Сітуацыя сур’ёзная, але кантралюемая. Якія меры супраць COVID-19 зараз на парадку дня ў Ляхавіцкім раёне?

Амаль два гады, як у паўсядзённасць практычна ўсіх краін нашай планеты ўвайшла новая вірусная інфекцыя пад назвай COVID-19. Зараз аб’яўлена чацвёртая каранавірусная хваля, яе нават назвалі суперхваляй,  бо інфекцыя распаўсюджваецца значна хутчэй, яе новы штам «Дэльта» паводзіць сябе больш агрэсіўна.
І пакуль іншага дзейснага спосабу спыніць каранавірус, чым вакцынацыя, не прыдумана. Дарэчы,  па стане на 21 кастрычніка, у свеце ўжо ўведзена больш за 6700000000 доз вакцыны супраць каранавіруса. На Ляхавіччыне сітуацыя наступная: першую дозу прышчэпкі атрымалі 7418 чалавек, поўны курс завяршылі 5107 землякоў. Якія меры супраць COVID-19 зараз на парадку дня ў нашым раёне?

Святлана ЯКУБОЎСКАЯ, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Лічу своечасовай і актуальнай дасягнутую дамоўленасць паміж Міністэрствамі аховы здароўя і адукацыі, згодна з якой школьнікам, а таксама навучэнцам і студэнтам з сімптомамі вострых рэспіраторных інфекцый можна не наведваць вучэбныя заняткі на працягу пяці дзён і пасля выздараўлення не прадастаўляць даведку ад урача. Цяпер у сувязі з эпідсітуацыяй і ростам вострых рэспіраторных інфекцый відавочны наплыў у паліклінікі. Канешне, лепш, калі дзіця будзе знаходзіцца дома, хутчэй паправіцца. А адсутнасць на ўроках за гэты час асабліва не паўплывае на вучэбны працэс. Такая норма будзе дзейнічаць у перыяд пад’ёму захваральнасці віруснымі інфекцыямі. Многіх бацькоў цікавіць, ці будуць змяненні ў пачатку і на працягу школьных восеньскіх канікулаў. На даны момант няма ніякай неабходнасці пачынаць канікулы раней запланаванага ці падаўжаць іх. У Ляхавіцкім раёне дзеці хварэюць як каранавірусам, так і іншымі ВРІ – прыкладна 15 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў. Няма ніводнай установы адукацыі, дзе б хворых было істотна больш, чым здаровых. Тычыцца гэта і працоўных калектываў у школах. Прычым сітуацыю маніторым штодня. Як і планавалася, восеньскія канікулы пройдуць з 30 кастрычніка па 7 лістапада ўключна. Адпаведна папярэднім каранавірусным хвалям у кожнай навучальнай установе Ляхавіччыны дакладна распісаны алгарытм дзеянняў: строгае захаванне масачнага рэжыму, дэзынфекцыя і праветрыванне па графіку, апрацоўка рук, захаванне дыстанцыі, рассадка дзяцей у сталоўцы, абмежаваны допуск бацькоў і іншае. Разумеем, наколькі важна абараніць ад хваробы як дзяцей, так і дарослых падчас пандэміі.

Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна:
– Супрацоўнікі райЦГіЭ прадаўжаюць мерапрыемствы па выкананні заканадаўства па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19. Адпаведныя маніторынгі закранаюць установы аховы здароўя і адукацыі, аб’екты гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, транспарту і іншыя. На што звяртаецца першачарговая ўвага? На захаванне сацыяльнай дыстанцыі, выкарыстанне работнікамі і наведвальнікамі вышэйназваных прадпрыемстваў і арганізацый сродкаў індывідуальнай абароны ад каранавіруснай інфекцыі, рэжым праветрывання, правядзенне дэзынфекцыі. Апошнім часам такой увагай былі ахоплены рэстаран, прыватныя кафэ і піцэрыі, шэраг магазінаў рознай формы ўласнасці, цырульні і салоны прыгажосці, аўтобусы на гарадскіх маршрутах і непасрэдна аўтастанцыя. Што тычыцца парушэнняў, то часцей выяўляюцца наступныя: адсутнасць антысептыкаў, рэгіструюцца выпадкі адсутнасці масак на твары работніка. Акрамя таго, прадаўжаем выконваць яшчэ адну важную функцыю – праводзім эпідэміялагічнае расследаванне выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, акрэсліваецца кола кантактаў першага ўзроўню, правяраем, як грамадзяне выконваюць правілы самаізаляцыі. Дарэчы, тут ёсць пэўныя змяненні.
У прыватнасці, тычацца яны тых, хто прыехаў у Беларусь з іншых краін. Калі раней належны тэрмін самаізаляцыі павінны былі выконваць усе, то цяпер, калі чалавек, які перасёк мяжу нашай краіны, прадастаўляе даведку, што ён прайшоў поўны курс вакцынацыі супраць каранавіруса, то яму самаізаляцыя не
патрабуецца.

Аляксандр ВАШЧУК, дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»:
– Уважліва сачу за тым, як ва ўсім свеце змагаюцца з каранавірусам. І відавочна, што пакуль адзіны спосаб спыніць «пераможнае» шэсце кавіда па краінах і кантынентах – прышчэпачная кампанія. Асабіста я прыхільнік вакцынацыі. На ўласным вопыце ведаю, наколькі небяспечная для жыцця і здароўя каранавірусная інфекцыя. Таму і сам вакцынаваўся, выбраў для сябе расійскі прэпарат «Спутнік V».
Цяпер у мяне, акрамя ўласнага імунітэту, ёсць і абарона, якую гарантуе вакцынацыя. Такі тандэм надае мне ўпэўненасць, што нават калі зноў давядзецца сустрэцца з каранавірусам, мой арганізм дасць яму дастойны адпор. Мая жонка таксама вакцынавалася, сын і дачка плануюць зрабіць гэта ў бліжэйшы час.
Канешне, заклікаў і заклікаю прышчапіцца супраць кавіда і завадчан. Важна сфарміраваць калектыўны імунітэт і тым самым абараніць не толькі сябе, але і сваіх блізкіх, асабліва дзяцей, пажылых бацькоў ад інфекцыі, якая не шкадуе нікога. Каб прастымуляваць тых, хто вакцынуецца, унеслі адпаведнае змяненне ў калектыўны дагавор прадпрыемства, згодна з якім таму, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі, выплачваюцца тры базавыя велічыні. На даны момант прышчапілася амаль палова работнікаў кансервавага завода. Частка завадчан вакцынавалася непасрэдна на прадпрыемстве – па папярэдняй заяўцы да нас прыязджала брыгада медыкаў з Ляхавіцкай ЦРБ, некаторыя вакцынаваліся непасрэдна ў паліклініцы.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.