На добрыя справы
Прынцыповая пазіцыя кожнага супрацоўніка праваахоўных органаў у пытанні абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі сёння з’яўляецца адным з важных момантаў у падтрыманні грамадскай бяспекі і ахове грамадскага парадку.
Дзейсным спосабам аднаўлення парушаных правоў становіцца прад’яўленне грамадзянскага іску аб абароне гонару і годнасці, матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Шэсць такіх спраў у абарону годнасці ляхавіцкіх міліцыянераў было разгледжана апошнім часам у судах. Спагнаныя сродкі супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў вырашылі накіраваць на дапамогу падапечным цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, шэфамі і сябрамі якога з’яўляюцца ўжо шмат гадоў. Па інфармацыі дырэктара ЦКРНіР Наталлі Маслоўскай, пералічаныя днямі на рахунак установы 480 рублёў пойдуць на добраўпарадкаванне дарожкі, якая вядзе да цэнтра. Тут займаюцца дзеці з інваліднасцю, якія перамяшчаюцца ў калясцы. Для бяспекі руху пад’язны шлях павінен быць роўным, а падарунак ад міліцыянераў дапаможа ў гэтым.
Набылі супрацоўнікі РАУС і рольшторы ў кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага – каб дзеткам з асаблівасцямі развіцця было зручна на занятках. Яшчэ 200 рублёў будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
– Шчыра ўдзячны калектыву РАУС за ўвагу і клопат пра нашых рабят. Наша міліцыя не толькі абараняе інтарэсы і бяспеку грамадзян, але і пастаянна ўдзельнічае ў дабрачынных справах, – падкрэслівае Наталля Маслоўская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.