паспрабаваць сябе ў старадаўнім рамястве – ткацтве – падчас майстар-класа ў Камянюкскім сельскім Доме культуры.
– У захапленні засталася ад шыкоўнага фальклорнага вясельнага абрада «Вяночкі», мы былі не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі. Мы нібы вярнуліся на некалькі стагоддзяў назад і ўбачылі, як праходзілі заручыны, вяселле ў нашых продкаў. Так усё цікава! Увогуле, уся праграма фестывалю насычаная і цікавая, экскурсіі захапляючыя. Але самае галоўнае – зносіны, пазнаёміліся з маладымі сем’ямі з розных раёнаў Брэсцкай вобласці, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна Васілевіч.
Не менш насычанай стала і конкурсная праграма. Іспытаў было мноства: інтэлектуальны квіз, бліцтурнір, прыгатаванне страў беларускай кухні. І нашы землякі дастойна выступілі на кожным
з іх.
Гісторыя сям’і Васілевічаў пачалася ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, дзе падчас вучобы яны і пазнаёміліся. Пасля атрымання дыпломаў прыехалі працаваць на радзіму мужа – у Жарабковічы. Чатыры гады назад гаспадарка выдзеліла Васілевічам дом – тут клапоцяцца пра кадры, каб яны і пасля адпрацоўкі заставаліся ў сельгаспрадпрыемстве. Сёлетні верасень для маладой сям’і асаблівы – сын Арсеній стаў першакласнікам.
– Нам падабаецца аграгарадское жыццё, тут добра, утульна, ведаеш амаль кожнага. Ды і бацькі мужа побач, дапамагаюць нам. Увогуле мы з усімі ладзім. Зарплату атрымліваем добрую, умовы працы выдатныя. Жывём, працуем, адпачываем і што-што, а месца жыхарства і работу мяняць не збіраемся, – упэўнена Таццяна Васілевіч.

Галіна КАНЬКО.