Майстры цудоўнага настрою. У мінулую пятніцу ў ГДК г. Ляхавічы сабраліся прадстаўнікі творчых прафесій

У мінулую пятніцу ў ГДК сабраліся прадстаўнікі творчых прафесій – супрацоўнікі дамоў культуры, клубаў, бібліятэк, самадзейных мастацкіх калектываў раёна і г. д. Нагода ўрачыстая – Дзень работнікаў культуры.

На гэты раз добры настрой і віншавальныя словы яны адрасавалі не землякам-гледачам, а калегам па цэху. Адзначалі ў вузкім коле – эпідэ-міялагічная сітуацыя дыктуе свае ўмовы сустрэч, нават прафесійных дат. Атрымалася цёпла і сардэчна.
Менавіта работнікі культуры ўносяць свой важкі ўклад у захаванне і адраджэнне нацыянальнай спадчыны. Шчырыя словы віншавання і ўдзячнасць за плённую працу творчым і таленавітым землякам выказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач. Шэраг работнікаў культуры адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Сярод іх і кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Крыніца» ГДК Кацярына Ламака, якой уручана Падзяка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Рэжысёр народнага тэатральнага калектыву «Дом Дыягена» ГДК Арцём Бадак узнагароджаны сумеснай Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама і Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі і спорту.
Культарганізатару Навасёлкаўскага СДК кіраўніку народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Таццяне Пішч уручана Падзяка Брэсцкага абласнога цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры за аказаную дапамогу ў правядзенні вучэбных заняткаў для кіруючых работнікаў і спецыялістаў арганізацый культуры Брэсцкай вобласці, за асабісты ўклад у развіццё культурна-забаўляльнай дзейнасці ў арганізацыях культуры, актыўную жыццёвую пазіцыю і высокі ўзровень прафесійнага майстэрства.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.