Заўсёдны атрыбут паўсядзённасці. На актуальныя пытанні адказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна

З 9 кастрычніка ў нашай краіне ўведзены абавязковы масачны рэжым. Захаванне масачнага рэжыму – пытанне бясспрэчнага выканання. Ніхто не адмяняў і іншыя супрацьэпідэмічныя меры. Аднак пытанні ўсё ж у грамадзян узнікаюць. На актуальныя адказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.

– Скажыце, калі ласка, цяпер і па вуліцы трэба хадзіць у масцы? А што наконт прагулак па лесе?

– Нельга ўспрымаць усё літаральна. Размова ідзе пра грамадскія месцы на вуліцы, дзе адначасова збіраецца вялікая колькасць людзей, напрыклад, стадыён. Вы заўзяты фанат футбола, тады давядзецца балець за любімую каманду і крычаць «гол» дакладна ў масцы. Што тычыцца лесу, парку, то, канешне, там маска непатрэбна. Неабходна і як мага часцей дыхаць свежым паветрам, бо такая  вентыляцыя лёгкіх спрыяе арганізму. І ўвогуле больш старайцеся хадзіць пешшу,
гэта таксама карысна для здароўя.

Цяпер адносна аб’ектаў грамадскага харчавання. Як быць, напрыклад, у кафэ?

– Запаўняць паднос стравамі, разлічвацца на касе неабход-
на абавязкова ў масцы, у чарзе – захоўваць дыстанцыю. Канешне, прымаць ежу ў масцы наўрад ці атрымаецца. Калі ёсць магчымасць, лепш харчавацца дома ці карыстацца дастаўкай. Не атрымліваецца без аб’ектаў грамадскага харчавання, тады не варта забываць пра супрацьэпідэмічныя патрабаванні, гігіену і сацыяльную дыстанцыю. Памятайце: пра наша здароўе ніхто не паклапоціцца лепш, чым мы
самі.

– У рэйсавым аўтобусе і таксі маскі патрэбныя?

– Адназначна. У любым грамадскім транспарце або таксі маскі насіць неабходна, прычым гэта тычыцца і вадзіцеляў, і пасажыраў. Вадзіцель нават можа на прыпынку не адправіцца далей па маршруце, калі хтосьці з пасажыраў без  маскі.

А ў спартыўнай зале ці кінатэатры рэжым захоўваецца?

– І спартзала, і кінатэатр – грамадскія месцы. Але мала хто займаецца спортам ў масцы. Тут справа ў іншым. Хадзіць ці не ў такія месцы сёння – асабісты выбар кожнага. Але, па магчымасці, лепш абмежаваць сябе ад знаходжання ў месцах, дзе збіраецца шмат людзей. Калі не можаце сабе адмовіць у такой асалодзе, то абавязкова вакцынуйцеся супраць каранавіруса, калі яшчэ не зрабілі такі важны крок у барацьбе з COVID-19.

Калі чалавек прайшоў поўны курс вакцынацыі, ён можа наведваць грамадскія месцы без маскі?

– Ніякая вакцына, антыкавідная таксама не выключэнне, не дае стапрацэнтную гарантыю, што чалавек не падхопіць інфекцыю. Дакладна адно – у прышчэпленых хвароба пройдзе без істотных ускладненняў. Акрамя таго, вакцынаваны чалавек можа пераносіць каранавірус бессімптомна, але пры гэтым быць небяспечным і заразным для іншых. Таму, незалежна ад таго, перахварэлі вы на каранавірус ці не, вакцынаваліся ці толькі збіраецеся прышчапіцца, насіць маскі, апрацоўваць рукі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю неабходна ўсім.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.