Чаму не рады пакупніку без маскі. РайЦГіЭ і «ЛВ» высвятлялі, як у Ляхавіцкім раёне выконваюцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы

Больш за дзесяць месяцаў у нашай краіне дзейнічае абавязковы масачны рэжым. У магазінах, банках, установах аховы здароўя і адукацыі, паштовых аддзяленнях, у грамадскім транспарце, у цырульні і салоне прыгажосці маска – абавязковы атрыбут. Прычым, правілы датычацца як тых, хто аказвае паслугі, так і тых, хто іх атрымлівае.

Даволі часта ў магазінах можна пачуць: «Калі ласка, надзеньце маску». Напрыклад, у магазіне «Капеечка», што каля кінатэатра, неаднойчы даводзілася на свае вочы бачыць, як прадаўцы прапаноўвалі пакупнікам каля касы надзець маску, пры яе адсутнасці – купіць, як гаворыцца, не адыходзячы ад касы. І большасць пакупнікоў адэкватна рэагуе на такое патрабаванне. Хаця сустракаюцца і такія, хто абураецца, скандаліць, кідае тавар, абражае прадаўца.
– Супрацоўнікі гандлёвых аб’ектаў робяць, як таго патрабуюць устаноўленыя правілы па папярэджанні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. У выпадку, калі чалавек па стане здароўя не можа насіць медыцынскую маску, ён абавязаны скарыстацца іншым спосабам – напрыклад, надзець абаронны пластыкавы экран, – тлумачыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Тое, што насіць маску неабходна, многія ўсвядомілі. Але не сакрэт, асабліва гэта відавочна апошнім часам, што большасць апранае гэты важны сродак індывідуальнай абароны ад віруса толькі дзеля таго, што так трэба. Прыглядзіцеся: замест таго, каб шчыльна закрываць нос і рот, людзі носяць маскі пад носам ці ўвогуле закрываюць толькі бараду. Карысці ад такой павязкі – ніякай. Як адзначае Віталій Ціханаў, і ў такім выпадку пакупніку ці кліенту могуць адмовіць у аказанні паслугі.
Паўсюдна пры ўваходзе ў грамадскія аб’екты вісяць аб’явы-заклікі з просьбай надзяваць маску і папярэджанні, што грамадзяне без масак не абслугоўваюцца. Паглядзім на практыцы.
– Калі іду ў магазін, аптэку, ці паліклініку абавязкова надзяваю маску на твар, пальчаткі на рукі, так раблю з мінулагодняй вясны. Можа гэта мне і дапамагло не захварэць у папярэднія хвалі, а летам і ўвогуле прышчапілася. Але маскі як насіла, так і буду насіць. Страх захварэць усё роўна прысутнічае. Многія знаёмыя цяжка перахварэлі, – гаворыць ляхавічанка Наталля Віктараўна.
Але сустракаюцца і тыя, каму масачны рэжым «не пісаны».
– Маска бескарысная, навошта яна ў магазіне? Адна справа надзяваць у паліклініцы ці аптэцы – там суцэльна хворыя. А вось у іншых месцах навошта? Каранавірусны хворы ў цырульню не пойдзе, – зазначае маладая жанчына Дар’я.
Вось такім грамадзянам даўно час зняць ружовыя акуляры і вярнуцца ў рэальнасць. Статыстыка сведчыць: другі тыдзень запар колькасць захварэлых за суткі ўпарта набліжаецца да лічбы дзве тысячы, кіслародная падтрымка патрабуецца прыкладна 30 працэнтам пацыентаў стацыянара, якія маюць кавіднае ўскладненне – пнеўманію.
Вывучэнне сітуацыі з захаваннем масачнага рэжыму паказала, што па-максімуму стараюцца прытрымлівацца антыкавідных правілаў у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі, раёнах электрасетак і газазабеспячэння, установах аховы здароўя і адукацыі, аптэках, салонах прыгажосці, цырульнях, банках. Хаця, здараюцца і выключэнні. У аддзяленне Беларусбанка кліентка прыйшла аплачваць паслугі без маскі. Супрацоўнікі банка прапанавалі маску надзець, але кліентка адмовілася. Стаяла на сваім, нават калі сродак абароны для яе знайшлі тутэйшыя работнікі… Але кліентка не прыдумала нічога лепшага, як напісаць скаргу на аператара, які адмовіўся абслужыць наведвальніка без маскі. Праўда, скаргу палічылі беспадстаўнай, але настрой у аператара і не толькі быў сапсаваны…
– На даны момант штрафы за тое, што чалавек прыйшоў у грамадскае месца без маскі, не прадугледжаны. Аднак існуе адказнасць кіраўніка прадпрыемства ці арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці за супрацоўніка, які ігнаруе такую абарону ад каранавіруса пры абслугоўванні наведвальнікаў. Такім чынам, калі прадавец на касе разлічыў пакупніка без маскі, адказнасць панясе кіраўнік гандлёвага падраздзялення.Таксама парушэннем лічыцца знаходжанне без маскі на працоўным месцы супрацоўніка, які абслугоўвае кліента. І такія выпадкі рэгіструем, –тлумачыць Віталій Ціханаў.
