Ансамбль сямейнага шчасця. Па вуліцы Чкалава ў Ляхавічах пад дахам двухпавярховага катэджа акружаны ўвагай і клопатам бацькоў восем рабят
Кожнае дзіця мае права на шчаслівае дзяцінства. І часта менавіта
ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць бацькоўскую любоў, увагу і клопат
«Мама, тата, глядзіце!» – да бацькоў Дзмітрыя і Кацярыны Краўчэняў з радасцю імчаць дзеці. Адны нясуць дзённік з высокай адзнакай, другія паштоўку, зробленую да свята, а хтосьці шчыра абнімае. Гэты дом па адрасе вуліца Чкалава, 8а ў райцэнтры лічыцца дзіцячым не толькі з-за афіцыйнай назвы: пад дахам двухпавярховага катэджа акружаны ўвагай і клопатам бацькоў восем рабят – Ксенія, Алена, Варвара, Аляксандра, Яна, Уладзімір, Іван і Анастасія.
Дзень нараджэння дзіцячага дома сямейнага тыпу – 11 снежня
2020 года, калі адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. З той падзеі мінулі дзевяць месяцаў. Як справы ў вялікай сям’і? Што новага адбылося? «ЛВ» пабываў у гасцях.
Чацвёрты месяц у дзіцячым доме сямейнага тыпу жыве паўтарагадовая Анастасія. Дзяўчынка літаральна з першых хвілін стала любіміцай і дарослых, і рабят: пяшчотная і жыццярадасная, пасядзіць на каленях у таты і ў мамы, абдыме моцна-моцна, пагуляе з сёстрамі і братамі, пагартае кніжку і пазбірае мазаіку. Са з’яўленнем Анастасіі мама знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем. У таты Дзмітрыя Уладзіміравіча ў працоўнай кніжцы значыцца – бацька-выхавальнік.
Ксенія – старэйшая – паспявае не толькі выдатна вучыцца, але і займаецца па класе гітары ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў, наведвае гурткі стральбы і скалалажання ў СШ № 1. Акрамя гэтага, разам з Янай і Ванем ходзяць у спартыўны клуб «Сэйман» на каратэ. Другакласніца Яна да ўсяго яшчэ і цымбалістка.
Дзевяцігадовы Ваня засвойвае навуку ігры на кларнеце, цікавіцца навуковымі фактамі і праграмамі, а сярод кніг аддае перавагу энцыклапедыям.
Вова іграе на трубе, Алена – на гітары. Дзяўчынка пасябравала з мячом і трэніруецца трапна забіваць гол у вароты сапернікаў. Каб сяброўства са спортам задалося паспяхова, бацькі набылі і спецыяльную футбольную амуніцыю.
Варвара – першакласніца, старанна выводзіць лічбы і літары, з захапленнем малюе. Пяцігадовая Аляксандра любіць ляпіць. Гэта, дарэчы, любімы занятак усёй сям’і. З пластыліну «ўзводзяць» цэлыя гарадкі. Хобі і заняткі ў дзяцей разнастайныя, галоўнае, што створаны належныя ўмовы для развіцця іх здольнасцяў і талентаў.
Па выхадных дома не заседж-ваюцца, выязджаюць на прагулкі. Часта праводзяць час у аграгарадку Падлессе, дзе Ксенія катае малодшых на кані Майцы. Усе дзеці сям’і Краўчэняў вельмі любяць жывёл і ўмеюць даглядаць за імі.
З прытулку ў Баранавічах узялі сабаку, у кампанію хвастатым маюцца два каты і джунгарыкі.
Раніцу ў доме пачынае мама Каця, якая гатуе сняданак сваім рабятам. Пасля працуе «салон прыгажосці» – у сям’і шэсць дзяўчынак, і кожнай патрабуецца калі не дапамога, то маміна падтрымка і ацэнка. Старэйшыя адпраўляюцца ў школу, малодшых – Насцю і Аляксандру – мама вядзе ў дзіцячы сад.
