Актуальныя камунальныя. На пытанні, вырашэнне якіх у кампетэнцыі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», адказваў дырэктар прадпрыемства
Добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц і прыдамавых тэрыторый, капітальны рамонт і будаўніцтва, гарадскія аўтобусныя прыпынкі і азеляненне, ацяпленне і якасць пітной вады – няпоўны пералік таго, што знаходзіцца ў зоне адказнасці Ляхавіцкай ЖКГ.
Менавіта гэтыя тэмы надзвычай актуальныя і для землякоў. З некаторымі жыхары раёна звяртаюцца і на гарачую лінію раёнкі. А ў мінулы аўторак на пытанні, вырашэнне якіх у кампетэнцыі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», адказваў дырэктар прадпрыемства Андрэй Чайкоўскі.
Вяскоўцы і аграгараджане актыўна ўключыліся ў дыялог. Частка ўзнятых пытанняў вырашалася на месцы, для вырашэння некаторых патрабуецца час. Важна, што па большасці закранутых аспектаў абодвум бакам удалося дасягнуць кансэнсусу. І, бадай, галоўнае, што хвалюючыя пытанні не адкладваюцца, а вырашаюцца. «ЛВ» прапануе справаздачу з прамой лініі.
– Добры дзень, Андрэй Антонавіч, у нас праблема.
У двары прарвала трубу, з-пад зямлі нібы крыніца б’е. Дапамажыце!
Аляксандра Кулак, вёска Галаўнінцы.
– Аляксандра Паўлаўна, у бліжэйшы час па вашым адрасе адправяцца нашы спецыялісты, якія акрэсляць кола праблем і прымуць рашэнні па іх ўхіленні.
– Пачну з падзякі. Ад імя землякоў хачу падзякаваць работнікам Ляхавіцкай ЖКГ і асабіста дырэктару Андрэю Антонавічу Чайкоўскаму, што навялі парадак на могілках у Петухоўшчыне – выдалены аварыйныя дрэвы, кустоўе, прыбрана смецце, знішчаны звалкі. Але вось якая праблема ўзнікла. Мусіць, з мая гэтага года не вывозіцца смецце з тамашніх кантэйнераў. Таму зноў там з’яўляецца сметнік. Неаднойчы звярталіся ў дыспетчарскую службу ЖКГ, аднак абяцанні так і застаюцца абяцаннямі.
Ганна Голубева, в. Задвор’е.
– Дзякуй за добрыя словы. Наконт вашага звароту адзначу наступнае. Цяпер на балансе Ляхавіцкай ЖКГ знаходзіцца
65 могілак, у тым ліку дзве гарадскія. Каб своечасова вывозіць смецце з кантэйнераў, распрацаваны графік вывазу – звычайна раз у месяц, які няўхільна выконваецца. Іншы раз, калі кантэйнеры перапоўнены, выязджаем дадаткова, як гаворыцца, па званку. Што тычыцца могілак у Петухоўшчыне, то, напрыклад, у кастрычніку спецыяльная машына за смеццем прыязджае 1 і 29 кастрычніка.
– Добры дзень. У мяне адразу некалькі пытанняў, і ўсе яны датычацца дома № 8 па вуліцы Южакова ў райцэнтры. У многіх кватэрах літаральна развальваюцца балконы, што даволі небяспечна. Звярталіся і ў Ляхавіцкі жылкамунгас, і ў райвыканкам. Нам дасылалі адказы, што робіцца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт балконаў. Але ж ніхто не прыходзіў абследаваць аб’екты для рамонту. Хацелася б убачыць дакументы. Таксама патрабуюць неадкладнага навя-дзення парадку тэхнічныя тэрыторыі – пад’езды, лесвічныя пляцоўкі, а таксама падвалы – тут і ўвогуле нямала праблем, у прыватнасці, санітарна-гігіенічных. Прарвала каналізацыю – «водар» стаяў тры дні, выклікалі аварыйку, ніхто не прыехаў.
А побач захоўваюцца прадукты харчавання. На першым паверсе адсутнічае асвятленне. Калі яго зробяць? І ў двары дома ёсць небяспечны аб’ект: каля люка цеплазабеспячэння ўтварылася яма, а побач дзіцячая пляцоўка…
Святлана Карнілава,
г. Ляхавічы.
– Паважаная Святлана Аляксееўна, вашы пытанні зразумелыя. Спадзяюся, што адказы задаволяць.
Наконт балконаў адзначу наступнае: згодна са скарэкціраваным графікам капітальнага рамонту жылфонду, выдаткавана
25 тысяч рублёў на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумен-
тацыі па аб’екце «Капітальны рамонт канструкцый будынка жылога дома № 8 па вуліцы Южакова». У сувязі з чым заключаны дагавор з Ляхавіцкай архітэктурай на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. Ужо выбрана арганізацыя, якая і зоймецца абследаваннем балконаў.
Цяпер пра падвальныя памяшканні і прарваную каналізацыю. На месцы работнікі камунгаса вызначаць праблему і, думаю, хутка – да канца тыдня яе вырашаць, паправім цеплаізаляцыю. Будзе адноўлена і падача святла на лесвічнай пляцоўцы. Што тычыцца ямы ў двары, абавязкова засыплем. Увогуле, усе пытанні вырашальныя, прашу толькі крышку пацярпець.
– Андрэй Антонавіч, звяртаюся ад імя жыльцоў шматкватэрных дамоў па вуліцы Кальцавой у Ляхавічах. Калі, нарэшце, з нашых кранаў пацячэ па-сапраўднаму гарачая вада?