Літаральна днямі ў адным з сеткавых магазінаў райцэнтра давялося стаць сведкам, калі касір спакойна разлічыла двух нецвярозых маладых людзей без масак. На заўвагу пра масачны рэжым без асаблівага раскаяння выдала: «І што вы мне зробіце?».
– З пачатку года супра-цоўнікі райЦГіЭ абследавалі 140 аб’ектаў па выкананні санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам. На 95 з іх выяўлены парушэнні. Па выніках мерапрыемстваў суб’ектам гаспадарання накі-равана 45 рэкамендацый аб ухіленні выяўленых парушэнняў, 39 службовых асоб прыцягнуты да адказнасці – заплацілі штраф. 12 магазінаў былі зачынены на пазапланавы санітарны час, –  паведаміла памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова.
У верасні санслужба праманіторыла выкананне прафілактычных мерапрыемстваў на прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці.
– У магазіне райспажыўсаюза ў аграгарадку Нача абслугоўваліся пакупнікі без сродкаў індывідуальнай абароны, не праводзіцца штомесячнае вільготнае прыбіранне памяшканняў з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў, такая ж сітуацыя і ў магазіне райпо ў Востраве. У сталоўцы аграрнага каледжа своечасова не папаўняецца антысептык для наведвальнікаў, некаторыя з якіх карыстаюцца маскамі з парушэннямі. На аўтастанцыі ў зале чакання з 23 чалавек пяцёра на момант рэйду былі без масак, патрабуе абнаўлення разметка для захавання сацыяльнага дыстанцыравання. У гандлёвай кропцы «Лімон» (ІП Баранаў С. С.)
у Тухавічах адсутнічаюць дэзынфіцыруючыя сродкі пры ўваходзе ў гандлёвую залу і разметка сацыяльнага дыстанцыравання для пакупнікоў. У магазіне «Востраў чысціні» ў бытавым памяшканні каля ўмывальніка не было антысептыка для апрацоўкі рук. У магазіне «Юла» ПГУП «Міш-кевічГандаль» у продажы не знайшлі медыцынскіх масак. Рэгістраваліся і іншыя парушэнні ў наступных аб’ектах: магазін «Раднік» (ПВГУП «Востраў-гандаль»), «Тры цаны», «Міла», «Шанс» (ПВУГП «РевГандаль-плюс» (в. Тухавічы), «Велес» у Начы, чыгуначная станцыя ў райцэнтры, на гарадскім рынку. Па шэрагу выяўленых парушэнняў пачаты адміністрацыйныя працэсы адносна вінаватых службовых асоб, па некаторых да-дзены рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў, – гаворыць Вольга Шчарбакова.
Віталій Ціханаў адзначае, што летняе зніжэнне захворвання COVID-19 прывяло да таго, што грамадзяне расслабіліся і, як аказалася, дарма. Справа ў тым, што ў сезон адпускоў многія выязджалі на адпачынак, у тым ліку ў замежныя краіны і вярталіся адтуль не толькі з масай уражанняў, але і з непрыемнымі сюрпрызамі ў выглядзе каранавіруса. А далей усё па знаёмым сцэнарыі: заражоны, сам таго не жадаючы, «узнагароджвае» хваробай іншых. Давайце будзем уважлівымі да свайго здароўя і да здароўя тых, хто побач. Каранавірус не выбірае мішэнь, вірус можа трапіць да кожнага. Таму, калі жадаеце жыць доўга і здорава, скарыстайцеся магчымасцю і пакуль адзіным шанцам даць адпор кавіду – вакцынуйцеся.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Андрэй НАВАГРАН, намеснік старшыні райвыканкама:
– Выпрацавана рашэнне, якое павінна выконвацца адназначна і без усялякіх але: у суб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання без масак не абслугоўваць! У выпадку, калі пакупнік ці кліент паводзіць сябе агрэсіўна, не жадае разлічвацца за паслугу ці пакупку або зняважліва ставіцца да прадаўца, суб’ект гаспадарання павінен выклікаць міліцыю, дэбашыр панясе адказнасць.
Сітуацыя з каранавірусам пагаршаецца, таму выкананне правілаў па папярэджанні распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі пастаўлена на жорсткі кантроль. Калі магазіны, аб’екты грамадскага харчавання і г. д. не будуць выконваць антыкавідныя патрабаванні, яны будуць зачыняцца. Жарты на гэтую тэму даўно закончыліся.