Сродак ад тысячы хвароб

Зіма набліжаецца. Разам з недахопам цяпла чалавек пачынае адчуваць дадатковую патрэбу ў падтрымцы свайго арганізма. Падчас пандэміі каранавіруса натуральная вітамінная падтрымка нашаму імунітэту асабліва неабходная.


Канешне, можна купіць у аптэцы сінтэтычныя вітамінныя прэпараты на любы густ, кошт у розных вытворцаў. Аднак па добрай і карыснай традыцыі многія нашы землякі аддаюць перавагу натуральным прадуктам, багатым на вітаміны і мінералы, у першую чаргу – садавіне і агародніне. Адным з лідараў па карысных уласцівасцях з’яўляюцца журавіны. Як толькі не называюць гэту ягаду ад тысячы хвароб – прыродны антыбіётык і супрацьзапаленчы сродак, скарбніца вітамінна-мінеральнага комплексу. Дапамагае змагацца з рознымі прастуднымі, сардэчна-сасудзістымі, эндакрыннымі захворваннямі, эфектыўная супраць халестэрыну і ў прафілактыцы ўтварэння пухлін, «клапоціцца» пра жаночую прывабнасць і г. д.
Дзе ўзяць суперягаду? Пайсці на балоты – гэты варыянт падыдзе далёка не кожнаму. Самы аптымальны спосаб –купіць. У Ляхавічах журавіны рэалізуе пакупнікам раённае спажывецкае таварыства. Як толькі паспелі першыя ягады, яны тут жа з’явіліся ў продажы ў павільёне на рынку. Намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй расказаў, што сёлета нарыхтавана ўжо 300 кілаграмаў журавін, якія адпраўлены ў гандлёвыя кропкі раёна, а таксама рэалізоўваліся на кірмашы ў Мінску, куды традыцыйна выязджае наша райпо з рознай садавінна-агародніннай прадукцыяй. Змогуць купіць карысную вітамінную ягаду ляхавічане і госці горада і на раённым кірмашы, які праходзіць сёння ў нашым райцэнтры.
Па словах Уладзіміра Шырэя, у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй сёлета журавіны закупляюцца ў межах Ляхавіцкага раёна, асноўныя кропкі, якія вядуць нарыхтоўку, –  магазіны райпо ў Навасёлках (Крывошынскага сельсавета), Ліпску, Крывошыне і іншыя. Закупачная цана вагаецца ў залежнасці ад прапановы. Эпідсітуацыя паўплывала і на колькасць закупаемай сыравіны. Набываюць столькі, колькі могуць рэалізаваць, бо аптовы пакупніцкі попыт адсутнічае.
Так што, калі жадаеце быць зімой з журавінамі, паспяшайцеся і купіце іх. Між іншым, аб’екты райпо прадаюць ягады цяпер па восем рублёў за кілаграм.
Галіна КАНЬКО.