І ў вакцынацыі «Жарабковічы» дэманструюць клас

Масавая вакцынацыя супраць каранавіруса ў нашай краіне набірае абароты. Зрабіць такі важны і, галоўнае, дзейсны крок, каб у рэшце рэшт паставіць істотную заслону каранавірусу, – вакцынавацца заклікаюць не толькі медыкі, але і грамадскія дзеячы, артысты, спартсмены.
Толькі разам, сфарміраваўшы калектыўны імунітэт, можам супрацьстаяць інфекцыі. І гэта ўжо аксіёма. На Ляхавіччыне апошнім часам прышчэпачны працэс актывізаваўся. Па стане на 12 кастрычніка, 6317 землякоў атрымалі першую дозу вакцыны, поўны курс прайшлі 4669 чалавек.

Калі браць у разрэзе асобных структур, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, то за выключэннем медыкаў, дзе самы высокі ахоп вакцынацыяй, адказна да прышчэпачнай кампаніі аднесліся ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, сферы адукацыі, раённых аддзелах па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў. Выніковую актыўнасць сярод арганізацый прамысловасці і сельскай гаспадаркі праяўляюць ААТ «Шлях  новы» і «Ляхавіцкі кансервавы завод», дзе прышчэпкамі супраць каранавіруса ахоплена  40 працэнтаў работнікаў. А пакуль бясспрэчны лідар і ў гэтым адказным на сённяшні дзень напрамку –
ААТ «Жарабковічы». Амаль палова тутэйшых аграрыяў унесла свой уклад у фарміраванне калектыўнага імунітэту.
– Пераважная большасць нашага калектыву – людзі з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй. І адносіны да вакцынацыі – таму пацвярджэнне. Землякі актыўна пачалі вакцынавацца, бо разумеюць, што толькі прышчэпка можа спыніць распаўсюджванне небяс-печнага для здароўя і жыцця віруса. Прышчэпіцца адзін, другі і тым самым засцеражэ ад заражэння родных, блізкіх, калег. Многія ведаюць пра хваробу не па чутках, самі прайшлі праз яе жахі, таму ідуць на вакцынацыю сем’ямі. Асабіста я перахварэў кавідам летась, а сёлета, як толькі з’явілася магчымасць,
зрабіў прышчэпку, вакцынаваўся расійскім «Спутнікам». Лічу, кожнаму неабходна скарыстацца такой магчымасцю і прышчапіцца супраць каранавіруса, тым больш, што для грамадзян краіны вакцынацыя бясплатная, але, на жаль, не ўсе разумеюць важнасць гэтага кроку. Не думаеце пра сябе, падумайце пра сваіх дзяцей, бацькоў, няўжо вы хочаце для іх кепскага, каб яны трапілі пад удар каранавіруса. Не? Тады паспяшайцеся і прайдзіце вакцынацыю, – адзначае дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты.
Сярод прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці варта адзначыць ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», дзе вакцынаваліся амаль 67 працэнтаў работнікаў.
– Кожны з нашага калектыву зрабіў свой асэнсаваны выбар. Ніхто нікога не прымушаў, гэта канкрэтны крок канкрэтнага чалавека да калектыўнага імунітэту. Канешне, сваю ролю на карысць вакцынацыі сыграла і растлумачальная работа. З нашым калектывам сустракаўся галоўны ўрач райбальніцы Георгій Яўгеньевіч Хлябовіч. Думаю, што размова адбылася выніковая, і людзі зрабілі свой выбар на карысць вакцыны. Як кіраўнік, які клапоціцца пра работнікаў прадпрыемства, як чалавек, якому неабыякава здароўе тых, хто побач, палічыў неабходным паказаць прыклад іншым і прышчапіўся першым, зрабіў гэта расійскай вакцынай яшчэ вясной. Але па-ранейшаму прытрымліваюся ўсіх неабходных мер перасцярогі, – гаворыць дырэктар ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» Валерый Панфіла.
А тым часам у Беларусі на дзяржаўным узроўні прынята чарговая мера, накіраваная супраць каварнага віруса, якая пачала дзейнічаць з 9 кастрычніка.
– Нашэнне масак і захаванне дыстанцыі сталі абавязковымі пры знаходжанні ў грамадскіх месцах. Унесена сур’ёзнае дапаўненне – адказнасць фізічных асоб, што тычыцца кожнага грамадзяніна. Такім чынам, пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 6.10.2021 года № 105 унесены змяненні ў Санітарныя нормы і правілы «Патрабаванні да арганізацыі і правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне заносу, узнікнення і распаўсюджвання грыпу і інфекцыі COVID-19». Узмацненне такіх мер звязана з тым, што па ўсёй краіне, наш раён не выключэнне, назіраецца неспрыяльная эпідсітуацыя па захваральнасці каранавірусам. Дарэчы, у санітарных нормах указаны і правілы, як насіць маску: яна павінна закрываць нос, рот і падбародак, – тлумачыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Кантраляваць, як і раней, выкананне эпідэміялагічных патра-
баванняў і санітарных нормаў будуць супрацоўнікі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі сумесна з супрацоўнікамі падраздзялен-
няў органаў унутраных спраў і Міністэрства транспарту.
– Праводзім маніторынгі па выкананні правілаў суб’ектамі і грамадзянамі. У чарговы раз звяртаемся да ўсіх і кожнага з заклікам, просьбай захоўваць сацыяльную дыстанцыю і насіць сродкі індывідуальнай абароны ад інфекцыі – маскі. Потым магчыма і прымяненне іншых мер, у тым ліку штрафаў, – падкрэслівае Віталій Ціханаў.

