Студатрадаўскі клас. Трэці працоўны семестр «Маладосць. Праца. Адзінства» фінішаваў і на Ляхавіччыне

Трэці працоўны семестр «Маладосць. Праца. Адзінства» фінішаваў. На мінулым тыдні райкам БРСМ падвёў яго вынікі. Лепшыя з лепшых атрымалі падзякі за папулярызацыю студэнцкага руху і дзейнасці БРСМ на тэрыторыі раёна.

Сёлета дзякуючы намаганням тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў працаўладкаваны 124 чалавекі. Яны прымералі на сябе ролю важатых, дарожных і падсобных рабочых, работнікаў па доглядзе за пасадачным матэрыялам у лясніцтве, агароднікаў і іншых сельгаспрацаўнікоў.
Закрыццё працоўнага семестра адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы ў кінатэатры «Кастрычнік».
– Сёння мы закрываем трэці працоўны семестр і адразу пачынаем пошук патэнцыяльных наймальнікаў і работадаўцаў на сезон-2022, –
падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч. Яна расказала пра гісторыю студатрадаўскага руху, пра падрыхтоўчую работу, якую праводзіць райвыканкам сумесна з райкамам БРСМ па стварэнні працоўных месцаў.
– Студэнцкі рух – гэта магчымасць завесці новыя знаёмствы, авалодаць новымі ўменнямі, а таксама заявіць сваё «я», – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава.
Дарэчы, камісар студэнцкага атрада Востраўскай СШ  Ксенія Кулак 27 кастрычніка прыме анлайн-удзел у конкурсе на лепшы штаб працоўных спраў у намінацыі «лепшы камісар студатрада».
Дзевяцікласніца Карына Высоцкая з Дараўскага ВПК у студатрадаўскім руху другі год. Яна дзеліцца:
– Сёлета наш атрад працаваў на ферме «Літва». Прыбіралі там, фарбавалі і рыхтавалі паверхні пад афарбоўку. Прыемна дапамагаць землякам і ведаць, што твая праца цэніцца.
Урачыстая цырымонія закрыцця семестра завяршылася праглядам прэм’ернага фільма.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.