У каго аўтобус лепшы? У Ляхавічах адбыўся раённы агляд-конкурс школьных аўтобусаў
Школьныя аўтобусы выдзяляюцца на дарогах раёна жоўтым колерам. Ён нібы сігналізуе: “Увага: дзеці!”. Раніцай такія аўтобусы дастаўляюць больш за шэсць сотняў рабят у школы і дзіцячыя сады, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. За дзень вадзіцелі, якія працуюць ад школ раёна і цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, “накручваюць” у сярэднім па 150-180 кіламетраў. Самы дальні маршрут, па якім вязуць дзяцей на заняткі ці ў дашкольныя ўстановы, – Ляхавічы – Куршынавічы, а праз нейкі час транспарт з пасажырамі накіроўваецца назад.
Відавочна, што пры разгалінаванай дарожнай карце і інтэнсіўнасці руху школьныя аўтобусы павінны быць не толькі тэхнічна спраўнымі, але і бяспечнымі. З мэтай праверкі іх стану 4 лістапада ў Ляхавічах адбыўся раённы агляд-конкурс на базе ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Вадзіцелі свае ярка-жоўтыя машыны прыпаркавалі ў трох асобных групах: да пяці гадоў эксплуатацыі, ад пяці да 10 гадоў і звыш 10 гадоў.
Камісія ацэньвала аўтобусы па некалькіх крытэрыях: камплектацыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі правілаў перавозкі груп дзяцей аўтобусамі , а таксама наяўнасць тэхнічнай дакументацыі. Улічваліся і стан лакафарбавага пакрыцця і чахлоў сядзенняў, а таксама падлакотнікаў, чысціня ў салоне. Сярод важных патрабаванняў да “знешнасці” і наяўнасць антысептыкаў, дэзынфіцыруючых сродкаў для апрацоўкі рук, маскі ў вадзіцеля. Важны аргумент – адсутнасць парушэнняў ад органаў нагляду за 2021 год. У мінус ставілі наяўнасць у салоне старонніх прадметаў.
Экзамен вытрымалі ўсе 19 адзінак тэхнікі, строгіх парушэнняў не выяўлена. Сярод указанняў камісіі, напрыклад, значылася замацаваць вогнетушыцель, убраць з паліцы лішнія рэчы, бо яны прадназначаны для ранцаў дзяцей і г. д.
У катэгорыі “тэрмін эксплуатацыі звыш 10 гадоў” лепшым стаў аўтобус вадзіцеля СШ №2 Фадзея Шпака. Машыны двух вадзіцеляў вызначаны ў “намінацыі” ад пяці да 10 гадоў. Пераможцамі названы аўтобусы Васілія Казекі з цэнтра дзейнасці бюджэтных арганізацый і Віктара Пастарнакевіча з Ліпскай СШ.
У катэгорыі да пяці гадоў на першым месцы транспарт ЦКРНіР, якім кіруе Вячаслаў Бецька. Сярод лепшай чацвёркі няма пачынаючых вадзіцеляў. Усе вопытныя спецыялісты і маюць стаж за рулём больш за тры дзесяцігоддзі. Умеюць не толькі якасна ўхіліць паломку, але і стварыць у салоне ўтульнасць. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк уручыў пераможцам узнагароды і сувеніры.
Дырэктар цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Вольга Савасцюк шчыра падзякавала ўсім вадзіцелям за іх прафесіяналізм, адзначыла, што быць вадзіцелем, на першы погляд, нескладана. Але перавозка пасажыраў-дзяцей накладвае вялікую адказнасць і патрабуе высокай дысцыпліны і нераўнадушнага стаўлення да справы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.