Калі звярнуцца да Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, то згодна з артыкулам 17.5 «Парушэнне санітарна-эпідэмічных патрабаванняў, патрабаванняў абмежавальных мерапрыемстваў», парушальнік, калі гэта фізічная асоба, можа заплаціць штраф у памеры да  30 базавых велічынь (цяпер адна БВ – 27 рублёў), індывідуальны прадпрымальнік – да 200 БВ,  юрыдычная асоба – да 500 БВ.


Але як бы не ўзмацняліся меры, спыніць каранавірус будзе цяжка, пакуль кожны з нас не ўсвядоміць, наколькі важна аб’яднаць намаганні. А для гэтага патрабуецца нямнога: прытрымлівацца супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў і накіраваць усе намаганні на фарміраванне калектыўнага імунітэту –вакцынавацца. І як сказаў Прэзідэнт краіны: прымусовай вакцынацыі ад COVID-19 у Беларусі быць не павінна. Праяўляем свядомасць і тым самым думаем не толькі пра сябе, але і пра тых, хто працуе, вучыцца, жыве побач: ідзём і робім прышчэпку, хто яшчэ не вакцынаваўся. У гэтым і  заключаецца грамадская адказнасць.

Галіна КАНЬКО.

У артыкуле 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што грамадзянам краіны гарантавана права на працу, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
– Чалавек павінен прыйсці на работу здаровым і быць упэўненым, што на працоўным месцы для яго створаны бяспечныя ўмовы, каб працаваць належным чынам і вярнуцца дамоў зноў жа здаровым. Таму задача наймальніка – стварыць такія ўмовы. Мала не дапускаць да работы людзей з прыкметамі рэспіраторных захворванняў, бо, як вядома, каранавірус можа працякаць бессімптомна. Пакуль адзіны сапраўды выніковы спосаб прадухіліць хуткае распаўсюджванне кавіда – вакцынацыя, прычым у такой колькасьці, каб сфарміраваць калектыўны імунітэт. Зразумела, чым больш прышчэпленых, тым цяжэй каранавірус будзе распаўсюджвацца, тым больш людзей не будуць хварэць, тым лепей будуць вытворчыя паказчыкі, – зазначае галоўны ўрач  УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.