Аляксандр, г. Ляхавічы.
– Аляксандр, такая праблема ёсць, і ў камунгасе пра яе ведаюць. Згодна з нарматывамі, тэмпература гарачай вады, якая паступае ў кватэры грамадзян, павінна быць не менш за 50 гра-
дусаў, на даны момант яна складае 45–48 градусаў. Недахоп градусаў звязаны з вырашэннем розных абставін, звязаных з пачаткам чарговага ацяпляльнага сезона. Абяцаю, што ў бліжэйшы час гэта пытанне вырашыцца. Дзякуй за разуменне.
– Мяне цікавіць, калі паставяць каля праваслаўных могілак у Ляхавічах яшчэ кантэйнеры для збору смецця. А то вельмі нязручна насіць з аднаго канца ў супрацьлеглы.
Вольга Сяргееўна, г. Ляхавічы.
– Такое пытанне неаднаразова ўздымалася. Напэўна, вы ведаеце сітуацыю, калі ў кантэйнеры, што стаялі каля гарадскіх праваслаўных могілак з боку вуліцы Леніна, выкідвалі смецце не толькі пасля прыбірання могілак, але і жыльцы бліжэйшых шматкватэрнікаў. Прычым, мяхі са смеццем раскідвалі вакол, карціна на ўездзе ў горад атрымлівалася малапрыемная, не гаворачы пра санітарны стан. Таму і было прынята рашэнне перанесці кантэйнерную пляцоўку. Цяпер
прапрацоўваецца магчымасць устанавіць кантэйнеры на тэрыторыі могілак.
– Мяне цікавіць, чаму работнікі жылкамунгаса не прыбіраюць лесвічныя пляцоўкі ў пад’ездах дамоў, напрыклад, у доме № 5а
па завулку Южакова ў райцэнтры? І яшчэ. Калі ўстановіце кантэйнеры для збору смецця каля нашага дома, бо машына прыязджае ўсяго чатыры разы на тыдзень?
Надзея Прыгодзіч, г. Ляхавічы.
– Зона адказнасці камунгаса ў шматкватэрных дамах – падвальныя памяшканні, а вось лесвічныя пляцоўкі такімі аб’ектамі не з’яўляюцца, і прыбіранне не ўваходзіць у абаненцкую плату. Таму на лесвічных пляцоўках павінны прыбіраць самі жыльцы. Звычайна ўстанаўліваецца дзяжурства на кожным паверху.
Ёсць і іншыя варыянты, выбіраць вам.
Цяпер пра стацыянарныя кантэйнеры ў двары шматкватэрнікаў. У прыватнасці, у дварах дамоў у мікрараёне вуліц Южакова і Будаўнікоў стаялі кантэйнеры для паасобнага збору камунальных адходаў. Чаго толькі туды людзі не скідвалі: і рэшткі мэблі, бытавое смецце. Тэрыторыю каля дома № 5а «аблюбавалі» жыхары дома № 4 па вуліцы Будаўнікоў і падкідвалі сюды старыя канапы, сталы, утваралі сметнікі. Некаторых такіх гора-гаспадароў злавілі, як гаворыцца, на месцы парушэння. На першы раз абмежаваліся папярэджаннем. Наступны раз будзе штраф.
Лічу, што распрацаваны графік – чатыры разы на тыдзень – аптымальны варыянт для жыльцоў, каб выкінуць смецце з кватэр.
– Збіраемся купіць прыватны дом на вуліцы Заходняй у Ляхавічах. Але, як аказалася, на гэтай вуліцы няма агульнай каналізацыі. Але суседзі гаварылі, што створаны нейкія кааператывы, якія займаюцца будаўніцтвам каналізацыйных сетак. Патлумачце сітуацыю.
Ірына, Ляхавіцкі раён.
– Зразумеў, пра што вы ведзяце размову. Гэта не кааператывы, а калектывы індывідуальных забудоўшчыкаў. Згодна з Указам ад 22.12.2018 года № 488 «Аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі)», устаноўлены алгарытм будаўніцтва такога кшталту размеркавальных сетак у кварталах індывідуальнай жылой забудовы. Такіх КІЗаў у райцэнтры зараз тры: створаны з жыхароў вуліц Дружнай, Радужнай і Спартыўнай; Сонечнай і Заходняй; Камсамольскай і Спакойнай. Праект будаўніцтва каналізацыйных сістэм грамадзяне аплачваюць за ўласныя сродкі, а вось непасрэдна будаўніцтва фінансуецца долевым чынам: частку ад агульнага кошту аплачвае бюджэт, частку – члены калектыву індывідуальных забудоўшчыкаў.
– Добры дзень. Раскажыце, калі ласка, што такога адметнага робяць камунальнікі на вуліцы Пташука ў Ляхавічах?
Сяргей Коктыш, г. Ляхавічы.
– Дзякуй за пытанне. На вуліцы імя нашага земляка, славутага беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука завяршаецца шэраг работ. За кошт сродкаў раённага і абласнога бюджэту работнікі Ляхавіцкай ЖКГ уладкоўваюць пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, устаноўлены электрычныя слупы са светладыёднымі свяцільнямі. Таксама на апорах ліній электраперадачы размесцяцца банеры з каляровымі ілюстрацыямі кадраў з фільмаў сусветна вядомага рэжысёра. Дарэчы, гэта ініцыятыва старшыні райвыканкама. Атрымаецца прыгожа, і задумка ўдала ўпішацца ў агульную гарадскую панараму.
На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.