У штодзённым дамашнім графіку мамы-выхавальніка значыцца мыццё і прасаванне, прыбіранне і прыгатаванне абеду, многія іншыя клопаты. Гаспадарчымі справамі заняты і муж. Ён адказвае, у тым ліку, і за куплю прадуктаў. У хлопцаў тата самы аўтарытэтны, і з яго бяруць прыклад. Каб умець усё рабіць так, як тата, бацькі па просьбе хлопцаў набылі скрыню для інструментаў, якую сыны
пастаянна папаўняюць.
А калі прыходзяць госці, абавязкова ладзіцца канцэрт. Да гітары далучаецца кларнет, шматгучча прыгожа дапаўняюць труба і цымбалы.
Як у кожнай сям’і, у дзяцей, акрамя правоў, маюцца і абавязкі. Яны ведаюць, што адказваюць за чысціню ў сваім пакоі, за якаснае выкананне дамашняга задання і г. д.
– Дзевяць месяцаў з моманту адкрыцця нашага дома прабеглі незаўважна. Асаблівых цяжкасцяў не адчулі. Былі мнагадзетнай сям’ёй – мнагадзетнай і засталіся. Змяніўся афіцыйны статус.
А жыццёвыя клопаты тыя ж – любіць усіх дзяцей і клапаціцца пра іх. Чужых дзяцей не бывае, – падкрэслівае Кацярына Мікалаеўна.
Праблемы, што ўзнікаюць, Краўчэні пераадольваюць разам, але на жыццё глядзяць з пазітывам, любяць пажартаваць і гэтаму вучаць рабят. Сярод сямейных жаданняў – мець вялікі аўтамабіль, у які ўсе дзеці рассядуцца з камфортам. Добра было б, каб каля дома знаходзіўся асобны кантэйнер для смецця – усё ж такі жывуць дзесяць чалавек.
У вялікай сям’і склаліся і цудоўныя традыцыі. Любое свята адзначаюць весела і дружна. Напрыклад, на дзень нараджэння кожнага дзіцяці бацькі заказваюць прыгожы торт. А часам арганізуюць і «шкодна-смачную» вечарынку – гэта калі набываюць колу, чыпсы і піцу. На самай справе рабяты харчуюцца правільна –
мама за гэтым пільна сочыць і гатуе іх любімую кураціну, бульбяное пюрэ, блінцы, смачныя супы і г. д.
На вячэру сям’я збіраецца за вялікім сталом, дзе абмяркоў-ваюць справы за дзень, дзеляцца планамі. Сярод якіх і «маніторынг» дзіцячага гардэроба. Дзеці растуць, і патрэбы павялічваюцца. У кагосьці стаў малым абутак, іншаму неабходна набыць, напрыклад, куртку. Роля модніц адведзена дзяўчынкам – гэта яны любяць усё новае і прыгожае. Хаця і хлопцы патрабуюць увагі.
У 21.00 у дом прыходзіць цішыня. Кожны з рабят у сваім пакоі, ва ўтульным ложку спіцца салодка-салодка. Мама з татам абыходзяць пакоі і жадаюць рабятам добрай ночы, каб з радасцю яны сустракалі кожны новы дзень.
Вялікая сям’я – сурёзная праца і адказнасць. У нашай краіне дзяржава на заўсёднай варце інтарэсаў мнагадзетнай сямі. Падтрымка сям’і – нацыянальны прыярытэт.
Кацярына Мікалаеўна пералічвае льготы, якімі карыстаюцца яе рабяты: бясплатныя заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў, на гэтай жа аснове выдадзены падручнікі ў школе. Знаходжанне дзяцей у дашкольнай установе абыходзіцца ў 30 працэнтаў ад вызначанай сумы, маюцца і іншыя бонусы. Бясплатны праезд у прыгарадным транспарце пры прад’яўленні адзінага білета, а таксама наведванне дзяржаўных устаноў культуры. Камунальныя і бытавыя паслугі дзіцячага дома сямейнага тыпу аплачвае аддзел па адукацыі райвыканкама. Самы галоўны дзяржаўны клопат – вялікі добраўпарадкаваны дом, прадастаўлены сям’і з усім неабходным для зручнага і камфортнага пражывання.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.
ФАКТ
У Ляхавіцкім раёне ў трох дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваецца 20 рабят.