Патрабаванні абавязковага выканання
Органы пракуратуры трымаюць на пільным кантролі факты падзяжу буйной рагатай жывёлы і іншых сельскагаспадарчых жывёл у прадпрыемствах краіны. Падчас наглядных мерапрыемстваў факты ўтойвання падзяжу, пытанні забеспячэння жывёл кармамі належнай якасці, своечасовасць прафілактыкі, санітарнай апрацоўкі памяшканняў, у якіх яны ўтрымліваюцца, і правядзенне вакцынацыі аналізуюцца дэтальна і падрабязна. Усё ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па навядзенні парадку ў жывёлагадоўлі.
У мінулую пятніцу намеснік Генеральнага пракурора Генадзій Дыско і пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў з кантрольнай праверкай наведалі ААТ «Шлях новы» – у гаспадарцы з пачатку года зафіксаваны па розных прычынах рост падзяжу.
Раней праведзеныя праверкі выявілі ў сельгаспрадпрыемстве неаднаразовыя факты невыканання правілаў утрымання жывёлы. І сёлета пракуратура раёна ўказвала на недахопы ў дзейнасці ААТ.
Генадзій Дыско і Віктар Клімаў пабывалі на малочнатаварных фермах «Сакуны» і «Навасёлкі», дзе азнаёміліся з умовамі ўтрымання жывёлы.
Генадзій Дыско падкрэсліў, што, у адпаведнасці з выкананнем патрабаванняў пракуратуры, аб’ём работы па выпраўленні негатыўнай сітуацыі зроблены значны. Аднак недапрацоўкі ўсё ж засталіся.
Намеснік Генеральнага пракурора даручыў ухіліць парушэнні ў поўным аб’ёме, забяспечыць належныя ўмовы працы для работнікаў ААТ, асабліва для маладых спецыялістаў.
Генадзій Дыско ў размове з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства падкрэсліў, што важна няўхільна выконваць патрабаванні Кіраўніка дзяржавы, а таксама Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь па падтрымцы вытворчай дысцыпліны.
Вынікі рабочай паездкі Генадзій Дыско і Віктар Клімаў агучылі на пасяджэнні ў райвыканкаме.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.