Сінонім выратавання. Пра неабходнасць вакцынацыі разважаюць урачы Ляхавіцкай ЦРБ
З кожным днём усё больш людзей усведамляюць: вакцынацыя – адзіны надзейны, эфектыўны даказаны спосаб супрацьстаяць COVID-19. Прычым сярод тых, хто выбірае прышчэпку, людзі розных узростаў і прафесій, тыя, хто ўжо хварэў каранавірусам, і тыя, каму пашчасціла не сустрэцца з інфекцыяй. Па стане на 29 кастрычніка першую дозу вакцыны атрымалі 7670 жыхароў раёна, поўны курс прайшлі 5644 чалавекі. Пра неабходнасць вакцынацыі разважаюць урачы Ляхавіцкай ЦРБ.
Паліна КУЦКО, урач агульнай практыкі:
– Прывяду толькі адзін аргумент: калі бне было масавай вакцынацыі, дасёння чалавецтва ўсё яшчэ змагалася б, напрыклад, з той жа чумой.
Адназначна аддаю свой голас за вакцынацыю супраць каранавіруса. На жаль, давялося бачыць выпадкі, калі ніякія лякарствы, прафесіяналізм не дапамагалі вырваць чалавека з абдымкаў каранавіруса. А колькі людзей з пацверджаным
дыягназам COVID-19 і праз месяцы пасля выздараўлення адчуваюць так званы пасткавідны сіндром.
Вось чаму раю зрабіць прышчэпку, якая, калі і не зберажэ ад інфіцыравання вірусам, то дапаможа перанесці хваробу лягчэй.
Лепшы спосаб папулярызацыі прышчэпкі – уласны прыклад. Я перахварэла каранавірусам у лістападзе 2020 года, вакцынавалася расійскім «Спутнікам V» сёлета ў маі. Дарэчы, усе мае калегі, родныя, нават 80-гадовая бабуля зрабілі прышчэпкі супраць кавіда. Зразумела, калі б была якая-небудзь небяспека, пажылому чалавеку ніколі б не параіла выкцынавацца…
Анатолій ПАНЬКО, загадчык паліклінікі:
– Вакцынацыя! Іншага не дадзена. Гэта пакуль адзінае, што можа паставіць заслону распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі. Але ёсць адна важкая ўмова – неабходна, каб поўны курс вакцынацыі прайшлі хаця б 60 працэнтаў насельніцтва краіны.
І хоць не так хутка, як магло б быць, мы набліжаемся да такой лічбы.
Давялося размаўляць не з адным праціўнікам вакцынацыі. Ніхто з іх не прывёў хоць аднаго абгрунтаванага аргумента, каб не прышчапляцца супраць COVID-19.
Зараз, напэўна, няма ніводнага чалавека, якога так ці інакш не закранула кавід-тэма. Многія разумеюць: вакцынацыя выратуе ад цяжкага цячэння хваробы, а то і ад смерці не толькі яго, але і тых, хто побач, – родных, калег. Няўжо гэтага мала для таго, каб зрабіць пры-
шчэпку? Канешне, ні ў якім разе нельга расслабляцца тым, хто вакцынаваўся: трэба па-ранейшаму захоўваць меры бяспекі, насіць маскі, апрацоўваць рукі, праветрываць памяшканне, не забываць пра вітаміны і прагулкі на свежым паветры. Тым больш, што штам «дэльта», які дамінуе цяпер, надзвычай заразны.
Асабіста я прышчапіўся адным з першых у ЦРБ, як толькі з’явілася такая магчымасць. Скарыстаўся расійскай вакцынай «Спутнік V». А напрыканцы верасня прайшоў рэвакцынацыю. Дарэчы, яе зрабілі ўжо 36 жыхароў нашага раёна, палова з іх – медыцынскія работнікі, якія працуюць з каранавіруснымі пацыентамі.
Увогуле, ідэальны варыянт для рэвакцынацыі – расійскі прэпарат «Спутнік Лайт». Рэвакцынацыю неабходна рабіць праз шэсць месяцаў і больш пасля завяршэння першага поўнага прышчэпачнага курсу.
Звярну ўвагу на наступнае. Калі яшчэ нядаўна супрацьпаказаннем для вакцынацыі лічылася цяжарнасць, то цяпер, наадварот, гэтай катэгорыі жанчын прышчэпка рэкамендуецца, і пажадана яе зрабіць. Растлумачу чаму. Цяжарнасць зніжае імунітэт будучай маці, таму, калі яна заражаецца каранавірусам, узнікае даволі высокая верагоднасць, што хвароба будзе працякаць складана. А гэта рызыка не толькі для самой жанчыны, але і для яе дзіцяці. На даны момант цяжарным паказана прышчап-ляцца вакцынай кітайскай вытворчасці.
Уладзіслаў ЦАЛЕВІЧ, урач-анколаг:
– Агульнавядома, што пацыенты, якія адносяцца да групы рызыкі, павінны вакцынавацца ў першую чаргу. Бо рызыка заражэння ў іх даволі высокая, як і рызыка сур’ёзных ускладненняў пасля хваробы па прычыне пастаянна зніжанага імунітэту. Датычыць гэта і хворых з анкалогіяй. У іх рызыка цяжкага цячэння каранавіруснай інфекцыі і трагічнага зыходу прыкладна ў два разы вышэйшая, чым у здаровых людзей.
Разам з тым да вакцынацыі хворых з анкалогіяй трэба падыходзіць заўжды персанальна. Калі чалавек прайшоў лячэнне супраць раку некалькі гадоў назад і зараз знаходзіцца ў рэмісіі, не праходзіць хіміятэрапію, прамянёвую тэрапію – усё тое, што зніжае імунітэт, то яму можна парэкамендаваць пайсці ў паліклініку і зрабіць прышчэпку. Што датычыць пабочных эфектаў пасля вакцынацыі, то рэакцыя ў анкалагічна хворых нічым не адрозніваецца ад іншых: магчыма павышаная тэмпература цела, боль у месцы ін’екцыі, галаўны боль і іншае. Але ўсё гэта нішто ў параўнанні з небяспечнымі каранавіруснымі наступствамі для арганізма.
Нагадаю, што па-ранейшаму ўся неабходная планавая дапамога, у тым ліку і хворым з анкалогіяй, аказваецца ў поўным аб’ёме.
Запісала Галіна КАНЬКО.