Калектыўны парадак. Штогод на Ляхавіччыне аб’яўляецца вялікае генеральнае прыбіранне

Месячнікі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, забеспячэнні належнага санітарнага стану – цудоўная магчымасць калектыўна зрабіць наш край яшчэ больш утульным і прывабным.

Штогод на Ляхавіччыне аб’яўляецца вялікае генеральнае прыбіранне, калі павышанай увагай раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый, сельсаветаў ахоплены кожны ўчастак падведамаснай тэрыторыі, вуліцы, паркі і г. д. Калектывы да справы падыходзяць па-гаспадарску: зграбаюць восеньскае лісце, прыбіраюць смецце. У праграме месячніка, што пачаўся ў раёне 11 кастрычніка, значылася і пасадка дрэў.


– Добраўпарадкаванне і азеляненне горада і раёна – традыцыя, якая дазваляе агульнымі намаганнямі зрабіць Ляхавіччыну яшчэ больш дагледжанай і прыгожай. Прыемна, калі чуем ад гасцей горада станоўчыя водзывы пра наш райцэнтр. Да ўдзелу ў месячніку чысціні, канешне, падключаюцца і школьнікі, і навучэнцы. Для іх гэта своеасаблівыя ўрокі гаспадарання і ўменне цаніць працу іншых і сваю, – падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Маслоўская.
У мінулы чацвер супрацоўнікі гэтага аддзела і іншых падраздзяленняў райвыканкама шчыравалі на тэрыторыі ўздоўж вуліцы Леніна на выездзе з Ляхавічаў.


У пятніцу работа кіпела на стадыёне «Колас» – тут дыван з восеньскага лісця прыбіраў калектыў аграрнага каледжа. Папрацавалі дружна і плённа – з тэрыторыі горада, замацаванай за каледжам, вывезлі не менш за два дзясяткі прычэпаў лісця. Плануюць каляджане яшчэ правесці працоўны дэсант на тэрыторыі сядзібы ў Грушаўцы і Начы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.